Год поспехаў калектыва Жыткавіцкага ДБУ-21

12Мінулы год быў у цэлым даволі паспяховым для калектыва  Жыткавіцкага ДБУ-21. Выкананы ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Агульная выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг уласнымі сіламі склала да плана 110 працэнтаў, а гэта значыць, што ён быў перавыкананы на 4 мільярды 990 мільёнаў рублёў. Прадукцыйнасць працы, рэнтабельнасць, прыбытак ад рэалізацыі склалі адпаведна да планавых паказчыкаў 130, 119 і 130 працэнтаў. За 2014 год сярэднямесячная зарплата склала 5 мільёнаў 501 тысячу рублёў. У калектыве дарожнікаў працуе 106 чалавек.

Варта адзначыць, што ўсё гэта дасягнута за кошт павышэння эфектыўнасці вытворчасці, не ва ўрон якасці работ. У гэтым плане на адрас работнікаў дарожна-будаўнічага ўпраўлення фактычна няма нараканняў ні з боку заказчыка, ні тых, хто карыстаецца дарогамі, якія будуюць і рамантуюць, прыводзяць у парадак работнікі гэтай арганізацыі. Між іншым, калі ёсць важкія аб’ёмы вытворчасці, то ў вясенне-летні перыяд запрашаюцца на работу дадатковыя сезонныя рабочыя.
Што і казаць, жыткавіцкім дарожнікам давяраюць самыя складаныя і адказныя ўчасткі работы на галоўных магістралях нашай рэспублікі. На сённяшні дзень вытворчая база ўпраўлення – адна з самых развітых у сваёй галіне. Высокі ўзровень тэхнічнай аснашчанасці, сучасныя тэхналогіі, годны прафесіяналізм работнікаў – усё гэта вывела калектыў ДБУ-21 у шэраг лепшых сярод шасці аналагічных падраздзяленняў адкрытага акцыянернага таварыства “Дарожна-будаўнічы трэст №2 горада Гомеля”.
Далёка не кожная арганізацыя здольная выканаць такія вялікія аб’ёмы работ на самых важных участках дарожных магістраляў, здаць аб’ект у прызначаны тэрмін і з высокай якасцю. На рахунку майстроў сваёй справы дзесяткі і сотні кіламетраў пабудаваных і рэканструяваных участкаў дарог на ўсіх вядучых аўтамагістралях. А шчыраваць даводзіцца ў самых складаных умовах, у спякоту і холад, летам і зімою. І тут працуюць не дзеля ўзнагарод, а па прызванню і сумленню. Пасля здачы аб’екта цяжка перадаць тую радасць поспеху, калі па гэтай дарозе распачынаецца рух аўтатранспарту.
У мінулым годзе работнікі ДБУ-21 завіхаліся на такіх дарогах як М-10, М-5, Р-88. Зараз вядуць першую чаргу рэканструкцыі ўчастка дарогі М-5 Мінск-Гомель. Незалежна ад таго, выступаюць яны генпадрадчыкам ці бываюць на субпадрадзе, да справы заўсёды адносяцца адказна.
Штогод дарожна-будаўнічая арганізацыя стараецца інвеставаць у асноўны капітал грашовыя сродкі. Па меры магчымасці закупляюць новую тэхніку, абсталяванне і матэрыялы, вядуць работы па развіцці вытворчай базы. У мінулым годзе, напрыклад, за 900 мільёнаў рублёў набылі аўтамабіль МАЗ і паўпрычэп. Да таго ж правялі рамонт у інтэрнаце, даўкамплектавалі пакой для прыёму ежы тэлевізарам і халадзільнікам. З красавіка пачне працаваць асфальтабетонная ўстаноўка магутнасцю 60 тон асфальта ў гадзіну. Тэхнічнае перааснашчэнне, мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне перадавых тэхналогій, што патрабуе немалых сродкаў, дазваляюць прадпрыемству крочыць у нагу з часам, паспяхова вырашаць асноўныя задачы, павялічваць аб’ёмы работ, павышаць якасць.
Работа дарожнікаў не з лёгкіх, у гэтую прафесію ідуць людзі па прызванню, тыя, хто не баіцца цяжкасцяў. Бо часта даводзіцца працаваць вахтавым метадам, у паходных умовах, у любое надвор’е. традыцыі, вопыт, майстэрства, працалюбства і ўзаемавыручка – усё гэта цэментуе калектыў мацней асфальтабетону, што кладзецца ў аснову будаўніцтва дарог. А сярод лепшых у ДБУ-21 нам назвалі прозвішчы варшчыка бітума Руслана Галавача, машыніста экскаватара Дзяніса Парубая, слесара па рамонту абсталявання Васіля Панамарэнкі, машыніста змяшальніка Івана Ярошыка, кіроўцаў Міхаіла Севярына, Барыса Рэзановіча, слесара па рамонту паліўнай апаратуры Васіля Мінчука, машыніста бульдозера Івана Хаміцэвіча, машыніста асфальтаўкладчыка Аляксандра Краўчука, машыніста катка Уладзіміра Бакуновіча, асфальтабетоншчыка Віктара Лоя і другіх.
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.