Новыя імёны разам

Изображение 026Больш за дзесяць маладых таленавітых работнікаў, членаў прафсаюзных пярвічак з розных прадпрыемстваў і арганізацый Жыткаўшчыны, прынялі ўдзел у раённым этапе Рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Арганізавалі і правялі мерапрыемства раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Права прадэманстраваць свае творчыя здольнасці маладыя спевакі атрымалі на галоўнай сцэне гарадскога цэнтра культуры, што падкрэслівае важнасць і значымасць гэтага конкурсу. Радуе і тое, што вакалісты на раённым этапе дэманстравалі сваё выканальніцкае майстэрства ў розных песенных жанрах. Ды і іх прадстаўніцтва было даволі шырокім: на сцэну выходзілі не толькі людзі, якія непасрэдна працуюць у галіне культуры, але і ў сістэме адукацыі, газавай гаспадаркі, на чыгунцы, у сельскай гаспадарцы, бібліятэцы. Гледачы і члены журы вельмі прыхільна ставіліся да кожнага канцэртнага нумара. Асабліва парадавалі ўсіх выступленні Паўла Берніковіча, члена прафсаюзнай пярвічкі, дырэктара Тураўскай дзіцячай школы мастацтваў, Юліі Макарэвіч, члена прафсаюзнай пярвічкі яслі-садзіка №2 райцэнтра, а таксама Сяргея Місевіча, члена прафсаюзнай пярвічкі станцыі Жыткавічы Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. Яны і сталі пераможцамі творчага змагання, за што старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімірам Гулютай былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Спецыяльнымі сертыфікатамі ўдзельнікаў конкурсу адзначаны і нумары іншых выканаўцаў.
Цяпер пераможцаў раённага этапа конкурсу чакае новае творчае саперніцтва ўжо на абласным узроўні. І, каб там выступіць гэтак жа паспяхова, яны павінны нямала папрацаваць, каб яшчэ больш удасканаліць сваё выканальніцкае майстэрства. А атрыманая перамога ў раёне толькі будзе акрыляць жыткаўчан на новыя здзяйсненні.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.