У Жыткавіцкім раёне сяўба ўзяла старт

387Працаўнікі вёскі прыступілі да правядзення палявых работ. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” першым свой трактар у счэпе з пасяўным агрэгатам вывеў на палеткі механізатар Іван Бакуновіч. Перад ім кіраўніцтва гаспадаркі паставіла задачу: у самыя сціслыя тэрміны пасеяць авёс. І вопытны сейбіт, Іван Аляксандравіч працуе механізатарам з 1974 года, з даручаным заданнем спраўляецца паспяхова.

Шырокі палетак, на якім людзяневіцкія земляробы сеялі авёс, не адзін год пуставаў. Толькі мінулай восенню яго ўзаралі і падрыхтавалі глебу пад сяўбу. Было добра бачна, што Івану Бакуновічу нялёгка даводзіцца: на полі паўсюдна віднеліся каменні, вывернутыя плугам і глебаапрацоўчымі агрэгатамі. Таму, каб не псаваць новую сучасную тэхніку на сяўбе, выкарыстоўваюць старэнькую зерневую сеялку, якую спецыяльна ўзнавілі зімой для такіх камяністых участкаў. Агрэгат хаця і малапрадукцыйны, але ва ўмелых руках вопытнага і стараннага земляроба працуе бездакорна. Аб чым сведчыць і дзённая выпрацоўка Бакуновіча, засявае ён да двух дзясяткаў гектараў.
— Канечне, пачынаць сяўбу першым заўсёды з’яўляецца вялікім гонарам, — зазначае Іван Бакуновіч. — Тады і працуецца з цудоўным настроем, асабліва, калі бачыш, што кіраўніцтва імкнецца вырашыць твае асабістыя пытанні: забяспечвае ўсім неабходным для работы, гарачым харчаваннем, а самае галоўнае, што своечасова даводзіць пра тыя матэрыяльныя стымулы, якія чакаюць кожнага работніка за плённую і якасную працу на палетках.
Гэтак жа нацэлены на працу на веснавым полі і іншыя механізатары і спецыялісты агранамічнай службы. Трэцяя пасяўная ў гэтым годзе ў агранома Кацярыны Папельскай. Клопатаў у яе больш чым дастаткова. Яна не толькі арганізуе працу сваіх падначаленых, але яшчэ і кантралюе строга і прынцыпова, каб усе тэхналагічныя аперацыі выконваліся толькі з высокай якасцю. У гэтыя дні малады спецыяліст кіруе дзейнасцю па падкормцы азімых вадкімі мінеральнымі азотнымі ўгнаеннямі. Пад яе началам моцны механізаваны атрад, які аснашчаны сучаснай высокаэфектыўнай тэхнікай. У першую чаргу гэта два агрэгаты “РАСА”, на якіх механізатары Раман Салавей і Аляксандр Стахіевіч і ўносяць ўгнаенні. Дзейсную дапамогу ім аказваюць Уладзімір Горбат, Віктар Купрацэвіч, Юрый гатчэня. Яны дастаўляюць агрэгаты на палетак, запраўляюць іх рабочай сумессю, ажыццяўляюць яе падвозку на вытворчы ўчастак.
— Марна траціць час сёння для нас з’яўляецца вялікай роскашшу, — зазначае дырэктар акцыянернага таварыства Анатоль Санюк. — У глебе вільгаці не так і шмат, таму трэба спяшацца, каб укласціся ў самыя лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Ды і аб’ёмы работ на веснавых палетках у нас немалыя. Толькі раннімі каласавымі патрабуецца засеяць тысячу гектараў, яшчэ пяцьсот — травамі, і на двух тысячах гектараў размесціцца кукуруза.
Таксама мясцовым земляробам неабходна падкарміць мінеральнымі тукамі азімыя зерневыя культуры на 2300 гектарах. Таму і кіпіць работа ў гаспадарцы на кожным участку пасяўнога канвеера. Рыхтуецца глеба, уносяцца мінеральныя ўгнаенні і арганіка. Апошняй плануецца ўнесці на палеткі 37 тысяч тон.
Цяперашняя арганізацыя палявых работ у ААТ “Людзяневічы” сведчыць, што зімой да іх падрыхтаваліся нядрэнна. Адрамантавалі ўсе 37 трактароў, восем з якіх энерганасычаныя, іншыя неабходныя машыны і агрэгаты. Няма прастояў і па прычыне адсутнасці гаруча-змазачных матэрыялаў. Яны набываюцца за крэдытныя рэсурсы. Прадугледзела кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і дадатковыя матэрыяльныя стымулы для ўдзельнікаў палявых работ, забяспечвае ўсіх двухразовым гарачым харчаваннем. Таму кожны механізатар, кожны спецыяліст выязджаючы на працу ў поле, адчувае важнасць веснавога дня. Што не кажы, а менавіта ён год корміць, бо сёння закладваецца падмурак будучага ўраджаю. І людзяневіцкія хлебаробы імкнуцца, каб ён быў моцным.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.