Галоўным эпіцэнтрам суботніка ў Жыткавічах 18 красавіка стаў гарадскі парк імя Гамолкі

107Суботнікі, згадзіцеся, вельмі дакладна правяраюць кожны працоўны калектыў на свядомасць і працавітасць, а кожнага работніка на яго грамадзянскую сталасць і сапраўдныя адносіны да таго населенага пункта, вуліцы, дома, дзе ён жыве. На грамадзянскасць і патрыятызм, калі хочаце. Бо ў гэты дзень многія з нас пазбаўляюцца свайго ўтрыманскага светапогляду і разумеюць, напрыклад, што горад, дзе мы жывём, — наш агульны дом, і наводзіць парадак у ім трэба разам.

А мінулы суботні дзень, на працягу якога прахалода чаргавалася з сонейкам, парадаваў жыткаўчан сваёй “залатой сярэдзінай” і надзейна засцярог іх у час работы ад дажджу. І гэта пайшло толькі на карысць “святу ў рабочай спяцоўцы”, якое прайшло як у Жыткавічах, так і ў другіх населеных пунктах нашага раёна ў рамках агульнарэспубліканскага.

Галоўным эпіцэнтрам суботніка ў Жыткавічах 18 красавіка стаў гарадскі парк імя Гамолкі, які, скажам шчыра, ужо даўно і добра-такі намазоліў вочы як жыткаўчанам, так і частым гасцям падчас розных святаў сваёй запушчанасцю і безгаспадарчасцю. Сорамна было з родзічам альбо далёкім госцем прыйсці сюды на святочныя мерапрыемствы, хоць ты вочы ў сабакі пазыч: дарожкі для пешаходаў шчарбатыя, выбітыя, можна спатыкнуцца і ўпасці, лавачак, каб прысесці, няма, многія старыя дрэвы ўжо даўно ў аварыйным стане, агаро-джа месцамі можа паваліцца. Не галоўны парк горада, а сапраўднае бяльмо на твары нашага райцэнтра!

І вось час прабіў: напярэдадні суботніка ў парк выехала магутная тэхніка, якая выкарчавала старыя дрэвы і пні, а рабочыя пазбавілі яго тэрыторыю ад рэшткаў разбітага асфальтаванага палатна ды бардзюраў. Затым тут на некалькі дзён запанавала зацішша, што дало падставу нашым нераўнадушным гараджанам захвалявацца: чаму ў парку не вядуцца работы, ці паспеем мы з такімі тэмпамі адрадзіць яго да свята Перамогі?

І вось суботнік расставіў усё па сваіх месцах: з раніцы парк абудзіўся шматлікімі галасамі людзей і гулам магутнай тэхнікі, ва ўсіх яго кутках закіпела работа. Добраўпарадкаваннем займаліся работнікі райвыканкама, Жыткавіцкіх  сярэдніх школ №1 і №2, тратуарную плітку ўкладвалі рабочыя КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, грунт падвозіла тэхніка такіх арганізацый як ДЭУ-48, ПМС, адкрытых акцыянерных таварыстваў “Жыткавічы-хімсервіс”, “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, МВУ “Жыткавічы-міжрайгаз” і інш. Увішна мільгалі ў руках людзей рыдлёўкі і граблі, настрой быў прыўзняты, чуліся смех і жарты.

108Старшыню Жыткавіцкага райвыканкама Аляксандра Мікалуцкага мы заспелі якраз за пасадкай новых, маладых дрэўцаў, якія таксама акуратна, па-гаспадарску ўтрамбоўвалі яго намеснікі Валерый Рагалевіч і Сяргей Савіч. Дарэчы, такіх саджанцаў, прадастаўленых Жыткавіцкім лясгасам, планавалася ў дзень суботніка пасадзіць не меней 150. Аляксандр Віктаравіч, яшчэ раз задаволена акінуўшы позіркам вялікую плошчы парка, у якім шчыравалі людзі і тэхніка, патлумачыў, што гэты аб’ект будзе пад самым пільным кантролем раённага кіраўніцтва як у дзень суботніка, так і пасля яго. Да 7 мая кожны кіраўнік працоўнага калектыву будзе трымаць справаздачу, як паспяхова  ён справіўся з тымі задачамі, якія стаялі перад ім у плане добраўпарадкавання парка. Бо 9 мая на галоўную пляцоўку райцэнтра прыйдуць шматлікія калектывы, госці нашага горада, каб адзначыць 70-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. І да тых кіраўнікоў, хто аднясецца да гэтага без патрэбнай адказнасці, меры будуць прыняты самыя крутыя і жорсткія. Гэтае пытанне, як падкрэсліў Аляксандр Мікалуцкі, не абмяркоўваецца.

106Дружная работа шматлікіх працоўных калектываў у парку падчас суботніка, не сакрэт, дазволіла нашаму раённаму бюджэту сэканоміць пэўную суму грошай. Платнымі тут былі і будуць такія віды работ, як укладка тратуарнай пліткі, прывядзенне ў рабочы стан фантана ды ўстаноўка новай агароджы. “Калі не хопіць сваіх сродкаў з раённага бюджэта, то звернемся за дапамогай у вобласць, — сказаў старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі, — але парк будзе прыведзены ў парадак”.

— Вы ведаеце, я жыву тут побач, у мікрараёне Зубраня, — сказала пенсіянерка Ганна Жукоўская, — і заўсёды сорамна было за наш парк, людзі пыталіся: куды глядзяць мясцовыя ўлады? Мы часта ноччу, сустракаючы і праваджаючы на цягнік сваіх дзяцей і ўнукаў, ішлі праз парк і гэта было сапраўднай пакутай. Ліхтары не гараць, дарога ў калдобінах.  Вось нарэшце, як кажуць, прыйшло і на нашу вуліцу свята. Трэба толькі будзе ўсім тут падтрымліваць парадак і чысціню. Бо гэта ж робіцца для ўсіх і кожнага.

105Мэта суботніка — навядзенне парадку, чысціні, добраўпарадкаванне ў месцах агульнага карыстання і замацаваных за працоўнымі калектывамі тэрыторыях. І гэтыя работы з ранку практычна вяліся як у цэнтры Жыткавіч, у парку імя Гамолкі, так і на яго ўскрайніх вуліцах,  уздоўж іх. У авангардзе добрых спраў як таго і патрабуе іх галоўнае прызначэнне, ішлі работнікі КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Завіхаліся ў той жа дзень людзі на тэрыторыях адкрытых акцыянерных таварыстваў “Сатурн-1”, ДБУ-21, аднаўлялі разметкі вуліцы Сацыялістычнай работнікі ДЭУ-48.

А на тэрыторыях асобных прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў нашага райцэнтра ў гэты дзень панавала цішыня. Бо тут своечасова і якасна праводзяцца такія работы як уборка смецця, разбіўка клумб, устаноўка малых архітэктурных форм, высечка хмызняку, пабелка дрэў, афарбоўка альтанак і г.д. Дык навошта тады займацца паказухай?

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКАХ: у час суботніка.

Фота Валянціны Пакарчак, Аляксандра КІЦУРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.