Месцам правядзення чарговага раённага семінара па падвядзенні вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны былі абраны вытворчыя аб’екты аддзялення “Дзякавічы” АТ “Прыазёрскае-Агра” і КСУП“Бялёў” Жыткаўшчыны

4Менавіта тут удзельнікі мерапрыемства, кіраўніцтва раённай вертыкалі і гаспадарак, спецыялісты-аграрыі змаглі пераканацца, што пры належных падыходах, нават на звычайных старых фермах можна мець належную аддачу.

Яшчэ ў дарозе старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі і яго намеснік Мікалай П’яўко данеслі да прысутных нямала карыснай інфармацыі. У асноўным яна тычылася таго, як выглядае наш раён на фоне іншых у вобласці па вытворчасці малака і правядзенні палявых работ.  Да гонару сельгасвытворцаў рэгіёна іх пазіцыі сёлета значна ўзмацніліся па многіх паказчыках, адпаведна, што і ў своеасаблівым абласным рэйтынгу яны знаходзяцца ў лідзіруючай групе. Разам з тым, як зазначыў Аляксандр Віктаравіч, заспакойвацца рана і асабліва на веснавых палетках, дзе патрабуецца нарошчваць тэмпы сяўбы яравых культур. Тым больш што пагодныя ўмовы гэтаму спрыяюць.

— Не будзе вынікаў у раслінаводстве, не будзе іх і ў жывёлагадоўлі, — у заключэнні сваёй прамовы выказаўся старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі.

Акрэсленая кіраўніком раёна ўзаемасувязь паміж дзвюма галінамі сельгасвытворчасці, яскрава праявілася на першым з наведаных удзельнікамі семінара аб’екце, дзякавіцкай малочнатаварнай ферме. Тое, як гаспадары пастараліся да сустрэчы гасцей, прыемна здзівіла многіх, хто  бываў тут раней. Па-першае, праведзена вялікая рэканструкцыя памяшканняў, у якіх пануе парадак. Жывёла падаслана і накормлена.  Будаўніцтва даільнага блока і аснашчэнне яго сучаснай дойкай значна  паўплывалі і на тэхналогію вытворчасці малака. Яна намнога палепшылася, што станоўча адбілася і на паказчыках. Ды і адносіны працаўнікоў фермы памяняліся ў лепшы бок у дачыненні выканання сваіх абавязкаў. Мадэрнізацыя вытворчасці дала магчымасць пазбавіцца ад несумленных і недысцыплінаваных рабочых, павысілася прадукцыйнасць працы жывёлаводаў. Калі раней патрабавалася на даенні кароў задзейнічаць не меней дзесятка аператараў машыннага даення, то цяпер той жа аб’ём работы выконвае толькі тры чалавекі.

7— Паказчыкі па вытворчасці малака на дзякавіцкай ферме за апошні час значна выраслі, — знаёміла прысутных на семінары з работай калектыву спецыяліст акцыянернага таварыства Ганна Краеўская. — Напрыклад, малака з гэтай фермы за першы квартал перапрацоўшчыкам пастаўлена на сорак тон болей, чым за такі ж леташні перыяд. Прычым, больш за дзевяноста працэнтаў прадукцыі рэалізавана самым высокім гатункам “экстра”. 

Арганізацыя вытворчасці на дзякавіцкай МТФ паказвае, што і ў далейшым тут будуць імкнуцца падтрымліваць узятыя тэмпы росту. На цяперашні час  калектыў атрымлівае ад кароў за суткі амаль чатыры тоны малака. Паспяхова складваецца справа і з вытворчасцю мяса. Прывагі  цялят даходзяць да кілаграма. А ўсё таму, што карміць сталі жывёлу намнога лепей. У цялятніку, куды зайшлі ўдзельнікі семінара, усе ўбачылі, што ў кармушках маецца камбікорм, зерне. Ды і на кармавых сталах у кароўніках таксама ляжаць паўнацэнныя кармасумесі з кукурузнага сіласу і травянога сенажу. Гэта прамое сведчанне таго, што ў мінулым годзе раслінаводчая галіна акцыянернага таварыства добра папрацавала на  грамадскую жывёлагадоўлю.

Працяг размовы аб развіцці жывёлагадоўчай галіны адбыўся на малочнатаварнай ферме “Бялёў” аднайменнага камунальнага сельгаспрадпрыемства. Скажам, што гадоў восем назад гэты вытворчы аб’ект знаходзіўся ў вялікім заняпадзе. Многія памяшканні пуставалі, некаторыя нават планавалі разбурыць.  Але кіраўніцтва гаспадаркі пайшло іншым шляхам, актыўна ўзялося за рэканструкцыю фермы. І гэта прынесла свой плён. Цяпер малочнатаварную ферму “Бялёў” не пазнаць:  адбудаваныя памяшканні поўныя жывёлы, тэрыторыя добраўпарадкавана, маецца даільна-малочны блок, узведзены новы цялятнік. Адным словам, зроблена ўсё для паспяховай работы, што адлюстроўваецца ў высокіх надоях і прывагах. І гэта нават пры тым, што сельгаспрадпрыемства ў апошнія гады адчувае праблемы з травяністымі кармамі. Напрыклад, у мінулым годзе іх давялося  мясцовым працаўнікам назапашваць на ўгоддзях акцыянернага таварыства “Людзяневічы” і за сотню кіламетраў дастаўляць на свае фермы. Але нягледзячы на гэтую складанасць у мясцовых жывёлаводаў атрымліваецца добра працаваць. Дарэчы, варта зазначыць, што рэканструкцыя бялёўскай фермы праведзена гаспадарчым спосабам, які дазволіў намнога скараціць выдаткі на ўсе работы. Па выказванні кіраўніка сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Ачапоўскага,  рэканструкцыя на ферме абышлася прыкладна ў восем мільярдаў рублёў, і яна будзе працягнута, бо яшчэ маюцца ўчасткі, дзе трэба прыкласці рукі, каб і там палепшыць узровень вытворчасці, перавесці яе на сучасныя рэйкі. Відавочна, што ўкладзены грошы невялікія, але і выгада ад гэтага непараўнальна значная. Увядзенне ў эксплуатацыю новых кароўнікаў дазволіла гаспадарцы павялічыць пагалоўе амаль  у два разы.

5Не менш важныя аспекты сваёй дзейнасці аграрыі раёна абмеркавалі і падчас наведвання аднаго з палеткаў КСУПа “Бялёў”. Тут ішла сяўба кукурузы, якая з’яўляецца асновай кармавой базы для грамадскай жывёлагадоўлі. Таму, каб мець высокі ўраджай гэтай культуры для нарыхтоўкі сіласу і на зерне, трэба строга трымацца тэхналагічных патрабаванняў вырошчвання “каралевы палёў”. Менавіта з імі і азнаёмілі ўдзельнікаў семінара спецыялісты райсельгасхарчу. Таксама акцэнт быў зроблены на правільнасці рэгуліровак  кукурузнай сеялкі, іншых машын і агрэгатаў, якія патрэбны для тэхналагічнай работы з такой важнай культурай. Таму сяўбу яе патрэбна правесці ў самыя аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.  Гэта найперш было ўказана тым кіраўнікам гаспадарак, дзе адчувальны недахоп тэхнікі, таму работу кукурузных сеялак яны павінны арганізоўваць у дзве змены. Усё ж амаль чатырнаццаць тысяч гектараў, якія запланавана засеяць у раёне кукурузай, плошча даволі значная. Акрамя гэтага, увага прысутных на семінары скіравана была і на актывізацыю доглядных мерапрыемстваў за пасевамі, з якімі таксама не варта зацягваць, бо можна страціць немалую частку будучага ўраджаю.

Падвядзенне вынікаў семінара прайшло ў малой зале гарадскога цэнтра культуры. Падчас пленарнага пасяджэння выступілі спецыялісты райсельгасхарчу, якія падрабязна прааналізавалі вынікі работы грамадскай жывёлагадоўлі за першы квартал. Прычым не толькі зрабілі гэта ў разрэзе вытворчым, але і з эканамічнага боку. Як было зазначана, нягледзячы на многія станоўчыя моманты, яшчэ маецца і нямала праблем, якія перашкаджаюць жывёлаводам раёна мець намнога лепшыя вынікі. Сотні мільёнаў недаатрыманай выручкі толькі па прычыне таго, што шмат малака прадаецца нізкімі гатункамі, а жывёла малой вагой. Ды і з таварнасцю малака таксама неабходна падцягнуцца. Высокі сабекошт прадукцыі адназначна не спрыяе добрым эканамічным паказчыкам, у прыватнасці, высокай рэнтабельнасці прадаваемай прадукцыі. На кожным такім праблемным пытанні выступоўцы зрабілі найбольшы акцэнт, бо менавіта тыя задачы, што  пастаўлены перад аграрыямі раёна, не магчыма выканаць, не прыняўшы кардынальных і вычарпальных мераў па ліквідацыі  вузкіх месцаў не толькі на вытворчасці, але і ў эканоміцы. Так, гэтыя два паняцці  сёння цесна пераплецены і ўзаемазвязаны, таму дабівацца большай аддачы патрэбна і ў адным, і ў другім.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.