Навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычная спадчына Турава» прайшла нядаўна ў старажытным Турве Жыткавіцкага раёна

42Напэўна няшмат знойдзецца на Беларусі месцаў, роўных па свайму гістарычнаму і культурнаму значэнню старажытнаму Тураву, якому сёлета спаўняецца 1035 гадоў. Нароўні з Полацкам ён справядліва лічыцца калыскай нашай дзяржаўнасці. Гэтыя мясціны ў глыбіні Палесся выклікаюць вялікую цікавасць у самага шырокага кола спецыялістаў. Але разам з тым мінуўшчына горада захоўвае яшчэ шмат маладаследаваных старонак.

Зазірнуць на некаторыя з іх паспрабавалі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі “Гістарычная спадчына Турава”, што прайшла днямі ў горадзе. Форум сабраў прадстаўнікоў навуковай грамадскасці, супра-цоўнікаў музейных устаноў вобласці, педагогаў-краязнаўцаў, гаспадароў мясцовых аграсядзіб.

Варта адзначыць, што рабочы план мерапрыемства быў зацверджаны восенню мінулага года старшынёй Гомельскага аблвыканкама Уладзімірам Дворнікам. Яно стала одным з пунктаў комплекса мер па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны горада Турава.

Пасля ўрачыстай сустрэчы ўдзельнікаў канферэнцыі на ўездзе ў горад, дзе іх па традыцыі віталі хлебам-соллю намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч і мясцовыя артысты, госці накіраваліся ў Дом культуры. Тут прайшло плянарнае пасяджэнне, якое вёў старшыня Тураўскага гарадскога выканаўчага камітэта Сяргей Скарапацкі.

Пра перспектывы развіцця музейнай сеткі Турава і музеефікацыі культурна-гістарычнага комплекса “Замкавая гара” прысутным распавёў намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” Уладзімір Літвінаў. У прыватнасці, ён адзначыў наколькі шмат было зроблена ў апошнія гады па папулярызацыі культурнай спадчыны Турава, але, каб гэта месца стала яшчэ больш прыцягальным для турыстаў, варта прыкласці нямала намаганняў і дзеля гэтага існуе значны патэнцыял.

Дацэнт кафедры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дарэчы, наш зямляк з Пагоста, Леанід Кузьміч падзяліўся сваім бачаннем Тураўшчыны на культурнай прасторы. На яго думку, міжрэчча Прыпяці і Сцвігі да гэтай пары застаецца кладзезем надзвычай багатага этналінгвістычнага матэрыялу, які патрабуе вывучэння, каб не знікнуць у нябыт. З мэтай выхавання нацыянальнай свядомасці, навуковец выказаў прапановы, якія б садзейнічалі гэтай справе. Напрыклад, чаму б пры выездзе з Мінску ці абласных цэнтраў і на прымежнай тэрыторыі не ўсталяваць шыльды, указваючыя, што да старажытнага горада Турава столькі-та кіламетраў. Не зашкодзіла б і актыўней прысвойваць установам і вуліцам імены знакамітых асветнікаў зямлі Тураўскай.

Не цурацца свайго, шанаваць і ганарыцца культурай продкаў заклікаў прысутных загадчык філіяла дзяржаўнай установы культуры “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава” (г. Гомель) Пётр Цалка. А дэкан гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Мікалай Мязга расказаў пра падрыхтоўку спецыялістаў у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, турызма і музейнай справы на гістарычным факультэце.

Шмат уражанняў ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікала азнаямленне з аб’ектамі гісторыка-культурнага і рэлігійнага турызма ў горадзе Тураве. Многія з іх былі прыемна здзіўленыя станоўчымі пераменамі, што адбыліся ў абліччы старажытнай мясціны за апошнія гады. Людзі, добра дасведчаныя пра мінуўшчыну, адкрывалі для сябе Тураў наноў. Госці наведалі музейную экспазіцыю “Старажытны Тураў”, усклалі кветкі да падножжа помніка вялікаму сыну беларускага народа Кірылу Тураўскаму, пабывалі на Барыса-Глебскіх могілках, дзе знаходзіцца далёка вядомая нават за межамі краіны мясцовая славутасць – каменныя крыжы, што растуць з зямлі і валодаюць цудадзейнай сілай і магутнай энергетыкай. Не абышлі ўвагай і царкву Усіх Святых, узведзеную 205 гадоў таму і новабудоўлю – кафедральны сабор у гонар свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Экскурсію для калег правёў галоўны захавальнік фондаў дзяржаўнай установы культуры “Тураўскі краязнаўчы музей” Сяргей Мароз.

Размову па актуальных праблемах тураўскай гісторыі ў кантэксце агульнабеларускіх праблем удзельнікі форума працягнулі на тэматычных секцыях, што прайшлі ў будынку гарсавета, бібліятэцы, сярэдняй школе №1 і Доме культуры вечарам і раніцай наступнага дня. Усяго прагучала больш за тры дзясяткі справаздач, якія закранаюць самыя розныя сацыяльныя, культурныя і гістарычныя аспекты як тураўскай гісторыі, так і іншых тэрыторый Гомельшчыны. Музейныя супрацоўнікі, педагогі і навукоўцы, сярод якіх былі і прадстаўнікі нашага раёна (настаўніцы Хільчыцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ганна Лясько і Тураўскай СШ №1 Вераніка Зямлянік і Ларыса Гук, музейшчык Сяргей Мароз), дзяліліся сваімі напрацоўкамі аб мінуўшчыне Палесся і яго сучасным развіцці. Цікавая інфармацыя была сабраная пра нямецкую дыяспару турава-жыткавіцкага рэгіёна і мясцовых яўрэях, водным і сямейным турызме, традыцыях і абрадах, бытуючых у наваколлі, духоўна-культурную спадчыну К. Тураўскага і новыя звесткі, што тычацца Усясвяцкай царквы.

Усе гэтыя даследаванні і артэфакты, безумоўна, апроч навуковага інтарэсу будуць мець і, так бы мовіць, прыкладное значэнне — лягуць у аснову новых турыстычных маршрутаў. У сваю чаргу экскурсійная дзейнасць можа і павінна стаць адным з галоўных складнікаў развіцця малых гарадоў. Менавіта ў такіх багатых на мясцовыя славутасці мястэчках схаваны вялікі патэнцыял для развіцця як унутранага, так і знешняга турызму. Беражлівае захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Гомельшчыны будзе садзейнічаць выхаванню ў падрастаючага пакалення патрыятычных пачуццяў і павышэнню культурнага ўзроўню насельніцтва.

Падводзячы вынікі навукова-практычнай канферэнцыі, што прынесла значныя культурна-асветніцкія здабыткі, яе аргані-затары паздякавалі мясцовай уладзе за падтрымку важнай справы вывучэння гістарычных каштоўнасцяў і папулярызацыі гэтых ведаў. Усе матэрыялы прадстаунічага форума будуць выдадзены асобным зборнікам.

Святлана Шакалян.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.