Нядрэнна складваецца для жывёлаводаў КСУПа “Коленскае” Жыткаўшчыны бягучы год па вытворчасці малака

207Толькі за тры месяцы яны надаілі гэтай прадукцыі 1254,2 тоны, прыбавіўшы ў вытворчасці да такога ж леташняга перыяду больш за два працэнты. З разлікам на малочны прырост мясцовыя жывёлаводы ў гэтыя дні выгналі дойныя статкі на пасевы азімых.

Зразумела, што на летні перыяд жывёлаводы сельгаспрадпрыемства маюць вялікія планы. Таму і выпас жывёлы распачалі згодна з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі. У гэтым пераканаліся, калі наведаліся да аднаго  са статкаў кароў, які выпасалі Пётр Пяшэвіч і Уладзімір Галавач. Гэтыя жывёлаводы вызначаюцца стараннасцю і адказнымі адносінамі да даручанай справы. Дарэчы, яны ўсю зіму былі задзейнічаны на кармленні і доглядзе жывёлы. Стараліся, каб каровы былі своечасова накормлены. І зараз з пачаткам пашавага перыяду працаўнікі фермы кіруюцца ў сваёй дзейнасці гэтым прынцыпам. Выпасаюць яны дойны статак гаспадаркі разам трэці сезон і тым, як жывёла паводзіць сябе на палетку з азімымі, пастухі-даглядчыкі вельмі задаволены.

— Пакуль яшчэ каровы не прывыклі да зялёнага корму, выпасаем іх дзве-тры гадзіны ў дзень, што больш падобна да прагулкі, — расказваюць Галавач і Пяшэвіч. — Але стараемся захоўваць усю тэхналогію пасьбы. Своечасова адбіваем электраагароджай загонкі, на поле падвезена вада і мінеральныя дабаўкі. Адным словам, усё, што патрабуецца для нашай паспяховай работы.

Пастухі задаволены і тым, як паядаюць каровы маладыя расліны. Як кажуць, да самага корня. Таму, каб жывёла пераганялася на свежую пашу своечасова, адбіваецца пастухамі штодня па тры-чатыры новыя загонкі.

— Зараз, так бы мовіць, мы, выпасаючы на азімых, праводзім проста вітамінізацыю, — расказвае галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кісялёў. — Асноўныя рацыёны кармлення дойнага статка захаваны на зімовым узроўні.  Раздаюцца ў тым жа аб’ёме, як і ў стойлавы перыяд, паўнацэнныя кормасумесі з сенажу і сіласу, канцэнтраты на фермах. Гэта дазваляе мець стабільныя надоі.

На цяперашні час ад адной каровы штодзённа ў гаспадарцы надойваюць па дванаццаць з паловай кілаграмаў малака, прадаюць яго перапрацоўшчыкам больш за дванаццаць тон. Прычым асноўны яго аб’ём паступае на малаказавод самым высокім гатункам «экстра». Сярод аператараў машыннага даення  лепшыя паказчыкі маюць Іван Андык, Алена Саскевіч, Надзея Рагалевіч, а сярод даглядчыкаў на вырошчванні маладняку: Наталля Савельева, Марына Сакула, Алена Хільман, Лілія Міхава, Валянціна Пяшэвіч, Наталля Мацук.

Спецыялісты гаспадаркі будучыя поспехі ў вытворчасці малака і мяса летам звязваюць і з тым, што ў сельгаспрадпрыемстве маецца дастатковая колькасць выпасаў. Добра папрацавалі тут і з сяўбой аднагадовых культур  на падкормку жывёле. Таму і выпасаць будуць яе значную колькасць. І не толькі дойны статак, але і цялушак. Гэта дазволіць своечасова рыхтаваць памяшканні да  наступнай зімы, праводзіць у іх неабходныя прафілактычныя ветэрынарныя мерапрыемствы. Адным словам, у КСУПе “Коленскае” робіцца ўсё, каб вялікае малако мець круглы год.

Дарэчы, арганізавана вядуць выпас жывёлы ў гэтыя дні і працаўнікі акцыянернага таварыства “Тураўшчына”.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.