Працаўнікі КСУПа “Коленскае” Жыткаўшчыны аднымі з першых у раёне завяршылі сяўбу ранніх каласавых культур

4Гэтак жа грунтоўна яны падышлі і да сяўбы кукурузы, якую вядуць хуткімі тэмпамі.

180-гектарны палетак, што раскінуўся ля пасёлка Грабянёўскі,  наведалі ў самы разгар рабочага дня.  Менавіта  з яго мясцовыя земляробы і вырашылі распачынаць вялікую справу. Як патлумачыў галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Бердзічавец, зямля тут пясчаная, хутка траціць вільгаць, таму  такія палеткі і стараемся засяваць найперш, тым больш што іх у нашым сельгаспрадпрыемстве нямала.

— Канечне, галоўную ўвагу звяртаем на тэмпы правядзення работ, а яны, як вядома, залежаць ад моцы тэхнічнай базы, — распавядае Уладзімір Пятровіч. — Зараз на сяўбе кукурузы мы задзейнічаем тры сеялкі. У рэзерве маем яшчэ адну імпартную. Яе запусцім у работу, калі будзем сеяць “каралеву палёў” на зерне. Зоймецца гэтым механізатар Аляксандр Пяшэвіч. Але зараз наша асноўная задача адсеяць культуру для нарыхтоўкі сіласу. І, думаю, што справімся з гэтай задачай у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

2Па словах спецыяліста, за дзень механізатары здольныя заштукаваць у глебу насенне на плошчы да ста і болей гектараў. Тым больш што  працуюць усе яны на сяўбе кукурузы не першы год. Значны вопыт мае ў гэтай справе за плячыма Уладзімір Кірбай. Выдатна  знаёмы як працаваць са  стратэгічнай кармавой культурай і Міхаіл Пяшэвіч. А вось Мікалай Хільман, хаця яшчэ і малады земляроб, але таксама  справу ведае вельмі добра. Ужо даказаў свой прафесіяналізм гэтай вясной. Плённа папрацаваў на ўнясенні мінеральных угнаенняў на палеткі. Дарэчы, у гаспадарцы прыняты ўсе вычарпальныя меры, каб і насенне кукурузы клалася ў добра запраўленую глебу. Толькі адной арганікі  ў яе ўнесена па семдзесят тон на гектар. Гэта акрамя мінеральных угнаенняў, доза якіх, асабліва азотных, будзе павялічана падчас падкормак у будучым. Засяваюцца палі сельгаспрадпрыемства насеннем беларускай і малдаўскай селекцыі. Сеяць кукурузу на зерне будуць толькі гатункамі замежных селекцый, насенне якіх прывязуць у хуткім часе.

— Атрымліваць высокія ўраджаі гэтай кармавой культуры для нас вельмі важна, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства. — Кукурузныя сілас і зерне з’яўляюцца асновай кармавой базы для грамадскай жывёлы на нашых фермах. А яе з кожным годам там прыбаўляецца і прыбаўляецца. Таму, каб належную аддачу давала жывёлагадоўля, мы зараз і стараемся на сяўбе кукурузы.

3Трактары з сеялкамі шнурам рухаліся па бяскрайнім палетку. Нават узнятыя клубы пылу не заміналі механізатарам роўна, нібы пад лінейку, класці ў зямлю кукурузныя зярняты. На падрыхтоўку глебы земляробы не скардзіліся, усё зроблена добра для якаснай сяўбы. Тэхніка будзе працаваць да позняга вечара. Вялікі перапынак, але яго працаўнікі стараюцца скарачаць, толькі адзін — абед. Стравы гарачымі дастаўляюць прама на поле. Кожная порцыя адпаведнай велічыні і дазваляе кампенсаваць тыя затраты, што прыкладваюцца работнікамі на палетку з раніцы да заканчэння дня. Пакуль механізатары падсілкоўваюцца, гутарым з галоўным тэхнолагам палёў сельгаспрадпрыемства. Зразумела, што размова пра планы.

— Сёлета мы мяркуем засеяць кукурузай 1400 гектараў, — адзначыў Уладзімір Бердзічавец. — Прычым чатырыста гектараў будзе засявацца на зерне. Аб’ём даволі значны, але плануем справіцца з ім за тыдні два. Тым больш што і надвор’е нам спрыяе.

На здымках: механізатар Мікалай Хільман (на першай старонцы); галоўны аграном КСУПа “Коленскае” Уладзімір Бердзічавец; механізатар Уладзімір Кірбай.

Сяргей Белка.

Фота Аляксандра КІЦУРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.