Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Купрацэвіч, які пражывае ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна, належыць да тых людзей, хто нешкадуючы свайго жыцця бароніць ад ворага сваю Бацькаўшчыну

КупрацевичВайна — вельмі страшнае слова. Гэта мільёны загубленых жыццяў, слёзы і трагедыі, вялікае гора для людзей. Але менавіта на вайне праяўляюцца найяскравей і такія чалавечыя рысы, як мужнасць, патрыятызм, самаахвярнасць. Яны ўласцівы асабліва тым людзям, хто нешкадуючы свайго жыцця бароніць ад ворага сваю Бацькаўшчыну. Да такіх людзей належыць і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Купрацэвіч, які пражывае ў вёсцы Пухавічы.

Калі пачалася вайна, Мікалаю  было толькі шаснаццаць. Ён як і ўсе яго аднавяскоўцы не верыў, што гітлераўцы напалі на яго краіну, таму быў цвёрда ўпэўнены, што армія хутка разаб’е ворага, не пусціць яго на родную зямлю.  Літаральна за лічаныя дні з пачатку вайны гітлераўцы захапілі палову Беларусі і Мікалаю Купрацэвічу ўвачавідкі давялося пазнаёміцца з нямецкім парадкам. Ён ужо працаваў у калгасе рахункаводам, вёў улік малака, якое гаспадарка адпраўляла на продаж. Такое жыццё было, што сялянскім дзецям прыходзілася вельмі рана далучацца да сталай справы, дапамагаць бацькам.  Бедна было ў вёсцы, голадна да вайны. Толькі і выручала жыхароў Пухавіч возера, дзе яны лавілі рыбу. Таму дадатковы заробак ніколі лішнім не быў у сем’ях. І Мікалай вельмі ганарыўся, што ў яго такая адказная пасада. Калі гітлераўцы  прыйшлі ў яго населены пункт, Купрацэвіч скончыў сваю працу і вяртаўся да дому. Калгасных кароў трымалі ў летнім лагеры. Толькі хлопец выбраўся з яго на дарогу, як ля яго спынілася машына з нямецкімі афіцэрамі.

— Дзе знайсці брыгадзіра, — запытаў адзін з іх у Купрацэвіча  па-руску.

— Не ведаю. Напэўна, дадому пайшоў, — адказаў юнак.

— Тады ты нас правядзеш у месца, дзе стаяць каровы, — патрабавальна загадаў  гітлеравец.

— Не праедзем там машынай, брод глыбокі, не разгубіўся Мікалай.

— Хопіць пярэчыць! — крыкнуў немец, дастаючы карту і правёўшы пальцам па якой, паказаў іншую дарогу без водных перашкод. — Сядай і паехалі!

Ужо на месцы афіцэр сказаў хлопцу, каб той перадаў брыгадзіру, што вечарам малако ён павінен быў прывезці нямецкім салдатам. Калі загад не будзе выкананы – усім смерць!

— Гэта пазней жыхары разабралі жывёлу па падворках, а тады ўсё зрабілі, як і прымушаў фашыст, — успамінае Купрацэвіч сваю першую сустрэчу з ім.

Пацягнуліся доўгія гады акупацыі. Вёска Пухавічы знаходзілася ў  партызанскім краі. Таму мясцовыя жыхары як маглі дапамагалі народным мсціўцам.  Давалі ім прытулак у сваіх хатах, кармілі.  У хаце Купрацэвічаў, калі прыйшло ў гэтыя мясціны злучэнне Каўпака, пражывалі сем партызан.  Пасля таго, як каўпакаўцы пайшлі, яны параілі  мірным жыхарам ісці ў лес, бо фашысты не даруюць ім за дапамогу партызанам. Пазней яно так і здарылася, вёску спалілі, але людзі пахаваліся.

Усе з вялікай радасцю сустрэлі прыход савецкіх салдат і вызваленне. Разам з іншымі хлопцамі Мікалая Купрацэвіча прызываюць у армію. Не адной франтавой дарогай пахадзіў салдат. Браў удзел у размініраванні на Магілёўшчыне. Тады іх часць страціла пяць чалавек.

— На фронце не так страшна было, як на мінным полі, — успамінае Мікалай Андрэевіч. — там ты бачыш ворага ў твар, а міна, невядома ў якім месцы закладзена. Нездарма ж кажуць, што сапёр памыляецца толькі адзін раз.

Пасля двух месяцаў лячэння ў шпіталі, Мікалай Андрэевіч, захварэў на запаленне лёгкіх, яго накіроўваюць на фронт. Прыйшлося прымаць удзел у баявых дзеяннях па вызваленні Літвы. Купрацэвіча прызначаюць у палкавую разведку. Не раз прыйшлося прабірацца ў тыл ворага, каб здабыць пра яго звесткі, патрэбныя нашаму камандаванню.

— Трэба было тэрмінова ўзяць “языка”, — успамінае пра адзін з эпізодаў сваёй багатай баявой біяграфіі Мікалай Андрэевіч. — Мы, пяць разведчыкаў, ціха прабіраемся ў нямецкую траншэю.  Без прамаруджвання ўрываемся ў зямлянку, дзе знаходзіліся два немцы. Адзін з іх схапіўся за аўтамат, але выкарыстаць  зброю не паспеў, я моцна ўдарыў яго сваім аўтаматам па галаве. Хутка вяжам фашыстаў і гэтак жа ціха вяртаемся  з трафеямі да сваіх. Заданне выканалі паспяхова. За гэта мяне і маіх таварышаў прадставілі да ўзнагарод.

З пераможным салютам вайна для Купрацэвіча не закончылася. Яго часць накіроўваюць на Далёкі Усход, на разгром японскай арміі. Але на паўдарозе эшалон спынілі, бо савецкія войскі разбілі і гэтага ворага.  Мікалай Андрэевіч працягвае службу ў арміі, а пасля дэмабілізацыі вяртаецца  ў сваю родную вёску. Шчыра бярэцца за працу па яе ўзнаўленні. На розных пасадах мацуе сельгасвытворчасць у мясцовым калгасе. Тут, у роднай вёсцы,  да яго прыйшло і вялікае каханне, упадабаў маладую настаўніцу, на якой і ажаніўся. З Надзеяй Іванаўнай, чалавекам вельмі паважаным і заслужаным у Пухавічах, Мікалай Андрэевіч пражыў разам больш шасцідзесяці гадоў.  Нарадзілі і выгадавалі чацвёра дзяцей. Пра заслугі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Купрацэвіча, добра ведаюць аднавяскоўцы, таму мае ён належную пашану ў людзей.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.