Ветлівая гаспадыня гандлёвай кропкі вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна Галіна Семянчук

7— Даўно такога стараннага і ветлівага прадаўца ў нашым вясковым магазіне не было, — кажуць жыхары вёскі Пухавічы аб цяперашняй гаспадыні мясцовай гандлёвай кропкі Галіне Семянчук.

Галіна Ціханаўна працуе ў краме вёскі Пухавічы параўнальна нядаўна, але  аўтарытэт у мясцовых жыхароў мае надзвычай вялікі.  Людзей, як кажуць, падмануць не так і лёгка. Пухаўчане адразу заўважылі, што да даручанага ўчастка работы прадавец ставіцца вельмі адказна, незважаючы нават на цяжкасці, іх жа ў Галіны Ціханаўны хапае, як і ў кожнага чалавека — адна толькі дарога ад пасёлка Чырвонае да Пухавіч колькі часу займае. Тыя кіламетры на веласіпедзе патрабуецца жанчыне пераадольваць, лічы, штодня, у любое надвор’е.  Не спішаш жа на яго катаклізмы, што магазін несвоечасова адчыніўся, або раней напісанага ў распарадку зачыніўся. Вяскоўцы не толькі асноўны графік работы гандлёвай кропкі ведаюць, а яшчэ і гадзіны, калі падвозяцца новыя тавары. Дарэчы, пра шырокі асартымент якіх Галіна Ціханаўна клапоціцца пастаянна.  Рэалізуе не толькі тую прадукцыю, што паступае на прылавак па графіку, але і паспяхова выконвае заяўкі мясцовых пакупнікоў.

Сёння ў гандлі, нават вясковым, склалася не жартоўная канкурэнцыя. І таму прадаўцы гандлёвых кропак спажывецкага таварыства імкнуцца прывабліваць пакупнікоў больш высокім узроўнем абслугоўвання. І тут галіна Семянчук праявіла знаходлівасць. Пад канец свайго рабочага дня яна загружае авоську свайго веласіпеда прадуктамі і з гэтым багажом едзе па адрасах, дзе пражываюць  старэнькія дзядулі і бабулі. Дайсці да крамы ім цяжка, а вось патэлефанаваць і папрасіць прадаўца прывезці бохан хлеба, пакет малака, скрынку смятаны, пакецік цукру, іншых прадуктаў ім здароўе дазваляе. І пажылыя людзі вельмі задаволеныя, што такія заяўкі работніца магазіна выконвае.

— Мне дапамагчы людзям не складана, усё па кірунку майго руху, — з усмешкай расказвае Галіна Ціханаўна. — А зробіш чалавеку дабро, у яго настрой адразу лепшае, што імгненна і на тваім стане адбіваецца. Здаецца, стомішся за дзень, а ў такіх сітуацыях, калі табе гавораць мноства слоў падзякі, нібы крылы адрастаюць, і сіл на новыя справы прыбаўляецца.

Галіна Семянчук усё жыццё імкнулася працаваць у сферы абслугоўвання людзей. Яе жаданне збылося, чаму яна вельмі рада і стараецца сваёй дзейнасцю не падвесці кліентаў.

Сяргей МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.