Высокімі тэмпамі ідзе сяўба ў сельгаспрадпрыемствах Жыткаўшчыны

8Да правядзення кожнай сельскагаспадарчай кампаніі ў КСУПе “Коленскае” рыхтуюцца вельмі грунтоўна. Таму ўсе яны праходзяць пры добрай арганізаванасці і адпаведна высокіх тэмпах. Сёлетняя пасяўная яравых культур не стала выключэннем.

У сельгаспрадпрыемстве даўно зразумелі, калі хочаш мець высокую аддачу ў раслінаводстве, трэба старанна выконваць усе патрабаванні агратэхнічнай навукі. Несумненна, у першую чаргу, гэта залежыць ад магутнасці машынна-трактарнага парку. У гаспадарцы ён адзін з найбуйнешых у раёне. Кіраўніцтва не шкадавала грошай на набыццё новых сучасных агрэгатаў і трактароў, іншай сельгастэхнікі. Разам з тым, старанна захоўвала і тое, што мела. Таму цяпер на палетках побач з энерганасычанымі “Беларусамі” можна пабачыць і старэнькі “Кіравец”, на якім падвозіцца насенне.

9Наяўнасць моцнай тэхнічнай базы дазваляе коленскім земляробам працаваць планава, без мітусні, выконваючы работы на розных участках пасяўнога канвеера. Як вядома, тут усё вельмі цесна пераплецена. Своечасовая падрыхтоўка глебы, яе запраўка ўгнаеннямі спрыяюць высокім тэмпам сяўбы. Менавіта гэта цяпер найважнейшая справа, на якую ў сельгаспрадпрыемстве працуюць усе ў цеснай звязцы.

…Ва ўрочышча За кузніцай дабраліся ў самы разгар  рабочага дня. Тут мясцовыя земляробы вялі сяўбу яравога трыцікале. Па словах брыгадзіра Евы Ляўковіч, справы на палетку ладзяцца вельмі добра.

— Мы ўсё маем для паспяховай работы, — расказвае Ева Міхайлаўна. — Палетак добра падрыхтаваны да сяўбы, насенне падвозіцца без затрымак, усе забяспечаны гарачым харчаваннем, а працаваць наш механізатар Мікалай Шляга ўмее. Тым больш што кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася матэрыяльна зацікавіць нашых працаўнікоў, таму яны і стараюцца не толькі выконваць даведзеныя дзённыя нормы, але і перавышаць іх.

Пра настроенасць  механізатара Мікалая Шлягі сведчыць найперш яго дзённая выпрацоўка на палетку. Засявае ён за рабочую змену дваццаць пяць і болей гектараў, бо добра папрацаваў зімой. З хлебаробам толькі і ўдалося пагутарыць падчас загрузкі бункера сеялкі новай порцыяй насення.

— Замацаваны за мной энерганасычаны трактар рамантаваў уласнымі рукамі, дасканала перагледзеў кожны вузел. Гэтак жа перабраў і пасяўны агрэгат. Ды і зараз правяраю стан тэхнікі пастаянна, бо яна любіць клопат, — расказвае Мікалай Міхайлавіч. — Цяпер працую з сямі гадзін раніцы да сямі гадзін вечара. Канечне ж, цяжкавата, але, калі хочаш мець добры заробак, трэба старацца. Лёгкага хлеба ў сельскай гаспадарцы не бывае.

І такое разуменне, такія адносіны да выканання сваіх абавязкаў уласцівы кожнаму занятаму на палявых работах у гаспадарцы. Як сказала Ева Ляўковіч, у кіраўніка Валянціна Карпава маецца нейкае своеасаблівае чуццё  па падбору кадраў, на кожны ўчастак работ паставіць такіх людзей, якія будуць выкладвацца максімальна, каб забяспечыць патрэбны вынік.  І самае галоўнае, што аказваецца давер маладым. З такіх і Мікалай Шляга, але сваё майстэрства сейбіта ён даказаў мінулай восенню, калі яму даручылі пасеяць азімыя. І гэтай вясной, як бачна, ён не падводзіць.

Аб’ёмы палявых работ у КСУПе “Коленскае” на бягучую вясну даволі значныя. Патрабуецца засеяць рознымі культурамі больш за дзве тысячы трыста гектараў. З іх раннімі каласавымі — трыста. Акрамя таго, неабходна правесці падкормкі азімых культур амаль на тысячы шасцістах гектарах, амаль на сямістах гектарах шматгадовыя травы, сенакосы і выпасы. А яшчэ ўнесці на палеткі 35 тысяч тон арганічных угнаенняў, выканаць іншыя работы. Многае з вызначаных аб’ёмаў ужо зроблена, над нечым яшчэ патрэбна працаваць, бо не насталі патрэбныя агратэхнічныя тэрміны. Але галоўнае, што ўдалося адчуць падчас наведвання сельгаспрадпрыемства, гэта аптымізм, якім зараджаны ўсе працаўнікі, іх упэўненасць, што і сакавіцкі дзень год корміць. Сапраўдных жа майстроў хлебаробскай справы ў КСУПе “Коленскае” дастаткова. У ліку іх Андрэй Ханеня, які плённа рыхтуе глебу пад сяўбу, Мікалай Хільман, Раман Ляўковіч, занятыя на ўнясенні мінеральных і арганічных угнаенняў, Міхаіл Пяшэвіч, што праводзіць падкормкі пасеваў і траў, Мікалай Жук, які грузіць арганіку, і іншыя.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.