Белы колер для старэйшага жыхара вёскі Васіля Сцяпанавіча Таболіча ўзнаўляе ў памяці глыбокі снег 1943 года

Веска ЕльнаЗвычайна ў другой палавіне красавіка, напярэдадні майскіх святаў, у ваколіцах вёскі Ельна, што ўсяго за тры кіламетры ад шашы Мікашэвічы – Мінск, па лясных пагорках зацвітаюць  дружныя пралескі. Іх белыя галоўкі на зялёных сцяблінках пераканаўча сведчаць пра тое, што новая вясна шпарка набірае хаду і хутка наступіць галоўнае свята года – Дзень Перамогі.

Белы колер… Ён для старэйшага жыхара вёскі Васіля Сцяпанавіча Таболіча ўзнаўляе ў памяці глыбокі снег 1943 года. І чырвоныя вогнішчы пажараў ад спаленых хат. Хочацца закрыць вушы і заплюшчыцца, каб нічога не чуць і не бачыць. Каб каторы раз не пражыць тых страшных імгненняў жыцця, якія ўрэзаліся ў памяць 14-гадовага падлетка.

– Была марозная раніца, снег ляжаў вышэй каленяў, – успамінае Васіль Сцяпанавіч. – У вёсцы ў гэты час знаходзілася некалькі партызан-разведчыкаў. Конь аднаго з іх раптам ірвануў у бок, партызан, які кінуўся за ім, заўважыў немцаў, што ішлі да вёскі строем і, можа, са страху выстраліў са стрэльбы ўгару. Праз дзесяць-пятнаццаць мінут фашысты акружылі ўсю вёску. Маці загадала мне з братам Мікалаем схавацца ў склепе, што і выратавала наша жыццё. Астатняе я ведаю ад родзічаў, суседзяў, землякоў. Карнікі падпалілі ўсе хаты, кругом стаяў несусветны енк, стогн, плач. Над нашым склепам немцы паставілі кулямёт і стралялі з яго. Усіх пачалі заганяць у адну хату – новую, вялікую, перагароджаную на дзве часткі. А тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі на месцы. У вокны кідалі гранаты. Людскія крыкі зліваліся з шумам і трэскам агню, мы ў склепе чулі такі гул, як быццам бы побач грукоча на ўсёй хуткасці цягнік. Неўзабаве ў агні запалала ўся вёска. Уратаваўся толькі той, каму ўдалося дабегчы да лесу. Праз некаторы час, добра агледзеўшыся вакол, пад покрывам дыму дабраліся да ляснога гушчару і мы з братам. Ацалеў і бацька, а маці згарэла разам з іншымі…

Вочы 86-гадовага Васіля Сцяпанавіча, які абапіраецца на кіёк, яшчэ болей чырванеюць, у іх кутках ледзь відаць скупую мужчынскую слязу. Ён успамінае, як, нягледзячы на гэтую страшную трагедыю, што паказала людаедскую сутнасць фашызму, людзей пазней цягнула на роднае папялішча. Нехта спадзяваўся знайсці жывымі сваіх родных, другія шукалі ацалелыя рэчы. 112 чалавек згарэлі зажыва ў тым пякельным агні… Светлая ім памяць.

Да вайны ў Ельна жыло 134 чалавекі, выжыла 22. У пасляваенныя гады гэты населены пункт, багаты ўрадліваю глебаю, грыбамі, чарніцамі, іншымі дарункамі лесу, у нейкай ступені адрадзіўся, тут працаваў магутны жывёлагадоўчы комплекс цяпер ужо былога саўгаса “Ленінскі”. Зараз тут жыве 27 вяскоўцаў, у тым ліку 14 пенсіянераў і 12 працаздольных грамадзян. Васіль Таболіч застаўся жыць на зямлі сваіх продкаў, жаніўся, з жонкаю, якой не стала год назад, выгадавалі пяць сыноў і дачку. Цягавіты паляшук працаваў рабочым як у лясгасе, так і ў родным сельгаспрадпрыемстве.

Гады бяруць сваё, усё меней і меней застаецца крэўных, сяброў, знаёмых. Толькі з часам даходзіш да ісціны, што для шчасця чалавеку ў жыцці патрэбна не так ужо і шмат: адчуванне дому, менавіта свайго ўтульнага, добрага дому, а таксама мець поруч блізкага чалавека, паплечніка, сябра. Ісціна старая, як свет, але пакуль зразумееш яе, то не заўважыш, як жыццё мінецца…

А ў светлы Дзень Перамогі Васіль Сцяпанавіч Таболіч абавязкова пойдзе разам з іншымі да помніка. І паклоніцца людзям і вёсцы, якая таксама значыцца ў сумным хатынскім спісе…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.