“Прыгажуняй-княгіняю пазірае мне ў вочы вясна…” — пад такой назвай прайшла ў Краснаборскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе гукавая тэматычная выстава

3Менавіта так называлася свята, якое прысвечана чараўніцы-вясне — самай доўгачаканай пары года, якая адмыкае ключамі зямлю пасля зімовага сну і выпускае  на волю ваду і траву. Арганізавала яго разам з вучнямі наша любімая  настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Уладзіміраўна Дабжанская.

Увазе школьнікаў была прадстаўлена выстава рэпрадукцый беларускіх мастакоў, зборнікі вершаў, аўтары якіх красамоўна апісалі хараство вясенняга пейзажу, а таксама  фотаздымкі,  малюнкі, вырабы, якія падрыхтавалі самі вучні. Гучала музыка П. Чайкоўскага, Штрауса, Вівальдзі.

Якая яна, вясна? На гэтае пытанне вучні адказвалі чытаннем вершаў П. Броўкі, Я. Купалы, А. Бачылы, С. Грахоўскага, Р. Барадуліна. Як яскрава, вобразна, узнёсла апісала пачатак вясны ў сваім уласным вершы  вучаніца 6 класа Валерыя Ханеня.  А Дзіяна Міранюк, вучаніца 11 класа, пазнаёміла ўсіх прысутных з прозай  свайго ўласнага сачынення “Вясна прыйшла”. І хоць гэта была толькі спроба пяра, але слухаць было цікава.

Подых самой вясны, якая ўсё навокал абуджае ад сну, чуецца ў карцінах мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які  любіў самы пачатак вясны, першыя яе прыкметы. Сярод вясновых пейзажаў, намаляваных мастаком Фёдарам Кісялёвым, нямала змрочных работ, таму што вясна для беларусаў — гэта яшчэ і чарнобыльская бяда. А верш Т. Мельчанкі “Прыпяцкая вясна” раскрыў пакутную долю беларускай зямлі. Але ззяючае сонца, квітнеючыя лугі, стракатыя кветкі стварылі святочны настрой на палатне Уладзіміра Кудрэвіча “Раніца вясны”. Гэта карціна міжволі выклікала адчуванне радасці і захаплення.

У выкананні Вікторыі Сакулы і Дзіяны Ерко прагучалі песні, прысвечаныя вясне. Загадкі “Стравы з вітамінамі” напомнілі аб тым, якія вітаміны патрэбна ўжываць вясной.

Зліўшыся ў адзінае цэлае з прыродай і ўдыхнуўшы пах вясны, вучні адкрылі душу вясне. Так была перагорнута вясновая кніга. Закончылася мерапрыемства вясёлай дыскатэкай з беларускімі гульнямі.

   Д. МІРАНЮК,вучаніца 11 класа Краснаборскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.