Конкурс юных інспектараў дарожнага руху сабраў пяць каманд-удзельніц з розных навучальных устаноў Жыткаўшчыны

16Як паказала мерапрыемства, хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай сур’ёзнасцю ставяцца да свайго захаплення, добра разумеюць яго карыснасць і важнасць у паўсядзённым жыцці. Таму і дэманстравалі свае навыкі і веды на спаборніцтвах з надзвычайным стараннем.

Усё пачалося з агульнага пастараення каманд на двары першай гарадской школы. Капітаны інспектарскіх дружын рапартуюць начальніку Жыткавіцкай АДАІ Вячаславу Раманаву аб гатоўнасці да змагання, пасля чаго ён пажадаў усім камандам паспяховых выступленняў. Яны пачаліся адразу  на ўсіх вызначаных праграмай этапах. Іх было некалькі. Адны каманды сапернічалі ў майстэрстве вадзіць веласіпед  на паласе з рознымі перашкодамі,  другія праходзілі тэарэтычныя іспыты  на веданне правілаў дарожнага руху,  на ўменне аказваць першую даўрачэбную медыцынскую дапамогу, а таксама на ўважлівасць на вуліцы. Таму прыйшлося наведацца ў некалькі класаў навучальнай установы, каб адчуць атмасферу дзіцячага азарту і саперніцтва.

Праверку ведаў на ўменне аказваць першую медыцынскую дапамогу вяла на конкурсе старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова. Яна ўважліва сачыла за кожным рухам юных інспектараў, якія яны  рабілі на манекенах і непасрэдна на сваіх таварышах. Сітуацыі канкурсантам патрэбна было вырашаць самыя што ні на ёсць жыццёвыя. Вось, напрыклад,  Вераніцы Краеўскай з каманды трэцяй школы патрэбна было дапамагчы хлопчыку, якога збіў аўтамабіль. Дзяўчынка, якая ходзіць толькі ў пяты клас і першы год стала наведваць гурток юных інспектараў дарожнага руху, вельмі ўпэўнена і прафесійна правяла ўсе працэдуры, чым прыемна здзівіла Ларысу Фёдараўну.

— Мне вельмі падабаецца ў атрадзе юных інспектараў дарожнага руху, — расказала Вераніка, — асабліва заняткі па медыцыне. Рыхтавацца да конкурсу мне дапамагала Ларыса Фёдараўна, мая настаўніца Наталля Маісееўна, і мама. Таму і выступіла вельмі добра.

Такіх канкурсантаў, як Вераніка, было нямала. У ліку іх Данііл Лунцэвіч з гарадской гімназіі, Жэня Ахрамовіч  з гарадской СШ №3, Ілья Міцюрыч з Тураўскай СШ, Ульяна Рагалевіч з Чырвоненскай СШ і Антон Ханеня з першай школы райцэнтра. Усе яны адзначаны прызамі ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Дарэчы, гэтыя юныя інспектары паспяхова выступілі і ў іншых конкурсах.

— Канечне, заданні былі не з лёгкіх, — зазначае Ларыса Фралова. — Дзеці дапускалі нямала практычных памылак, тэарэтычна яны падрыхтаваны нядрэнна.  Гэта тычыцца, у першую чаргу, каманд з Турава і Чырвонага, таму мясцовым медыкам трэба пастарацца дапамагчы вучням на будучае падцягнуць практычныя навыкі. Яны нікому не зашкодзяць.

Значна ўскладніліся сёлета і заданні на этапе пад назвай “Самы ўважлівы ўдзельнік дарожнага руху”. Для начальніка МРЭА ДАІ Ірыны Катлярчук, якая і праводзіла гэты іспыт, было вялікай нечаканасцю, што большасць каманд выступілі проста правальна.

— Толькі і магу выказаць словы пахвалы вучням першай сярэдняй школы райцэнтра, — пракаменціравала сітуацыю Ірына Сяргееўна. — Яны ўсёй камандай дапусцілі толькі дзве памылкі, у іншых рахунак штрафных балаў сягае за два дзясяткі. Яшчэ можна, як станоўчае назваць выступленне школьнікаў з Жыткавіцкай СШ №3. Я не думаю, што дзеці не рыхтаваліся, проста  ўнесеныя змены ў заданні  ў пэўнай ступені дызарыентавалі вучняў.

Не без перашкод і штрафных балаў  праходзіў і конкурс па ваджэнні веласіпеда. Было добра відаць, што, каб паспяхова пераадолець перашкоду “вароты”, іх  пры набліжэнні веласіпедыста моцна ўтрымлівалі  два прадстаўнікі з каманды. Моцны бакавы вецер літаральна зносіў веласіпедыстаў, прымушаў іх прыкладваць дадатковыя высілкі, каб пераадольваць умела выстаўленыя перашкоды.  Але памылак здолелі пазбегнуць нямногія, юныя інспектары не  вельмі паспяхова пераадольвалі і іншыя перашкоды “змейку”, “васьмёрку”, “калодкі” і іншыя. Відаць, яшчэ дадаткова да неспрыяльнага надвор’я дадалося ўласцівая ў сітуацыі вострай барацьбы хваляванне, з якім не кожнаму даросламу ўдаецца справіцца. А тут дзеці, жаданне перамогі ў якіх намнога большае. Таму, як кажуць, многія і “перагарэлі”.

— На раённых спаборніцтвах  патрабаванні ў ваджэнні веласіпеда да юных інспектараў дарожнага руху  не такія жорсткія як на абласным конкурсе, — расказвае інспектар Дзяржаўтаінспекцыі Генадзь Атаманчук. — Таму членам каманды, якая атрымае сёлета перамогу і будзе прадстаўляць наш раён у аналагічных абласных спаборніцтвах, патрэбна ў ваджэнні веласіпеда яшчэ шліфаваць і шліфаваць сваё майстэрства. Бо там не толькі неабходна праехаць без памылак усе перашкоды, але і зрабіць гэта за найменшы час.

Мяркуючы па колькасці ўзнагарод, што атрымалі юныя інспектары ад супрацоўнікаў ДАІ,  найбольш удаліся конкурсы па веданню правілаў дарожнага руху, а таксама выступленне агітбрыгад. Думаць у класе над экзаменацыйнымі карткамі і тварыць на сцэне нічога не перашкаджала. Таму адказы на пастаўленыя пытанні былі правільнымі і дакладнымі, а  выступленні агітбрыгад выдаліся вельмі яркімі і павучальнымі. У  апошняй дзеі з дапамогай вершаў і песень, тэатралізаваных мініяцюр  каманды даходліва расказалі, пра вялікую ролю юных інспектараў дарожнага руху  ў справе дапамогі сваім равеснікам правільна паводзіць сябе на вуліцы, выконваць патрабаванні правілаў вулічнага руху, тым самым зберагчы сваё жыццё і здароўе. На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што  трагедыі на дарогах  з удзелам дзяцей на цяперашні час з’ява нярэдкая. Таму прапаганда і прафілактыка ў гэтай дзейнасці з’яўляюцца найлепшымі сродкамі, каб змяніць сітуацыю  ў станоўчы бок.   А равеснік равесніка заўсёды зразумее і паслухае хутчэй, бо дарожныя правілы ў жыцці вельмі важныя. Іх веданню і садзейнічаюць юныя інспектары дарожнага руху. Таму арганізатары раённага конкурсу падрыхтавалі для прызёраў і пераможцаў мноства карысных і патрэбных вучням прызоў. Перамогу ў спаборніцтвах  заслужана заваявала каманда сярэдняй школы №1 горада Жыткавічы. На другім месцы сталі іх сапернікі таксама з першай школы, толькі тураўскай, а трэцімі — навучэнцы трэцяй школы райцэнтра.

Для пераможцаў раённага конкурсу цяпер настаў час новых трэніровак і яшчэ больш грунтоўнай падрыхтоўкі. Бо вучні першай гарадской школы будуць адстойваць гонар раёна на аналагічных спаборніцтвах абласнога ўзроўню. Яны добра ведаюць, як гэта адказна, бо ўжо маюць падобны вопыт. Тады ў іх дружнай каманды было дзявятае месца, сёлета ж яны прыкладуць намаганні, каб свой вынік палепшыць. А дапаможа належна падрыхтавацца камандзе іх педагог-арганізатар Святлана Парубай, як гэта яна зрабіла паспяхова да раённых спаборніцтваў.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.