Традыцыйна адразу некалькі мясцін Жыткавіч сталі цэнтрамі правядзення святочных мерапрыемстваў

6Першы майскі дзень нездарма ў нашым календары адзначаны святам працы. І многія жыхары, карыстаючыся выхадным, кіруюцца з раніцы на свае дачы, на прысядзібныя ўчасткі, каб там добра пашчыраваць на пасяўной. Але ёсць нямала і такіх, хто гэты веснавы дзень прысвячае адпачынку, збіраецца сем’ямі і з сябрамі на маёўкі на ўлонні прыроды, каб набрацца  натхнення і новых сіл на наступны рабочы тыдзень.

Арганізатары афіцыйных святочных мерапрыемстваў у нашым райцэнтры здолелі задаволіць патрэбы і тых, хто плённа працаваў, і тых, хто проста адпачываў. Бо  пачатак усіх урачыстасцей з нагоды першамайскага свята распачалі ў пасляабедзенны час і вечарам. І тыя жыхары, і госці горада, хто іх наведаў, ніколькі не пашкадавалі, бо забаў было вельмі і вельмі шмат і для дарослых, і для дзяцей.

Здаровым быць

Традыцыйна адразу некалькі мясцін Жыткавіч сталі  цэнтрамі правядзення святочных мерапрыемстваў. І першай установай, якая расчыніла перад наведвальнікамі свае дзверы, стаў кінатэатр “Узыход”. Тут сабраліся аматары гульні ў більярд. Хай іх было і няшмат, але за сталамі кіпелі нежартоўныя эмоцыі. Бо саперніцтва сабрала даволі моцных гульцоў, кожны з якіх быў нацэлены заняць першае месца. Зрабіць гэта ўдалося Уладзіміру Палікшы, які па чарзе перамог усіх сваіх сапернікаў. Але і апошнія расчараваліся не так і моцна, бо атрымалі добры зарад бадзёрасці, ды і праявіць сябе можна было ў іншых конкурсах, якіх наперадзе было вельмі шмат. Таму ўсе дружна пасля заканчэння більярднага турніру накіраваліся на гарадскія стадыён і ў парк. Менавіта яны ў дзень Першамая сталі  сапраўднай Мекай для аматараў здаровага ладу жыцця.

3На трыбунах стадыёна з камфортам размясціліся бацькі з дзецьмі, каб паназіраць за футбольнымі матчамі выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ горада. Дзве каманды з Жыткавіцкай ДЮСШ і адна з ДЮСШ “Матор” аспрэчвалі першынство ў гэтым турніры. І юныя футбалісты не расчаравалі. З якім азартам пад гучныя вокрыкі сваіх трэнераў і гледачоў яны бегалі за мячом па зялёнаму газону! Кожны юны футбаліст імкнуўся згуляць як найлепш, забіць гол у вароты саперніка, каб гэтым парадаваць сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. Яскрава даказаць, што недарэмна хлопцы ходзяць на трэніроўкі. Прыгожая камбінацыйная гульня, высокія хуткасці, добрае валоданне мячом, трапныя перадачы, і канечне ж, шмат галоў – усё гэта было характэрна кожнаму матчу. А яшчэ трэба адзначыць высокую матывацыю і бескампрамісную барацьбу. А таксама вялікую веру ў свае сілы і перамогу. Без боя не здавалася ніводная дружына, нават больш таго, па ходу гульні, здавалася б, ужо безнадзейна прайграўшая каманда збіралася і настройвалася, і вырывала перамогу на апошніх секундах. Таму перамога выхаванцаў трэнера Мікалая Чарнагалова стала заканамерным вынікам дзіцячых футбольных баталій. Яго хлопцы біліся на полі, як кажуць, да апошняга, нават прапусціўшы гол ад “Матора” першымі, яны не апусцілі рукі, а наадварот забілі ў першым матчы чатыры мячы.

2Не менш відовішчным выдаўся і валейбольны турнір дарослых.  Яго можна ахарактарызаваць так, калі якасць перамагла колькасць, бо на валейбольнай пляцоўцы сышліся тры найлепшыя каманды нашага раёна: Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас”, раённага спажывецкага таварыства і МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Гледачы з асаблівым нецярпеннем чакалі другой гульні, у якой сустракаліся дружыны  РайСТа і “Газавік”.

Вострае саперніцтва паміж гэтымі камандамі існуе вельмі даўно.  Сведчыць пра гэта і такі факт, што і ў адной і ў другой дружынах гуляюць валейбалісты, якія ўваходзяць у састаў зборнай раёна. Яны і з’яўляюцца асноўнай ударнай сілай гэтых каманд.

Таму вынік сустрэчы паміж гэтымі камандамі нават самыя заўзятыя аматары валейбола не могуць прадказаць з высокай доляй упэўненасці. Вось і на сёлетнім першамайскім турніры напал барацьбы быў вельмі высокі. І хаця перамогу атрымалі валейбалісты “Газавіка”, але спартсмены спажывецкага таварыства не выглядалі хлопчыкамі для біцця. Не аднойчы па ходу матча яны вялі ў ліку, але ў першы майскі дзень ім крыху не хапіла ўдачы, каб узяць галоўны трафей спаборніцтваў. Не разгубілася ў гэтым саперніцтве раённых зорак і каманда Жыткавіцкага лясгаса, таму наведвальнікі засталіся задаволенымі валейбольнымі матчамі.

Самымі прадстаўнічымі па колькасці ўдзельнікаў аказаліся спаборніцтвы па шахматах. Гэтае мерапрыемства сабрала аж чатырнаццаць аматараў гэтай гульні. І прахадных партый тут таксама не было, а перамогу атрымаў  вопытны шахматыст Уладзімір Тарасевіч.

Нельга не адзначыць і арганізаванае прафсаюзам саперніцтва па дартсе. Яго ўпэўнена выйграла старшыня прафкама КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Людміла Друк.

Безумоўна, што прыцягваць як мага больш людзей да здаровага ладу жыцця з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці прафсаюзных арганізацый. І ў дзень Першамая з гэтай задачай яны справіліся нядрэнна.

 А музыка гучала

4Гарадскі цэнтр культуры таксама ў першы майскі дзень гасцінна расчыніў дзверы для ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў. Ганак установы культуры ў той вечар ператварыўся ў імправізаваную сцэну, а плошча перад ёю — у імправізаваныя глядацкую залу і дзіцячую гульнявую пляцоўку. Музыка і песні гучалі несціхана. Адным словам, пастараліся самадзейныя калектывы ГЦК парадаваць сваёй творчасцю жыхароў і гасцей райцэнтра.

На свята Першамая для іх спявалі і танцавалі: узорны дзіцячы танцавальны калектыў «Калейдаскоп», народны ансамбль песні «Асалода», народны ансамбль песні «Жытніца», цыганскі ансамбль «Ладжо дывіс», салісты эстраднай студыі, танцавальны калектыў дзіцячага Дома творчасці. 37 нумароў яны выканалі падчас канцэртнай праграмы.

Яшчэ адной важнай дзеяй гэтага важнага ўрачыстага мерапрыемства стала выступленне старшыні раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый Уладзіміра Гулюты, які шчыра павіншаваў усіх з такім радасным веснавым святам, якое праходзіць даўно пад дэвізам: “Мір! Праца! Май!” І тым самым сімвалізуе  вялікую пашану да чалавека-працаўніка, рукамі якога ствараюцца ўсе даброты на зямлі,  а дабівацца гэтага можна толькі ў мірнай і стабільнай краіне. Таксама Уладзімір Мікалаевіч уручыў ганаровыя дыпломы ад прафсаюзнай арганізацыі пераможцам спартыўных спаборніцтваў. І зноў загучала музыка, паліліся песні, нібы падкрэсліваючы, што з прыходам мая жыццё толькі пачынае абуджацца як у прыродзе, так і ў сэрцах людзей. І яскравым прыкладам гэтаму сталі найперш дзіцячыя смех і радасць.

У дзень Першамая горад проста свяціўся ад усмешак маленькіх жыткаўчан, якія прыйшлі адзначаць свята разам з бацькамі і маці.  І для гэтага пастараліся работнікі гарадскога цэнтра культуры. Трэба было бачыць, як малыя з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў розных конкурсах і забавах. Ад вясёлага клоуна, які і праводзіў дзіцячую гульнявую праграму, малых было проста не адарваць. Хлопчыкі і дзяўчынкі круцілі абручы, скакалі праз іх, збівалі мячом кеглі, скакалі на батуце, прымалі ўдзел у іншых забавах. Канечне ж, многія малыя парадаваліся падарункам, што ім уручылі за перамогі ў конкурсах. Ды і бацькі пастараліся не расчараваць сваіх нашчадкаў, а куплялі ім паветраныя шары, іншыя сувеніры, якімі гандлявалі побач.

Першамай застаецца адным з любімых святаў у нашых людзей. І тое, як яно было шырока і весела адзначана ў Жыткавічах,  гэта яшчэ раз пацвярджае.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.