Трэці працоўны семестр распачалі навучэнцы Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя

9Дарэчы, студэнцкі атрад з гэтай навучальнай установы стаў першым у нашай вобласці, які накіраваўся на працу ў Расійскую Федэрацыю.

Па традыцыі, а студэнцкія атрады ліцэістаў ужо больш дзясятка гадоў маюць трывалыя сувязі з сельгаспрадпрыемствамі Расіі,  юнакі збіраліся, каб выправіцца ў чарговы раз у далёкую дарогу, ля старога будынка інтэрната. Тут іх чакаў аўтобус і камандзір Віктар Кочка. Нельга не адзначыць, што  ён адзін з лепшых камандзіраў студэнцкіх атрадаў у вобласці.  А ўсё таму, што стараецца падбіраць  выхаванцаў спрактыкаваных і працавітых. І на гэты раз у склад каманды ўвайшлі правераныя байцы, якія  неаднаразова  даказалі, што яны ўмеюць добра працаваць,  ім уласцівы дысцыплінаванасць. Хаця жадаючых паехаць працаваць у Расію ў навучальнай установе было намнога болей, чым вакансій.

– Зараз наш атрад не такі вялікі па колькасці ў параўнанні з тымі, што едуць на працу восенню, – расказвае Віктар Міхайлавіч. – Усяго едзе дванаццаць чалавек. Гэта навучэнцы трэцяга курса, якія будуць праходзіць практыку ў акцыянерным таварыстве “Сергіеўскае” Каломенскага раёна. На палетках гэтай гаспадаркі юнакі будуць удасканальваць навыкі працы на сельскагаспадарчай тэхніцы, бо ў складзе атрада ў асноўным хлопцы, якія вучацца на механізатараў. Ёсць і некалькі будаўнікоў, яны будуць займацца падрыхтоўкай базы для размяшчэння  атрада ліцэістаў, які прыедзе восенню ў гаспадарку на ўборку агародніны.

Як і раней Віктар Міхайлавіч пастараўся, каб у яго атрадзе былі навучэнцы з малазабяспечаных сем’яў, а таксама тыя, хто стаіць на рознага віду прафілактычных уліках. Бо камандзір цвёрда ўпэўнены, што праца найлепшы выхавальнік, а заробленыя  навучэнцамі грошы, прычым немалыя, стануць добрай падтрымкай іх сем’ям.

Хлопцы не хавалі свайго добрага настрою, было бачна, што ў гэтую паездку яны едуць з вялікай ахвотай. Трэцякурснік Сяргей Лазарчык ужо раней пабываў са сваімі таварышамі ў вышэйзгаданым акцыянерным таварыстве, убіраў агародніну.  Застаўся вельмі задаволены.

– Канечне ж, найперш пастараюся на практыцы авалодаць  тымі навыкамі, якія спатрэбяцца мне для будучай прафесіі, – расказвае Сяргей. – Магчымасць такая ў расійскім сельгаспрадпрыемстве будзе, там дастаткова сельскагаспадарчай тэхнікі, якую неабходна  дасканала асвоіць, каб паспяхова здаць экзамен. Разам з тым чаму ўпускаць магчымасць падзарабіць дадатковыя грошы на свае патрэбы. Ды і адносіны  ў кіраўніцтва гаспадаркі да нас вельмі прыхільныя, таму будзем старацца, каб не запляміць гонар свайго ліцэя.

Трэці раз едзе ў Расію і Сяргей Клімовіч. У хлопца няма бацькі. Ён разумее, што маці цяжка гадаваць чатырох дзяцей. І хлопец, як старэйшы з іх, стараецца дапамагаць сваёй сям’і.

– Вядома ж, вельмі хвалююся за сына, – кажа маці Сяргея, якая прыйшла правесці яго ў далёкую дарогу. – Але ён у мяне хлопец самастойны, звычны да працы, таму ўпэўнена, што справіцца з тым аб’ёмам работы. Я пастаянна  па тэлефоне буду цікавіцца, як складваюцца ў яго справы, калі спатрэбіцца, дык і падба-дзёру. Галоўнае, каб усё добра абышлося.

Па камандзе свайго камандзіра юнакі хутка грузяць свой багаж у аўтобус, займаюць вольныя месцы. Для іх пачынаецца першае выпрабаванне – далёкая дарога, у якой яны правядуць не меней дзясятка гадзін, каб дабрацца да месца прызначэння. А потым будзе праца на палетках, насычаная плёнам і першымі станоўчымі вынікамі.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.