Усё сваё свядомае жыццё Улюта Давідовіч пражыла ў Мілевічах, што на Жыткаўшчыне

Лёс жанчыныНарадзілася ў 1928 годзе, калі на нашай тэрыторыі панавала панская Польшча. Бацькі былі равеснікамі – нарадзіліся ў 1904 годзе. Бацька ў час грамадзянскай вайны трапіў у палон у Германію. Загінуў у час другой сусветнай вайны, напярэдадні Вялікай Перамогі ў горадзе Бундэрбургу. У той час ён ваяваў разам з двума старэйшымі сынамі – Рыгорам і Валодзем. Куля снайпера трапіла ў жывот. Дапамогу аказаць было нельга. Так бацька і загінуў. Пахавальная маці прыйшла 8 мая.

– А ў маці на той час засталося 11 сыноў і я адна дачка, – расказвае Улюта Давідовіч. – У сям’і я была пятай. Яшчэ да вайны, калі прагналі палякаў, савецкая ўлада ўзнагародзіла маці медалем.     

Пасля германскага палону бацька вярнуўся на радзіму і ажаніўся. Пабудаваў у вёсцы  невялікую хаціну. Пазней, у 1935 годзе, польская ўлада “наразала” хутары. У гэтым жа годзе іхняя сям’я таксама перабралася на хутар. Польская школа, якая была ў вёсцы на месцы сённяшняга сельскага клуба, размясцілася за 4 кіламетры ад хутара. Двое старэйшых братоў, Рыгор і Валодзя, кожную раніцу шыбавалі ў школу. А яе бацькі не пускалі з братамі ў школу, вельмі шкадавалі. Ды і не зусім “салодка” было ў тыя гады ў школе. Дысцыпліна была вельмі жорсткай: лупцавалі і лінейкай, і дубчыкам па чым папала.

Сем гадоў пражылі яны на хутары. Калі прыйшла савецкая ўлада, палякі ўцякалі на захад. Грамадзянскіх не чапалі. Хаты з хутароў зноў пачалі звозіць у вёску.

На пачатку вайны немцы і сапраўды не лютавалі. Напэўна, вельмі спадзяваліся на тое, што хутка перамогуць. Не мінула і іх сям’ю аблава ў 1942 годзе. Ужо чулі аб тым, што немцы пачалі паліць людзей, аднак не маглі даць гэтаму веры. Напэўна, бацька прадбачыў гэта і закапаў пад двума стажкамі бочку ячменю. У лютым 1942 года немцы спалілі іх сядзібу. Уратаваліся толькі таму, што па загаду бацькі сышлі ў лес. Пазней бацька адкапаў бочку з зернем, каб дзеці не памерлі з голаду. Аднак яно так прапахла дымам, што есці яго было немагчыма.

Перад дэмабілізацыяй бацька паспеў зрабіць зямляначку, дзе яны і жылі. Жылі ўпрогаладзь. Кожны дзень напярэдадні вясны маці адпраўляла на бульбянішча збіраць рэшткі мерзлай бульбы. Адварвалі яе і елі. Каму і добра яна ішла, а каго так ірвала, што не мог  дакрануцца да гэтай ежы.

У гаспадароў, у якіх застаўся сякі-такі пажытак і жыўнасць, немцы  ўсё звозілі са двароў. А маладыя хлопцы гналі статкі ў Германію. Свіней  забівалі, грузілі іх  на воз і звозілі на агульную кухню – кармілі сваіх салдат.

У лютым, калі з жыхарамі вёскі Мілевічы здарылася тое ж, што і з хатыньцамі, пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады. Зараз ля ракі Случ стаіць помнік. Аднак там пакояцца не толькі тыя мірныя жыхары, што згарэлі  ў хляве, але і ахвяры спаленых хутароў. Партызаны па хутарах збіралі астанкі згарэлых дзяцей, жанчын і ўсё гэта звозілі ў агульную магілку.

– Я ўжо гаварыла аб тым, які трагічны лёс напаткаў майго бацьку, – працягвае Улюта Трафімаўна. – Маці настолькі пакутавала, што нясцерпна было на яе глядзець. Пасля вайны браты вярнуліся ў родную вёску. Брат Рыгор, каб хоць крыху аблегчыць наша горкае існаванне, пад кулямі ля вёскі Ленін украў каня. Аднак не паспеў зрабіць калёсы, як участковы разам з былым партызанам забралі гэтага каня. Рыгор не спыніўся на гэтым. Праз два дні разам з дзядзькам  на пашы  ўначы  зноў укралі каня, які на гэты раз быў з нямецкай пячаткай.

Да 1948 года жылося вельмі цяжка. Жылі, хто як мог. У гэтым жа годзе на працягу некалькіх месяцаў збіралі сходы. І на пачатку 1949 года пачалі арганізоўваць калгас. Яе маці абралі дэпутатам, каб дапамагала ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў. Зноў жа, як і да вайны, у калгас здавалі, хто што мог.

Першым старшынёю калгаса быў чалавек заезджы. Бубліс – было яго прозвішча. Меў сваіх дзяцей, таму клапаціўся і аб чужых. У гэты ж год з Грабава перавезлі хату і склалі яе пад школу. Паважаў старшыня яе маці, і каб палегчыць лёс салдацкай удавы, прызначыў яе прыбіральшчыцай у школе.

Напачатку аднаўлення калгаса ёй было 20 гадоў. Як зараз памятае, Іван Малькевіч падарыў калгасу свінаматку. З яе і пачалася свінаферма. Праз 2 гады на ферме было ўжо больш за 50 свіней. 10 гадоў прапрацавала яна тут свінаркай. Бубліс, Кулундук, Вераб’ёў з павагай адносіліся да яе і абралі дэпутатам, паважалі яшчэ і за забітага бацьку. Непасільнай была праца на ферме. Маці ўжо збіралася на пенсію. Былая дырэктар школы К.Ф. Мяшкоўская разам з ёю была абрана дэпутатам. За шчырую працу не адзін раз адпраўлялі ў  Сочы на адпачынак. Аднак маці не адпусціла.

Пасля таго, як маці адправілі на пенсію, на яе месца дырэктар школы ўзяла дачку. З таго часу да самай пенсіі працавала яна ў школе прыбіральшчыцай. Калектыў тут быў зладжаны, дружны. Працаваць было лёгка і весела. А што датычыць асабістага жыцця, то шчасця  яна ў жыцці не пабачыла. Ва ўзросце 38 гадоў да яе пасватаўся ўдавец з Грабава  з трыма  дзецьмі. Недаўгавечнымі  былі гэтыя дзеткі. Усіх пахавала. Зараз зноў засталася адна.

Улюта Трафімаўна – наша падшэфная. Таму мы стараемся як мага часцей наведвацца да яе. Зараз яна нідзе не бывае па прычыне сталага ўзросту і хвароб. А раней яна два разы ў год наведвала мемарыяльны комплекс, дзе высечана прозвішча і яе бацькі. Гэта адзінае месца, якому можна пакланіцца і шчыра выказаць свой боль і павагу не толькі свайму бацьку, але і ўсім землякам.

Няхай добрым будзе здароўе ва ўсіх абяздоленых і асірацелых дзяцей вайны!  

В. ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мілевіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.