Івану Ягоравічу і яго жонцы Антаніне Мікалаеўне, якія ўжо размянялі на сваім жыццёвым шляху дзявяты дзясятак гадоў, можна смела паставіць выдатную адзнаку

Земля и людиЦіхмянага, працавітага, паважанага чалавека Івана Ягоравіча Хомчанку ведаю даўно і добра, а вось на падворак яго селішча, што па вуліцы Фрунзе нашага райцэнтра, заходжу ўпершыню. Дамовіўшыся па тэлефоне пра сустрэчу, стараюся нячутна адчыніць веснічкі яго двара, аглядаю прысядзібную гаспадарку. Даўно кажуць, што па двару, садзе і агародзе можна беспамылкова меркаваць пра гаспадарлівасць і працавітасць людзей, якія тут жывуць.

Калі гэта так, то Івану Ягоравічу і яго жонцы Антаніне Мікалаеўне (на здымку), якія ўжо размянялі на сваім жыццёвым шляху дзявяты дзясятак гадоў, можна смела паставіць выдатную адзнаку: у кожным куточку іхняй сядзібы пануюць парадак і чысціня, сярод клубніц, у роўненькіх шнурах дружна ўзышоўшай бульбы не пабачыш ніводнай зялінкі, радуюць вока маладыя і старэйшыя фруктовыя дрэвы.

— Заходзьце, мы вас чакаем, — з ветлівай усмешкай сустракае ў сенцах гаспадар, за плячыма якога выглядае твар па-ранейшаму прыгожай Антаніны Мікалаеўны.

Абменьваемся навінамі, знаёмімся яшчэ раз бліжэй і праз некаторы час разглядваем фотаздымкі з сямейных альбомаў Хомчанкаў. І ў першую чаргу тыя, што зроблены ў час работы Івана Ягоравіча і Антаніны Мікалаеўны ў Жыткавіцкім будаўніча-мантажным ўпраўленні меліярацыі. Працавалі яны ў калектыве меліяратараў, які ў тыя 70-я гады цяпер ужо мінулага дваццатага стагоддзя пад кіраўніцтвам амаль легендарнага Марка Уладзіміравіча Кунько налічваў не адну сотню работнікаў. І слава пра які грымела далёка па-за межамі нашага раёна. Жыткавіцкія меліяратары былі першымі як у працы і вытворчых паказчыках, так і ў раённых парадах падчас дзяржаўных святаў, і ў лясных маёўках. Умелі як працаваць, так і адпачываць. Толькі Іван Ягоравіч не адразу прыйшоў у меліярацыю…

Іванава дзяцінства прайшло ў адной з вёсак Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля сярэдняй школы закончыў Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум, быў накіраваны на работу ў Мікашэвіцкі лясгас тады яшчэ Ленінскага раёна Брэсцкай вобласці. Першыя крокі на працоўным шляху пачынаў памочнікам ляснічага Сінкевіцкага лясніцтва. А затым была вайсковая служба ў Таліне ў ваенна-марскіх сілах. У дывізіі юнак закончыў школу малодшых камандзіраў, быў прызначаны камандзірам узвода разведкі і сувязі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1957 годзе Іван Хомчанка працаваў у Людзяневіцкім лясніцтве, завочна вучыўся ў тэхналагічным інстытуце ў Мінску, узначальваў Бялёўскае лясніцтва. Быў ён строгі і патрабавальны да ўсіх і кожнага, а ў першую чаргу да самога сябе. Але разам з тым добры і чалавечны.

Восем гадоў Іван Ягоравіч адпрацаваў сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса “Людзяневічы”. Гэта была шчаслівая пара яго жыцця, бо тут ён напаткаў сваю Антаніну, з якой у кастрычніку 1958 года адгулялі вяселле. Жылі, дзякуй Богу, дружна, былі ў іх сям’і лад ды згода — вадой не разальеш. Як возьмуцца разам што рабіць — адно трымайся. Адзін другому вады не замуцяць. Затым нарадзіліся дзеці, якіх нездарма называюць кветкамі жыцця. І гэта чыстая праўда. А яшчэ яны і непагаснае святло ў тваёй душы, якое заўсёды з табою, дзе б ты ні быў, што б ні рабіў…

Пасля Людзяневічаў сям’я Хомчанкаў пераехала ў райцэнтр і 13 гадоў іх жыццё было звязана з работай у Жыткавіцкім будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі. Іван Ягоравіч пачынаў тут інжынерам па залужэнні, затым працаваў сакратаром парткама. На розных пасадах шчыравала і Антаніна Мікалаеўна.

… Спрадвеку жылі палешукі сярод балот. Не жылі, а выжывалі. Непраходная багна, чарот, асака-разуха, якую, жартуючы, часам параўноўвалі з брытвай, а найчасцей — з назубленым сярпом. Пэўна, нідзе не стрэнеш столькі разнавіднасцей гэтай травы, як тут — на Палессі. Спрадвечнае беззямелле прывучыла палешука пакланяцца ёй гэтак жа нізка, як і дробным каласкам на пясчанай ніўцы. Важкімі ношкамі, папярэдне загарнуўшы ў посцілку, каб не растрэсці па дарозе, валаклі траву згорбленыя плечы з багнішчаў на астраўкі і выдмы, бліжэй да дарог, скідвалі ў копы ці стажкі, каб з першым прымаразкам адвезці дадому. У балотнай твані гінулі коні і каровы. Людзі казалі: “На балоце не спяшайся, калі хочаш дома начаваць…”

Дзікія і хмурыя, але па-свойму прыгожыя і велічныя разлягаліся вакол балоты. Пачыналася вясна, і ўсё навокал вітала яе прыход. І лес, і балота літаральна звінелі ад птушынай гаманы. Жылі тут палешукі, калі прыходзіў час, то клаліся ў гэтую зямлю, пакідаючы нашчадкам у спадчыну сваю бязмежную павагу да роднага краю і шчырае жаданне бачыць яго абноўленым. І нарэшце гэты час абнаўлення прыйшоў. Разгарнуўся шырокі фронт работ па асушэнні палескай дрыгвы. Узброеныя магутнай тэхнікай, меліяратары кінулі ў бок багны кліч: «Мы ідзем — сцеражыся, балота!»

Экскаватар заязджаў на загадзя падрыхтаваны ляжак з таўшчэзнага бярвення, скручанага дротам і збітага магутнымі скобамі. І ўсё ж бурая балотная вада цалкам пакрывала яго шырокія гусеніцы. Ад яго ўдалячынь уздоўж балота беглі два роўненькія рады высокіх тычак, пастаўленых яшчэ зімой. І няцяжка было здагадацца, што менавіта тут ляжа магістральны канал. А да яго — і злева, і справа — на пэўнай адлегласці збягаліся зноў-такі роўненькія, як струна, шарэнгі ледзь прыкметных тычак: кірункі будучых, відаць, менш значных каналаў з велізарнай, разумна спланаванай асушальнай сеткі.

Плаўны паварот стралы, і важкі стальны коўш угрызаецца ў балотную твань. Чуваць адно, як натужна раве матор экскаватара ды паскрыпвае стальны трос.

— Затым ішоў карчавальнік, зграбаў у кучы лазу, іншы хмызняк, — гаворыць Іван Хомчанка. — Пасля гэтага пускалі трактар з вялікімі плугамі і дыскамі. Першым быў выкапаны Найда-Бялёўскі канал. Трактарысты працавалі ў дзве змены, кожны трактар быў укамплектаваны двума механізатарамі. Заўсёды своечасова падводзіліся вынікі працоўнага саперніцтва, важкім матэрыяльным стымулам тады быў высокі заробак меліяратара.

На меліяраваных плошчах вакол возера Чырвонае на базе аддзялення саўгаса “Жыткавічы” ў 1974 годзе на плошчы 5600 гектараў быў створаны новы саўгас “Чырвоны Бор”. Узначаліў яго вядомы ў нашым раёне кіраўнік сельскагаспадарчай вытворчасці Марк Уладзіміравіч Кунько, які да гэтага разам са сваім працоўным калектывам асушаў балотныя плошчы. Меліярацыя таксама ўзняла ўраджайнасць сельгаскультур і значна расшырыла пашавыя ўгоддзі ў саўгасах імя Алексіеўскага, “Людзяневічы”, у гаспадарках Тураўшчыны. Жыткавіцкія пакаральнікі раней непраходных багнаў заўсёды высока трымалі сваю прафесійную годнасць. Хаця на меліярацыйным аб’екце капрызы надвор’я асабліва адчувальныя. Амаль што не бывае ніводнага года, калі б надвор’е спрыяла меліяратарам. Калі не вясной, дык улетку ці ўвосень залівалі дажджы. А зімой маразы не заўсёды скоўвалі балоты, таму разлічваць на палёгку ў пракладцы каналаў не прыходзілася. І тым не менш меліяратары стараліся выконваць планы, паляпшаць, упрыгожваць зямлю. Яркае ўвасабленне таму — Іван Ягоравіч і Антаніна Мікалаеўна Хомчанкі, людзі працавітыя, памяркоўныя, добразычлівыя. Іх сыну і дачцэ, траім унукам і праўнуку сапраўды ёсць кім ганарыцца, ёсць з каго браць прыклад.

P.S. Шырокамаштабная меліярацыя дала штуршок развіццю сельскай гаспадаркі краіны. На меліяраваных землях у першыя гады іх выкарыстання атрымлівалі высокія ўраджаі сельгаскультур. Але разам са станоўчымі вынікамі праявіліся і негатыўныя працэсы. У цэлым жа на Беларусі асушана 3,4 мільёна гектараў (16,4 працэнта тэрыторыі), у тым ліку больш за 1 мільён гектараў балот. Меліяравана 40 працэнтаў ворыва, 28 – сенажацяў, 27 працэнтаў пашы. На Палессі асушана больш за 40 працэнтаў забалочаных тэрыторый.

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Фота Валянціны ПАКАРЧАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.