Лёс Аляксея Кавалёва вельмі цесна пераплецены з Дзяржаўным прадпрыемствам «Житковичская ПМК-66»

ВыборТут мужчына адпрацаваў трыццаць тры гады. Прычым, рабіў і робіць гэта даволі плённа.

У Аляксея Іванавіча самая што ні на ёсць меліяратарская спецыяльнасць. Ён —  машыніст экскаватара. За рычагі землярыйнай машыны сеў адразу, як толькі закончыў вучылішча і атрымаў адпаведнае пасведчанне. Свае першыя крокі на прафесійным шляху Кавалёў успамінае з вялікім задавальненнем.

— Мне, маладому спецыялісту, вельмі імпанавала, што кіраўніцтва арганізацыі адразу даверыла новы экскаватар, — успамінае Аляксей Іванавіч. — Безумоўна, што такая ўвага акрыліла, адразу хацелася даказаць працай, што ты трапіў у меліяратарскую сям’ю невыпадкова, што можаш паспяхова вырашаць пастаўленыя перад табой вытворчыя задачы.

Зразумела, што дапамагалі асвойваць складаную тэхніку, падказвалі, як лепей зрабіць тую ці іншую тэхналагічную аперацыю старэйшыя і больш вопытныя калегі. Аляксей Іванавіч старанна запамінаў іх парады, што толькі спрыяла яго прафесійнаму росту. Цяпер Кавалёў ужо і сам выступае ў ролі настаўніка. Самыя складаныя задачы здольны вырашыць.

— Меліяратарскі хлеб не з лёгкіх, — расказвае экскаватаршчык, — пастаянна працуеш на розных аб’ектах, некаторыя з іх знаходзяцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад асноўнай базы.  Не кожнаму па сілах выседзець цэлы спякотны дзень у раскаленай сонцам кабіне экскаватара. Ды і падчас выхаду тэхнікі са строю даводзіцца ў асноўным разлічваць на ўласнае майстэрства і свае ўменні.  Тут без старання і дысцыплінаванасці, трывалых тэарэтычных ведаў не абысціся.

Гэтага Кавалёву не займаць. За гады працы ў ПМК-66 ён сябе зарэкамендаваў у калектыве толькі са станоўчага боку. Ведаюць яго калегі не толькі як добрага спецыяліста, але і надзейнага сябра, які гатовы ў любую хвіліну падставіць плячо падтрымкі.

Нарадзіўся Аляксей Іванавіч ў Чачэрскім раёне. На Жыткаўшчыну пераехаў за сваёй жонкай.  Яна родам з Верасніцы. У нашым рэгіёне Кавалёвы і абаснаваліся на сталае жыццё. Ён ніколькі не шкадуе, што так адбылося ў яго лёсе, што наш палескі край стаў для яго не толькі другой радзімай, але яшчэ і краем працоўнай годнасці і славы. А зроблены прафесійны выбар у маладосці так і застаўся  ў Кавалёва адзіным на ўсё жыццё.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.