Працоўная біяграфія калектыва дзяржаўнага прадпрыемства ПМК-66, што на Жыткаўшчыне, налічвае больш за сорак гадоў

Моц семьиЗа гэты час работнікі і спецыялісты арганізацыі не раз даказвалі сваю дзеяздольнасць канкрэтнымі справамі. І сёння меліяратары ПМК надзейна і высокапрафесійна стаяць на варце ўрадлівасці зямельных сельскагаспадарчых угоддзяў нашага раёна.

Пачатак дзейнасці арганізацыі датуецца 1964 годам. Менавіта тады на базе Капаткевіцкай машынна-меліярацыйнай станцыі было створана  Жыткавіцкае будаўніча-мантажнае ўпраўленне меліярацыі. Фронт работ новага прадпрыемства быў даволі шырокім. Яго спецыялісты праводзілі меліярацыю, займаліся будоўляй аб’ектаў і дарог. Калі звярнуцца да лічбаў, якія характарызуюць справы меліяратараў за ўвесь час існавання прадпрыемства, то аб’ёмы выкананага атрымліваюцца даволі ўнушальныя.  Ім асушана 50,6 тысячы гектараў зямлі, збудавана амаль трыста кіламетраў дамб, больш за чатырыста кіламетраў дарог, узведзены 41 мост, 31 шлюз, 23 насосных, пакладзена  614 труб-рэгулятараў.

У пэўнай ступені  меліярацыя  з’яўляецца своеасаблівым барометрам стану спраў у краіне. Менавіта дзяржава ў асноўным фарміруе заказ на паслугі меліяратараў і аплочвае іх. Калі ўсё ладзіцца ў яе эканоміцы, то і меліяратарам жывецца добра, а ёсць праблемы, значыць і яны перажываюць такі час хваравіта. Галоўнае ў іх рабоце мець дастаткова аб’ектаў, а таксама своечасовае фінансаванне  за выкананыя аб’ёмы.  На жаль, як расказаў начальнік ПМК-66 Уладзімір Валадзько, цяпер і з першым, і з другім існуюць праблемы.

— Для таго, каб арганізацыя нармальна функцыяніравала, нам патрэбна за год зарабіць не меней адзінаццаці мільярдаў рублёў, — расказвае Уладзімір Стахеевіч. — На цяперашні час мы маем заказаў на падрадныя работы на семдзесят працэнтаў загрузкі сваіх магутнасцей. Астатняе патрэбна шукаць самастойна за кошт аказання уласных паслуг. Зараз асноўныя нашы высілкі засяроджаны на рэканструкцыі найда-бялёўскай меліярацыйнай сістэмы. На ўчастку “Угольская” мы ўжо падрыхтавалі больш за дзвесце гектараў зямлі.  Абнаўляем і ачышчаем каналы, іншыя меліярацыйныя аб’екты, рамантуем збудаванні, што там знаходзяцца.

Работа на гэтым аб’екце праведзена вельмі значная. Толькі адной драўніны падчас ачысткі каналаў вывезлі 1200 кубічных метраў. Яе меліяратары скарыстоўваюць у якасці паліва для ўласнай кацельні, часткова прадаюць насельніцтву і арганізацыям.

Чакае працавітых рук спецыялістаў ПМК-66 на згаданай кіраўніком арганізацыі меліярацыйнай сістэмы яшчэ і ўчастак “Бялёў”. Як запэўніў Уладзімір Стахеевіч, тут для мясцовай гаспадаркі  да восені падрыхтуюць  восемдзесят гектараў зямлі. Плануюць працаваць меліяратары і на Тураўшчыне, дзе ў раёне вёскі Запясочча ўвядуць для патрэб мясцовай гаспадаркі паўсотні гектараў зямлі.  Працягнуць руку дапамогі спецыялісты ПМК і рыбгасам, дзе таксама намечаны рамонт гідратэхнічных збудаванняў і падчыстка рыбаводчай сеткі.

Разам з тым на прадпрыемстве не абмяжоўваюцца толькі выкананнем работ на меліярацыйных сістэмах. Актыўна супрацоўнічаюць з сельгаспрадпрыемствамі. Так, у на нізінных палетках КСУПа “Коленскае” меліяратары выкапалі копанкі, каб туды сцякала лішняя вільгаць і не падтаплівала пасевы. Нядрэнна справіліся і з добраўпарадкаваннем тэрыторыі ля дзедаўскай фермы, якая належыць акцыянернаму таварыству “Людзяневічы”.  Падчас веснавых палявых работ тэхніка ПМК-66 працавала ў гаспадарках Петрыкаўскага раёна, дзе была аказана дапамога на ворыве і падрыхтоўцы глебы.

Станоўчым момантам у дзейнасці калектыва прадпрыемства з’яўляецца той факт, што арганізацыя мае моцную тэхнічную базу. Толькі адных экскаватараў тут налічваецца адзінаццаць. Маецца восем бульдозераў-карчавальнікаў, два пад’ёмныя краны, сем трактароў, пятнаццаць аўтамашын. Ды і майстэрні, гаражы, адміністрацыйныя будынкі, іншыя вытворчыя плошчы ў ПМК-66 вельмі прыстойныя. Менавіта такая акалічнасць дазваляе мясцовым працаўнікам выконваць пастаўленыя перад імі задачы, а таксама аказваць кліентам разнастайныя паслугі.

Калектыў меліярацыйнага прадпрыемства даволі дружны. Цяпер тут працуе шэсцьдзесят чалавек. Многія з іх маюць салідны стаж за плячыма. Складваюцца і сямейныя дынастыі. У прыватнасці, разам з Міхаілам Пацук, які з’яўляецца прарабам, поплеч працуе яго сын Уладзімір.

— Моладзь у нас складае пятую частку калектыва, — расказвае начальнік Уладзімір Валадзько. — Увогуле, цякучасць кадраў у нас самая нізкая сярод арганізацый, якія ўваходзяць у склад РУП “Калінкавічыводбуд”.

Сапраўды, у меліяратарскай сям’і застаюцца самыя стойкія і працавітыя, якія не баяцца цяжкасцей. На прадпрыемстве, можна сказаць, традыцыя склалася: або працаўнік не вытрымлівае і звальняецца адразу, або застаецца да выхаду на заслужаны адпачынак. Іншага не дадзена. Магчыма ў гэтым і закладзены моц і поспехі працоўнага калектыву  дзяржпрадпрыемства «Жыткавіцкая ПМК-66».

На здымку: перад выездам на аб’ект прараб Міхаіл Пацук, яго сын Уладзімір Пацук, экскаватаршчыкі Аляксандр Керазь, Аляксандр Баран, будаўнікі Міхаіл Пайграй і Юрый Шруб.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.