Вялікая і значная падзея надарылася нядаўна ў сям’і Гатчэняў, якія пражываюць у Жыткавічах

Узнагарода мацярынствуСтаршыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў захавальніцы гэтага сямейнага ачага ордэн Маці.

Ганне Іванаўне ўсяго трыццаць тры гады. Але яны з мужам, Сямёнам Вячаслававічам нарадзілі і выхоўваюць шасцёра дзяцей. Сям’я ў Гатчэняў дружная і шчаслівая.  З такіх бацькоў толькі браць прыклад іншым. Ганна Іванаўна з’яўляецца хатняй гаспадыняй, старанна працуе на ўласнай гаспадарцы, даглядае дзяцей. Дарэчы, самаму старэйшаму з іх толькі восем гадоў. А апошнімі нарадзілася аж двойня. Таму клопатаў у маці, як кажуць, вышэй галавы. Усіх патрэбна і накарміць, і адзець, і ўвагай не абдзяліць сваіх сыноў і дачок. Увогуле, першы і самы надзейны памочнік у жанчыны, канечне ж, муж. Сямён Вячаслававіч не толькі дапамагае жанчыне, але яшчэ і забяспечвае матэрыяльны дабрабыт сям’і. Працуе ён вартаўніком у ветэрынарнай станцыі. На рабоце мужчыну характарызуюць толькі са станоўчага боку. Самастойны, дысцыплінаваны, не цураецца ніякай работы, каб зарабіць дадатковыя грошы для сваёй сям’і – вось гэта не поўны пералік якасцей, якія ўласцівы Сямёну Вячаслававічу.

Працавітасцю вызначаецца і яго жонка. Яна ніколі, вобразна кажучы, не пасядзіць дома без справы. Усё ж Гатчэні пражываюць ва ўласным доме. І ў ім заўсёды пануюць каханне, любоў, пяшчота і павага, а яшчэ, як гаварылася вышэй, працавітасць. Менавіта на гэтых прынцыпах  будуецца сямейнае шчасце Гатчэняў. А ўзнагарода ад дзяржавы Ганне Іванаўне за мацярынства  яскрава пацвярджае, які  найгалоўнейшы прыярытэт у палітыцы нашай  краіны. Менавіта ўсебаковая падтрымка шматдзетных сем’яў, пашана і павага бацькам з’яўляецца той асновай, з якой мы звязваем сваю будучыню. Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваім нядаўнім пасланні парламенту і народу.

На цяперашні час Ганна Гатчэня з’яўляецца дзевяноста дзявятай маці ў нашым раёне, якая ўзнагароджана ўрадавай узнагародай за нараджэнне і выхаванне пяці і болей дзяцей. Але як адзначылі  ва ўпраўленні  па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва ў раёне такіх сем’яў пражывае намнога болей. Таму і чакаць сотую ўзнагароду за мацярынства давядзецца нядоўга. І гэтаму патрэбна толькі радавацца. Нездарма ж кажуць, што моцная сям’я, то і моцная дзяржава.

Сяргей Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.