Знакавая падзея напрыканцы навучальнага года адбылася ў Людзяневіцкай сярэдняй школе Жыткавіцкага раёна

КраязнауцыТут адкрыўся музейны куток, экспазіцыі якога расказваюць пра мінулае і сучаснасць населенага пункта, а таксама навучальнай установы.  Напаўнялася музейная выстава экспанатамі дзякуючы энтузіязму настаўніцы выяўленчага мастацтва Ганны Мясніковіч і яе памочнікаў-краязнаўцаў, вучняў школы. Менавіта яны разам падчас прэзентацыі і пазнаёмілі педагогаў і выхаванцаў сваёй установы з вынікамі праведзенай даследчай работы, прысвечанай адкрыццю музейнага кутка.

Менавіта  ў ім  карэспандэнт раёнкі  і сустрэўся перад пачаткам мерапрыемства з Ганнай Піліпаўнай. Настаўніца проста ззяла ад шчасця, што ёй удалося зрабіць вялікую справу, якой была апантаная не адзін год.

— Мне заўсёды было цікава даведацца пра край, дзе я жыву, пра яго гістарычнае мінулае, пра людзей, якія рупіліся дзеля яго працвітання, — расказвае педагог. — Ды і падрастаючаму пакаленню гэта вельмі патрэбна, бо нездарма кажуць, што без мінулага няма будучыні. Таму і ўзялася за работу, зацікавіла ёю вучняў. Так разам і збіралі тры гады матэрыялы і экспанаты.

Сапраўды, юныя людзяневіцкія краязнаўцы разам са сваёй настаўніцай, як паказала прэзентацыя, пастараліся на славу. Унікальныя дакументы аб паходжанні  населенага пункта знайшлі нават у шклоўскім музеі. У прыватнасці, ім прыйшло пацверджанне таго, што ў Людзяневічах знаходзілася дача графа Апалона Крывашэіна, які нямала  зрабіў для населенага пункта. Шукалі і іншыя крыніцы сівой даўніны свайго цяпер ужо аграгарадка. Рабілі гэта і па-за яго межамі, і ў самой вёсцы, пісалі пісьмы ў архівы,  сустракаліся з  доўгажыхарамі-вяскоўцамі. Увесь сабраны матэрыял сістэматызавалі, на яго аснове стваралі навуковыя працы. Канечне, не заўсёды і не ўсё атрымлівалася, як хацелася. Але, вобразна кажучы, вялікая рака пачынаецца з маленькай ручаіны, а вялікая справа з мноства дробных. Акрамя цікавасці мінулым паселішча, вывучалі і яго сучаснае жыццё, збіралі рэчы хатняга ўжытку, якімі карысталіся продкі. Аб гэтым і іншым і расказалі юныя краязнаўцы сваім равеснікам  на прэзентацыі.

 З цікавасцю слухала аўдыторыя, якім прыгожым быў маёнтак у графа Крывашэіна, якія цудоўныя парк і сад акружалі яго. Цяпер ад той раскошы засталіся толькі рэшткі ў выглядзе асобных дрэў ды невялікай гаспадарчай пабудовы. Але пастараліся ў сваіх малюнках узнавіць той старадаўні каларыт. Гэтак жа змястоўна расказвалі дзеці і пра Міхайлаўскую царкву, што была ў вёсцы, але якую разбурылі, і ўжо ў наш час аднавілі занава. Немалая ўвага была нададзена на прэзентацыі і апісанню нацыянальнага складу жыхароў населенага пункта, яго заняткаў. Трэба сказаць, што Людзяневічы былі шматнацыянальнай вёскай, дзе суіснавалі мірна яўрэі, беларусы і іншыя.

— Увогуле, вельмі цікавым застаецца пытанне аб жыхарах Людзяневіч, — зазначае Ганна Мясніковіч. — Адкуль у нас столькі нямецкіх прозвішчаў? Чарговая тэма для нашага даследавання, а таксама папаўнення экспанатамі музея.

Так, працаваць яшчэ краязнаўцам ёсць над чым.  Напрыклад, устанавіць асобы дырэктараў школы, якія кіравалі ёю да вайны, а можа і раней. Дарэчы, навучальная ўстанова ў Людзяневічах, як устанавілі школьнікі, працуе не адно стагоддзе. Менавіта граф Крывашэін  прыклаў многа намаганняў, каб яна тут працавала. Дакладнае апісанне школы таго часу, пра стан навучання таксама падрабязна расказалі цяперашнія вучні на прэзентацыі. Зразумела, што цяперашняе жыццё аграгарадка і яго будучыню яны і не ўяўляюць без мінулага. Вельмі пранікнёна і чырвонай ніткай прасочвалася ў прамове кожнага выступоўца вялікая любоў да сваёй малой радзімы.  Вельмі шчыра з глыбокім пачуццём павагі гэта зрабілі Ірына Зумерфельд, Антаніна Мельнікава, Дзіяна Балобан, Елізавета Мясніковіч, Жанна Тарасюк, Наталля Журовіч. Менавіта гэтыя дзяўчынкі і іншыя іх равеснікі і равесніцы па крупіцах збіралі інфармацыю аб сваім родным краі.

Нельга не адзначыць і той факт, што краязнаўча-пошукавая работа ў Людзяневіцкай сярэдняй школе мае глыбокія карані і вялікія традыцыі. Яшчэ пры настаўніку фізкультуры Міхаілу Некрашэвічу выхаванцы навучальнай установы зрабілі вельмі шмат паходаў па родных мясцінах і старанна занатоўвалі  пра свае вандроўкі, аб тым, пра што яны даведаліся. Міхаіл Васільевіч збярог гэтыя запісы з нанесенымі ў іх маршрутамі паходаў, планамі вызвалення раёна і іншымі дадзенымі. Менавіта іх ён прадэманстраваў цяперашняму пакаленню школьнікаў на мерапрыемстве, успомніў той энтузіязм дзяцей, з якім яны збіралі патрэбную інфармацыю, як пераадольвалі цяжкасці шматдзённых вандровак. Думаецца, што ўсё напрацаванае ў школе на той час па краязнаўству  будзе важкім дапаўненнем цяперашняй музейнай экспазіцыі. А яе ў Людзяневіцкай школе будуць толькі развіваць і ўзбагачаць. Планаў, як сказала Ганна Мясніковіч, вельмі шмат,  як і імкнення па іх пераўтварэнні ў жыццё. Тым больш што, калі ўжо бачыш  пэўны вынік сваёй дзейнасці, рабіць гэта намнога лягчэй. Ды і цікавасць гэтым толькі падаграваецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.