Галоўны хлебаробскі запавет на Жыткаўшчыне

хлебная база ярмольскийУ раёне працягваецца ўборка каласавых культур. Разам з ёю аграрыі вядуць продаж зерня ў лік дзяржзаказу. Паспяховасць у гэтай справе залежыць ад зладжанасці ў рабоце працоўнага калектыву Жыткавіцкай хлебнай базы. І ён не падводзіць вяскоўцаў, таму і выконваюць яны свой галоўны хлебаробскі запавет з належным стараннем і даволі вынікова.

Пад’язджаючы да хлебнай базы, нават дзіўна стала, што чарга машын, загружаных збажыной, зусім невялікая. Нават падумалася, што не спяшаюцца хлебаробы разлічвацца з дзяржавай. Але сітуацыю праясніў дырэктар прадпрыемства Канстанцін Комар, з якім сустрэліся непасрэдна на вытворчай тэрыторыі.

— Няма чаго здзіўляцца, — расказвае Канстанцін Іванавіч. — Аб’ёмы нарыхтоўкі хлеба ў нас сёлета значна меншыя за леташнія. Плануем прыняць крыху больш за сем тысяч тон з гаспадарак нашага раёна і сямнаццаць тысяч на захоўванне ад камбінатаў хлебапрадуктаў. Асноўны аб’ём хлеба ў памеры 112 тысяч тон ужо захоўваецца на элеватары яшчэ з мінулага года. Пазней правядзем толькі асвяжэнне дзяржрэзерва. А так прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, таму і чэргаў няма. Хаця зерне прывозяць да нас і аўтамашынамі, і чыгуначным транспартам.

Што хлебная база ў гэтыя дні працуе, нібы добра адладжаны гадзіннік, пацвердзіў  дырэктар сельгаспрадпрыемства “Бялёў” Уладзімір Ачапоўскі, які наведаўся сюды па вытворчых патрэбах.

— Работай нашых партнёраў я задаволены, — гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. — Хаця аб’ём продажу хлеба нашай гаспадаркай нязначны, але здаем яго рытмічна без праблем. Ужо закрылі прыкладна больш за шэсцьдзясят працэнтаў даведзенага задання. Усе пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаем з кіраўніцтвам і спецыялістамі элеватара ў рабочым парадку. Тым больш што на хлебапрыёмным прадпрыемстве нам дапамагаюць на сваім зернесушыльным комплексе яшчэ і дапрацоўваць збажыну. Гэта таксама спрыяе хлебаздачы.

хлебная база дробышевская— Цяпер тэмпы паставак зерня з гаспадарак раёна да нас нядрэнныя, — дадае Канстанцін Комар — Стараюцца хлебаробы ўсіх сельгаспрадпрыемстваў. Гэта і КСУПаў “Коленскае”, “Чырвоны Бор”, ААТ “Людзяневічы” і “Тураўшчына”. Дарэчы, з апошняга адкрытага таварыства да нас паступіць асноўны аб’ём збажыны новага ўраджаю  Жыткаўшчыны. І такая актыўнасць вяскоўцаў толькі радуе, дазваляе нам наладжваць сваю работу больш арганізавана. Мы ж вядзем у гэтыя дні не толькі прыёмку хлеба, але і адгружаем яго сваім спажыўцам, камбінатам хлебапрадуктаў.

Сапраўды, спраў у працаўнікоў хлебнай базы больш чым дастаткова. Але ў калектыва маецца цвёрдая ўпэўненасць, што з пастаўленымі задачамі яны справяцца. Для гэтага на хлебнай базе да прыёмкі правялі неабходны комплекс падрыхтоўчых работ, часткова абнавілі на найбольш праблемных участках абсталяванне, на сезон нарыхтовак дабралі рабочых. Менавіта гэта і прыносіць свой станоўчы плён, у чым удалося пераканацца падчас невялікай экскурсіі з галоўным інжынерам прадпрыемства Уладзімірам Ярмольскім.

— Нараканняў на працу нашых рабочых і спецыялістаў няма, — адзначае Уладзімір Мікалаевіч, — усе сумленна і старанна імкнуцца выконваць свае прафесійныя абавязкі, таму і спадарожнічае нам поспех.

Падчас наведвання хлебапрыёмнага прадпрыемства ўдалося пагутарыць з многімі яго працаўнікамі. І яны ўсе адзінадушна сцвярджалі, што ў калектыве пануе рабочая атмасфера, а самае галоўнае — існуе ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Ды і новыя сезонныя работнікі задаволены тым, што ўдалося ўладкавацца, хаця і часова, сюды на працу. З такіх Наталля Драбышэўская, студэнтка, і Аксана Раманенка, якія адбіраюць пробы зерня на ўездзе машын. Акрамя гэтага ў іх абавязкі ўваходзіць яшчэ і правядзенне аналізаў, і афармленне дакументаў.

хлебная база романенко— Я другі сезон тут працую, — расказвае Аксана, — з’яўляюся домагаспадыняй, таму, што ў нас шматдзетная сям’я. Але прыйшла папрацаваць, каб сабраць дзяцей у школу, цяпер гэта каштуе не танна.

Першы год Аксана ўладкавалася на хлебную базу праз службу занятасці, а ў гэтым сезоне яе запрасіла ўжо само кіраўніцтва. А вось у Наталлі Драбышэўскай гэта першы рабочы сезон, але нягледзячы на такі малы працоўны стаж яна імкнецца спраўляцца з абавязкамі належна, каб не падводзіць увесь калектыў.

Што яшчэ можна сказаць пра працаўнікоў Жыткавіцкай хлебнай базы. Што за апошнія гады іхнімі намаганнямі значна ўзрасла эканамічная моц прадпрыемства, палепшылася вытворчая база і бытавыя ўмовы, стала намнога добраўпарадкаваней тэрыторыя.

— Наш асноўны заробак залежыць ад таго, ці здолеем мы поўнасцю запоўніць элеватар зернем, — гаворыць дырэктар Канстанцін Комар. — У апошнія гады гэта нам удаецца, таму і прадпрыемства развіваецца паспяхова.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.