Гарэлі агні купальскія на Жыткаўшчыне

гарэли агниУ народзе кажуць, што на Купала ночка мала. І ў гэтым выслоўі ёсць вялікая доля праўды. Сапраўды, ноч напярэдадні аднаго з самых старажытных святаў беларусаў пралятае проста імгненна, бо час праходзіць у шматлікіх забавах, танцах, а таксама традыцыйных абрадах.

Жыткаўчане святкавалі Купалле на гарадскім пляжы. Як толькі пачало заходзіць сонца, над вадаёмам і навакольнымі прасторамі залуналі лірычныя купальскія песні. Іх гукі, нібы магнітам,  прызыўна прыцягвалі гараджан, каб тыя прынялі ўдзел у святкаванні.  І народ актыўна  збіраўся ў месцы правядзення ўрачыстасці.  У чаканні асноўнай дзеі мерапрыемства дарослыя займалі чаргу ля гандлёвых радоў, каб набыць там розныя прысмакі, а дзеці  спяшаліся на атракцыёны. Многія, асабліва маладыя хлопцы і дзяўчаты, нават паспелі акунуцца ў вадаёме. Але, як толькі загучалі першыя словы вядучых святочнай праграмы, усе дружна згуртаваліся ля сцэны.

гарэли агни1Купальскае свята напоўнена шматлікімі чарадзействамі. Аб гэтым сведчаць мноства легенд і паданняў.  Бытуе такое і на Жыткаўшчыне. Быццам у купальскую ноч па лесе ходзіць дзядуля Купала, які збірае розныя зёлкі. Менавіта ў гэты час яны валодаюць самай моцнай гаючай сілай. І той, хто сустрэнецца з дзедам у купальскую ноч у лесе атрымае ад яго кошык раслін, і такому чалавеку падуладны будуць любыя скарбы, ён з лёгкасцю здыме з іх самы страшны праклён. Дзед Купала прыйшоў на свята і да жыткаўчан, павесяліў іх прыпеўкамі, а потым падараваў гараджанам свае чароўныя зёлкі.

Годным працягам тэатралізаванай дзеі стала выступленне самадзейнага калектыва “Вечарніца”. Амаль гадзіну артысты ансамбля весялілі сваёй творчасцю прысутных. Спявалі ад душы, аж пакуль не наступіла цемра.  Гэтым скарысталіся нячысцікі: Кікімара, Лесавік, Балотнік, якія знянацку захапілі сцэну. Яны і сталі на некаторы час галоўнымі героямі свята. Усім яго гасцям яны расказалі пра таямнічую папараць-кветку, якая распускаецца толькі на купальскую ноч. Чалавек, які яе знойдзе –  стане самым шчаслівым на зямлі. Толькі нячысцікі паабяцалі, што аддадуць гэты каштоўны дарунак самаму мужнаму спрактыкаванаму і добраму чалавеку. Сцэну злыя сілы пакінулі толькі тады, калі зноў на ёй загучалі вясёлыя песні. На гэты раз людзей весялілі артысты самадзейнага калектыву “Нядзеля” Жыткавіцкага гарадскога Дома культуры. Іх праграма таксама прыйшлася па душы жыткаўчанам.

гарэли агни3Ноч на Купалле – гэта яшчэ і час мноства  разнастайных таямнічых абрадаў.  Таму надзвычай ярка загарэлася купальскае вогнішча, сімвал сонца, абуджэння прыроды, працяг жыцця. Пад музыку і песні народнага ансамбля “Сваты” закружыўся ля агню вялікі карагод з маладых хлопцаў і дзяўчат. Яшчэ адной прыгожай дзеяй свята стала пусканне дзяўчатамі вянкоў на ваду. Для іх гэта сімвалічны абрад, па якім  яны вызначаюць, ці скора выйдуць замуж.

І вось зноў гледачы свята збіраюцца ля сцэны. Яны чакаюць вогненнага шоу. Яно прыводзіць усіх у вялікае захапленне, настолькі віртуозна артысты валодалі полымем, таму па-праву заслужылі апладысменты. Не менш  важкім быў і заключны акорд свята. Яго завяршылі сваім выступленнем самадзейныя артысты народнага ансамбля “Жытніца” гарадскога цэнтра культуры. Да позняй ночы несліся гукі вясёлых песень, аж пакуль не распачалася маладзёжная дыскатэка.

Святочнае мерапрыемства паказала, што на Жыткаўшчыне шануюць свае традыцыі, а тое, што  прысутнічалі  на мерапрыемстве моладзь і дзеці, сведчыць аб адным, што спадчына продкаў будзе і надалей захоўвацца патомкамі.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.