У аматарскага клуба «Дружба», што ў Жыткавічах, — першы юбілей

у дружбыБяседа ва ўдзельнікаў аматарскага клуба “Дружба”, што арганізаваны пры Жыткавіцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва,  прайшла пры вялікай колькасці гасцей, а самае галоўнае, душэўна, ў шчырай і даверліва-цёплай абстаноўцы. І падстава для такой атмасферы была надзвычай важная – клубу “Дружба” споўнілася дзесяць гадоў  з дня заснавання.

У сваё аматарскае аб’яднанне пажылыя людзі сабраліся толькі з адной мэтай, каб несці дабро людзям. На свяце гэта адчувалася ва ўсім. Цэлы відэафільм слайдаў, што дэманстраваўся перад пачаткам мерапрыемства, яскрава сведчыў аб многіх добрых справах дружбаўцаў, якіх за дзясяцігоддзе  яны зрабілі нямала. Пацверджаннем таму  паслужылі віншавальныя і падзячныя словы вядучай, спецыяліста па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра Алены Піраговай, якімі яна вітала гасцей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Пачалася ж урачыстасць вясёлай песняй пра сяброўства. Яе спявалі ўсе прысутныя, бо удзельнікі клуба падрыхтавалі гэты нумар спецыяльна да мерапрыемства. І хаця многія бачылі  тэкст упершыню, але спеў атрымаўся вельмі дружным і аптымістычным.  Нездарма ж кажуць, што з сябрамі можна і горы звярнуць. У зале гучаць дружныя апладысменты. Пад іх выходзіць у цэнтр залы, так бы мовіць, душа гэтага аматарскага аб’яднання, чалавек, які стаяў ля яго вытокаў, Вольга Рудэнкова. Менавіта яна і расказала пра тое, з чаго ўсё пачыналася, пра шлях, якім рухаліся ўдзельнікі клуба ўсе гэтыя дзесяць гадоў.

Было ўсё так. Вольга Адамаўна разам з сяброўкамі ўдзельнічалі ў ветэранскім ансамблі, які працаваў  пры гарадскім цэнтры культуры. Жанчын усё задавальняла, толькі засмучала, што мала ездзяць яны на гастролі. А так хацелася самадзейным артыстам парадаваць творчасцю хаця б жыхароў раёна. Гэтае жаданне і прывяло Вольгу Адамаўну з просьбай  ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва да Алены Саўчыц і дырэктара раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіны Пракаповіч, каб тыя дапамаглі з гастролямі. Адказныя асобы не адмовілі Рудэнковай, па магчымасці выдзялялі транспарт для паездак на канцэрты, часта бралі з сабой на ўласныя мерапрыемствы, каб ветэраны  выступалі перад жыхарамі. Гэтыя стасункі настолькі моцна знітаваліся, што Галіна Пракаповіч прапанавала Вользе Адамаўне стварыць пры тэрытарыяльным цэнтры аматарскае аб’яднанне, і на пастаяннай аснове працаваць ужо пры сацыяльнай установе. Вельмі доўга думалі ўдзельнікі аматарскага клуба, якую даць яму назву. Перабралі іх шмат, але спыніліся на “Дружбе”, бо менавіта гэтае высокае чалавечае пачуццё павінна было натхняць усіх на добрыя і карысныя справы.   Сабраліся ў клубе людзі ініцыятыўныя, творчыя, таму і праца ў іх закіпела вельмі хутка. Збіраліся на свае пасяджэнні, планавалі свае справы, і ў хуткім часе пра дружбаўцаў даведаліся многія жыхары райцэнтра, таму імгненна пашырэлі іх рады. Заявілі ж пра сябе ўдзельнікі клуба моцным валанцёрскім рухам. Свае магчымасці  па гэтым напрамку дзейнасці яны скіравалі на бальніцу сястрынскага догляду. Наведвалі там  бабулек, віншавалі іх са святамі, спецыяльна рыхтавалі для адзінокіх пастаяльцаў падарункі і прысмакі. Паралельна развівалі і ўласныя творчыя здольнасці, так з’явіўся пры клубе самадзейны калектыў “З песняй па жыцці”.  Таму кожнае наведванне бальніцы цяпер яшчэ заканчваецца і канцэртам. Гастрольная дзейнасць ансамбля з таго часу стала вельмі насычанай. Наведваліся на фестывалі, у маланаселеныя вёскі раёна, і ўсюды спевакам з “Дружбы” былі толькі рады, бо выконвалі свае нумары з непадробнай шчырасцю, любоўю, дорачы акружаючым людзям радасць і вясёлы настрой. Пясчанікі, Цімашэвічы, Брагін, Яміцы, Навуць і многія іншыя вёскі і гарады нашага раёна і вобласці – такая  шырокая геаграфія выступленняў артыстаў з ансамбля “З песняй па жыцці”. Зараз гэты калектыў папоўніўся новымі спевакамі, яшчэ мілагучней і весялей загучалі іх музычныя кампазіцыі пад баян бяззменнага акампаніятара Людмілы Янучок.  Усе выканаўцы з’яўляюцца найбольш актыўнымі ўдзельнікамі клуба “Дружба”. Не аднойчы чулі гарачыя апладысменты за сваё майстэрства ўздымаць добрай песняй настрой Вольга Рудэнкова, Уладзімір Крот, Галіна Крот, Іосіф Блоцкі, Любоў Люшкевіч, Антаніна Міхальская, Тамара Вотчыц, Антаніна Шытава. Менавіта за сабой яны вядуць і астатніх удзельнікаў клуба, якіх на цяперашні час налічваецца дваццаць сем. Вось і на юбілеі аматарскага аб’яднання ўсіх сваіх сяброў і гасцей яны не раз радавалі песеннымі нумарамі. Прычым, многія з іх былі дэбютнымі. Гэта толькі надавала настрою прысутным у зале, таму ўсе з вялікім задавальненнем паўдзельнічалі ў віктарыне, якую падрыхтавалі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра.

Увогуле, члены клуба “Дружба” многае робяць сваімі рукамі. Напэўна, і іх свята так прайшло ўдала. На сталах з гарбатай стаялі талеркі з ягадамі. Фрукты вырасцілі ветэраны на ўласных агародах і прынеслі іх, каб пачаставаць сваіх сяброў. А яшчэ усім дарылі мноства кветак, якія таксама з уласных палісаднікаў. Безумоўна, што такая абстаноўка не магла не расчуліць дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Таццяну Казлову, якая віншуючы юбіляраў, адзначыла, што той агеньчык у вачах, з якім пачыналі дружбаўцы, за дзесяцігоддзе разгарэўся ў вялікае полымя, якое цяпер сагравае людскія сэрцы.

— У вас столькі сіл, энергіі, энтузіязма, творчасці, якіх хапае не толькі вам для актыўнага жыцця, але і для іншых, — зазначыла Таццяна Іванаўна. — Каб у будычым гэтыя якасці толькі прымнажаліся, нам, маладым, толькі павучыцца ў вас жыць, бо вы заўсёды маладыя душой.

На прайшоўшай вечарыне з нагоды юбілею ўдзельнікі клуба “Дружба” гэта прадэманстравалі на поўную сілу. Яны спявалі і жартавалі, танцавалі і ўспаміналі, і нікому не хацелася разыходзіцца, бо так добра было ўсім у коле сяброў, якія заўсёды рады сустрэчам адзін з адным.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.