У Жыткавіцкім раёне ідуць да людзей з дабром

соцработникиУ раёне працягваюцца занальныя этапы конкурсу прафесійнага майстэрства сярод сацыяльных работнікаў. Днямі фіналістаў саперніцтва вызначалі сярод працаўнікоў гэтай  спецыяльнасці, якія шчыруюць у населеных пунктах Азяранскага і Перароўскага сельскіх Саветаў.

Падчас мерапрыемства сацыяльныя работнікі ў чарговы раз прадэманстравалі, што ў іх прафесію прыходзяць людзі з асаблівым складам душы і шчырымі адкрытымі сэрцамі. Толькі з такімі якасцямі можна ў гэтай справе дабіцца высокага майстэрства і  здабыць павагу ў людзей.

Столькі многа дабрыні і спагады, гуманізму, творчасці даўно не панавала ў зале Азяранскага маладзёжнага цэнтра культуры, як падчас правядзення конкурсу сярод сацыяльных работнікаў. Станоўчыя эмоцыі выклікалі не толькі выступленні працаўніц, але і прыгожа аздобленая сцэна, выстава  з розных страў, якія прыгатавалі канкурсанткі да мерапрыемства. Менавіта Любоў Макушэнка, начальнік аддзела аказання дапамогі на даму Жыткавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра  сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўляючы ўдзельніц адзначыла, што ў іх руках няпростыя чалавечыя лёсы, што яны дапамагаюць людзям паўнацэнна жыць, засцерагаюць апошніх ад розных неспадзяванасцяў, нават ва ўрон уласным інтарэсам.

— Клопат і міласэрнасць, чуласць і вялікае цярпенне, — гэта галоўная зброя сацыяльнага работніка падчас выканання сваіх прамых паўсядзённых абавязкаў, — зазначыла Любоў Дзмітрыеўна. — Разам з тым, сацыяльныя работнікі раёна  з’яўляюцца вельмі здатнымі людзьмі да творчасці.

соцработники1Такая ёмкая характарыстыка ў адрас сваіх падначаленых ад кіраўніка службы пацвярдзілася галоўнымі дзеямі мерапрыемства. Пад  дружныя апладысменты членаў журы і гледачоў на сцэну выходзяць восем удзельніц саперніцтва: Кацярына Рабірох, Валянціна Акуліч, Таццяна Радчанка, Аляксандра Лескавец, Алена Кулік, Валянціна Цішкоўская, Вікторыя Домніч, Юрый Шулякоў. Цёпла і шчыра канкурсантаў прывітала дырэктар Жыткавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, якая падкрэсліла важнасць такіх мерапрыемстваў для прафесійнага росту, бо конкурс з’яўляецца не толькі спаборніцтвам, але і яшчэ скарбонкай перадавога вопыту, бо падчас саперніцтва дэманструюцца самыя лепшыя напрацоўкі ў прафесіі.

Таму і не дзіўна, што Таццяна Іванаўна прызвала ўсіх, хто выйшаў на сцэну змагацца, адразу адкінуць хваляванні, тады ўсё атрымаецца толькі добра. І, здаецца, што сацыяльныя работнікі прыслухаліся да гэтых слоў, бо ўжо першы этап прайшоў на надзвычай высокім узроўні.  Ён адбыўся пад назвай: “Пчолка-працаўніца – сацыяльны работнік”. І невыпадкова, бо менавіта ў ім канкурсанты павінны былі дэманстраваць сваю працавітасць і прафесіяналізм. З тэатралізаваных сцэнак у пастаноўцы ўдзельніц саперніцтва  вынікала наколькі адказная праца ў сацыяльнага работніка, наколькі шмат у яго абавязкаў. З дэманстрацыі сваіх практычных навыкаў і пачалося змаганне. Сацыяльныя работнікі на сцэне абыгрывалі сваё ўменне выконваць прафесійныя абавязкі пры абслугоўванні сваіх падапечных бабулек і дзядуль. Ролі апошніх па-майстэрску выканалі спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра. Таму экзаменавалі яны канкурсантаў надзвычай строга, ставіліся прыдзірліва да сваіх сацыяльных работнікаў, думалася, што ў тых не вытрымаюць нервы. Але ўсё абыходзілася проста выдатна: сацыяльныя работнікі хадзілі ў аптэку за лекамі, у магазін за прадуктамі, на пошту, каб аплаціць камунальныя паслугі. Акрамя гэтага яшчэ дапамагалі сваім падапечным і па гаспадарцы, паспявалі з імі пагутарыць, паклапаціцца пра іх бяспеку, выканаць мноства спраў. Ці ж гэта не прызнак майстэрства, якое дэманстравалі ўдзельніцы спаборніцтва, прычым рабілі гэта з творчай фантазіяй, што выклікала вялікае захапленне. Канечне, назіраць за дзеяй з глядацкай залы – гэта адно, у штодзённай працы сацыяльных работнікаў усё адбываецца намнога складаней. Скажам, што кожны з канкурсантаў абслугоўвае да дзясятка пажылых людзей, і ў кожнага з іх свой характар, свой лёс, свая сямейная сітуацыя. І менавіта да кожнага патрэбна сацыяльнаму работніку падабраць той адзіны ключык, які дазволіць паспяхова працаваць, наладзіць цесны душэўны кантакт з падапечнымі. І не адзін раз за дзень, а некалькі, часта пераязджаючы з аднаго населенага пункта ў другі. І так на працягу ўсяго года. Незважаючы ні на якія катаклізмы, праяўляючы найлепшыя чалавечыя якасці. Конкурс паказаў, што ў Азяранскім і Перароўскім Саветах усе працаўніцы сацыяльнай сферы шчыра адданыя абранай справе, добра валодаюць не толькі практычнымі навыкамі, але і тэарэтычнымі ведамі. Праверка апошніх і лягла ў аснову другога этапа змагання. Канкурсанткі адказвалі на пытанні, якія тычыліся сацыяльнага заканадаўства, аказання неадкладнай даўрачэбнай дапамогі, забеспячэння мераў пажарнай бяспекі, маральна-эстэтычнага партрэту сацработніка.  Мяркуючы па ацэнкам, што выстаўляла журы, і з гэтым выпрабаваннем усе справіліся паспяхова. Добрая тэарэтычная падрыхтоўка дазваляла ўдзельніцам мерапрыемства атрымаць высокія балы на трэцім этапе, дзе сацыяльныя работнікі  дэманстравалі свае здольнасці па выхаду з пазаштатных сітуацый. Спатрэбіліся тут і веданне псіхалогіі, і спрактыкаванасць, накопленая за многія гады працы. Кажучы пра стаж канкурсантак: складаў ён ад чатырох гадоў  да больш за два дзясяткі. Апошні паказчык сведчыць, што працуюць сацработнікамі людзі невыпадковыя.

Што яшчэ спадабалася на конкурсе прафесійнага майстэрства сацыяльных работнікаў у Азяранах, што яго арганізатары далі ў поўнай ступені праявіць удзельніцам іх творчыя здольнасці. Найперш, гэта было відаць на этапе, дзе канкурсанткі прадстаўлялі свае кулінарныя ўменні, а потым і ў змаганні пад назвай “Жаночы цырульнік”, падчас якога трэба было пагаліць паветраны шар, каб той не лопнуў. Зноў жа, усё прайшло надзвычай паспяхова, а з улікам канцэртных нумароў, якія выканалі супрацоўніцы тэрытарыяльнага цэнтра, у прыватнасці, Людміла Янучок і Людміла Іванова, атмасфера ў зале склалася настолькі дружалюбной, што нават забывалася, што ўсё ж ты знаходзішся на прафесійным спаборніцтве, дзе ёсць пераможцы і прызёры. Старшыня журы, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталля Макарэвіч, пасля віншавальных і падзячных слоў і агучыла іх імёны. Першае месца занялі Алена Кулік і Валянціна Цішкоўская, якія набралі па 147 балаў са 150 магчымых. У гутарцы з жанчынамі выявілася, што на перамогу яны не разлічвалі, вельмі хваляваліся, бо ўзровень усіх канкурсантаў быў вельмі высокі, але адначасова і рады, што атрымалі вышэйшыя ўзнагароды, якія стануць для іх яшчэ адной прыступкай да вяршынь майстэрства.

Своеасаблівай пахвалой майстэрству сацыяльных работнікаў Жыткаўшчыны стала выступленне госці з суседняй Украіны, якая ўважліва назірала за ходам саперніцтва. Ёй было вельмі прыемна бачыць адразу столькі прафесіяналаў, якія штодня ідуць да людзей з дабром, спяшаюцца ім на дапамогу, у чым яна пераканалася асабіста, звяртаючыся да іх. І, напэўна, такія словы падзякі ад старонняга чалавека для ўсіх прысутных спецыялістаў сацыяльнай службы раёна з’яўляюцца найвышэйшай узнагародай, якая выклікае яшчэ большае жаданне працаваць для людзей.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.