Днямі кіраўнікі і спецыялісты аграрнай галіны Жыткавіцкага раёна падчас практычнага семінара абмеркавалі надзённыя задачы, што стаяць перад вяскоўцамі сёння

Семинар-1Удзел у мерапрыемстве бралі старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. Менавіта яны і задалі тон дзелавой размове.

Як было адзначана Аляксандрам Мікалуцкім, зараз у працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў даволі гарачы час. І асноўныя высілкі пасля заканчэння ўборкі збажыны патрэбна засяродзіць на нарыхтоўцы кукурузнага сіласу.

— Многія палеткі каралевы палёў ужо падсыхаюць, таму неабходна значна павялічыць тэмпы ўборкі культуры, — запатрабаваў кіраўнік раёна ад сельгасвытворцаў. — У сіласныя траншэі мы павінны закласці корм высокай якасці, тады атрымаем і добрую аддачу ў жывёлагадоўлі.

Засяроджана ўвага на кормавытворчасці была невыпадкова. Менавіта цана кармоў займае ў структуры сабекошту прадукцыі ферм найбольшую частку. Таму кожны кілаграм павінен прыносіць максімальную аддачу, а гэта магчыма толькі пры строгім захоўванні тэхналогіі закладкі сіласу.

Семинар-3Немалаважнае значэнне на семінары было ўдзелена рабоце жывёлагадоўлі. На малочнатаварных комплексах акцыянернага таварыства “Тураўшчына” спецыялісты-аграрыі пазнаёміліся з тэхналогіяй вытворчасці малака, вырошчвання жывёлы, яе кармлення і ўтрымання. Усе наведаныя фермы акцыянернага таварыства здзівілі ўдзельнікаў мерапрыемства сваёй добраўпарадкаванасцю і чысцінёй. Строгае выкананне тэхналагічных патрабаванняў дазваляе мясцовым працаўнікам паспяхова нарошчваць вытворчасць малака і мяса. Аб тым, як арганізаваны ўсе працэсы, калегам падрабязна расказалі дырэктар гаспадаркі Андрэй Кузьменка і галоўны заатэхнік Сяргей Сацішур. А ганарыцца ім ёсць чым. Светлыя і прасторныя памяшканні ферм, у якіх утульна пачуваюць сябе і каровы, і маленькія цяляты. Абсталяванне таксама найсучаснейшае, таму аператары машыннага даення выконваюць свае абавязкі на высокім узроўні. Заўважым, што на кожным вытворчым аб’екце асобнае месца ўдзялялася арганізацыі кармлення жывёлы. Прычым,  акцэнт рабіўся на рацыянальным скармліванні кармоў. У прыватнасці, у ААТ “Тураўшчына” ўсе яны падаюцца каровам у выглядзе кормасумесяў у строга вызначаны час. Для кожнай групы жывёлы распрацаваны свае рацыёны, што таксама адбіваецца на канчатковым выніку.

— Нават затрымка з раздачай кармоў на 15-20 хвілін прыносіць значныя страты ў вытворчасці малака, — патлумачыў  калегам дырэктар акцыянернага таварыства Андрэй Кузьменка. — Таму мы прымаем вычарпальныя меры, каб не дапускаць такіх сітуацый.  На комплексах пастаянна працуюць пункты прыгатавання кормасумесяў, маецца ўся неабходная тэхніка для іх дастаўкі непасрэдна на кармавыя сталы ў памяшканнях.

Удзельнікі семінара засталіся задаволеныя і тым, як на тураўскіх фермах утрымліваецца маладнячок. Здаровы фізіялагічны стан цялятак наглядна сведчыў, што ім і ўтульна, і сытна. Атрыманне тэхналагічных прываг, асабліва на цёлачным пагалоўі, дазваляе мясцовым жывёлаводам паспяхова вырашаць і задачы па ўзнаўленню дойнага статка, а яшчэ і прадаваць цялушак у іншыя гаспадаркі.

Семинар-2Яшчэ адным важным участкам практычнай часткі семінара стаў палетак, дзе ў акцыянерным таварыстве плануюць пасеяць азімы рапс. Дарэчы, ААТ “Тураўшчына” з’яўляецца адзінай гаспадаркай у раёне, дзе сёлета атрымалі ўраджай гэтай культуры. І па словах дырэктара Андрэя Кузьменкі,  ад пакупнікоў на рапсавае насенне няма адбою. І цана на яго расце даволі імкліва. Таму кіраўнік прызваў калег актыўней займацца вырошчваннем рапсу, не шкадаваць аб затратах на яго апрацоўкі, бо яны вернуцца са значнай выгадай. Да таго ж рапс вельмі добра паляпшае структуру і ўрадлівасць глебы, што таксама гаворыць на карысць гэтай культуры. Падчас семінара на палетку была прадэманстравана тэхніка, што спатрэбіцца аграрыям для правядзення азімай сяўбы і апрацоўкі пасеваў з гэтымі культурамі. Галоўны інжынер райсельгасхарчу Андрэй Ляшкевіч азнаёміў усіх прысутных з тэхналагічнымі настройкамі агрэгатаў і машын.

Не менш плённа працавалі ўдзельнікі семінару і падчас тэарэтычнай часткі, якая прайшла ў малой зале раённага цэнтра культуры. Падчас яе спецыялісты райсельгасхарчу зрабілі дэталёвы аналіз работы жывёлагадоўчай галіны рэгіёна за сем месяцаў. Прычым, вялікая ўвага тут надавалася эканамічнай састаўной гэтай дзейнасці. Нягледзячы на мноства праблем, як зазначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, усё ж зроблены вялікі крок наперад, але спыняцца на дасягнутым няварта, бо вырашаць узнікаючыя пытанні ніхто за нас не будзе. Таму кожны кіраўнік павінен памятаць, што за ім стаяць людзі, іх сем’і, зыходзячы з чаго і павінны арганізоўвацца ўсе вытворчыя працэсы на месцах такім чынам, каб рабочыя выконвалі свае абавязкі з максімальнай аддачай і мелі за сваю працу належныя заробкі.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.