Італьянскія сыры вытворчасці Тураўскага малочнага камбіната сталі ўладальнікамі многіх самых высокіх узнагарод прэстыжных выстаў і конкурсаў

Хвоенкс-Хлупин 007Усяго два гады на рынку, а італьянскія сыры з Беларусі вытворчасці Тураўскага малочнага камбіната сталі ўжо ўладальнікамі многіх самых высокіх узнагарод прэстыжных выстаў і конкурсаў. Брэнд Bonfesto – уладальнік Гран-пры ў прафесіянальнай намінацыі «Брэнд года-2014». Прадпрыемства атрымала дыплом пераможцы, узнагароджана залатым медалём у намінацыі «Харчовыя тавары».

У конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь 2014 года” лаўрэатам прызнаны: адна з навінак прадпрыемства – сыр мяккі “Маскарпоне” з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 78%; сыр мяккі “Рыкота” 40-працэнтны; сыр мяккі “Мацарэла” 45-працэнтны. І ўжо ў бягучым годзе адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўскі малочны камбінат” у саставе холдынгу “Гомельская мяса-малочная кампанія” годна прадстаўляла сваю прадукцыю – мяккія і паўцвёрдыя сыры італьянскай групы – як лепшы брэнд Беларусі Bonfesto на буйнейшай міжнароднай выставе “Прадэкспа” ў Маскве. Словам, натуральная прадукцыя тураўскіх сыраробаў карыстаецца вялікім попытам як у беларускіх, так і ў замежных спажыўцоў.

Што і казаць, бадай-што ні адно прадпрыемства малочнай перапрацоўваючай галіны нашай рэспублікі не заявіла пра сябе так імкліва і ўпэўнена, як Тураўскі малочны камбінат. У маі 2013 года тут была выпушчана першая партыя зусім новай прадукцыі – паўцвёрдых і мяккіх сыроў па італьянскай тэхналогіі. Усяго за два гады з пачатку вытворчасці брэнд Bonfesto стаў вельмі папулярным і любімым у сапраўдных гурманаў. Дзякуючы гэтаму ў Беларусі ўпершыню з’явіліся італьянскі сыры “Правола”, “Мацарэла”, “Рыкота” і многія іншыя.

Варта адзначыць, што падобных унікальных вытворчасцяў, заводаў няма на ўсёй постсавецкай прасторы. У першую чаргу вялізны расійскі рынак стаў галоўным стажыўцом прадукцыі камбіната. Зараз дзесьці 80 працэнтаў усёй выпускаемай прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Цалкам задавальняецца патрэбнасць унутранага рынка. Вельмі смачныя, натуральныя сыры без кансервантаў з малака вышэйшай якасці паступаюць у гандлёвую сетку нашай краіны, ёсць ва ўсіх буйных сеткавых гіпермаркетах.

Дырэктар акцыянернага таварыства Вольга Луцко ведае сваё прадпрыемства, можна сказаць, з дня яго нараджэння. Яна прыйшла сюды яшчэ на завод, які будаваўся, працавала намеснікам дырэктара па вытворчасці, першым намеснікам, выконвала абавязкі кіраўніка, а з лютага 2015 года ўзначальвае калектыў. Мае вялікі вопыт работы ў харчовай прамысловасці.

А пастаўшчыком абсталявання стаў адзін з буйнейшых сусветных лідараў у гэтай сферы – кампанія СМТ з Італіі. Пры самым актыўным удзеле італьянскіх спецыялістаў, інжынераў і тэхнологаў ажыццяўляліся ўстаноўка і наладка абсталявання, адпрацоўвалася рэцэптура, тэхналогія вытворчасці сыроў. Прадуцыя, што вырабляецца тут, — сапраўдны аналаг вядомых італьянскіх сыроў. На прадпрыемстве ажыццяўляецца поўны глыбокі цыкл перапрацоўкі малака, па сутнасці, гэта безадходная вытворчасць, якая адпавядае ўсім экалагічным патрабаванням і нормам. На сённяшні дзень камбінат перапрацоўвае ў суткі да 180 тон малака, выпускаючы мяккія і паўцвёрдыя сыры дзясятка найменняў.

Адзін з галоўных лозунгаў дзейнасці прадпрыемства: якасць – вышэй за ўсё. Увесь час прысутнічае самы высокі кантроль якасці на ўсіх этапах вытворчасці – ад прыёма сыравіны да адгрузкі са склада гатовай прадукцыі. Укаранёны і эфектыўна дзейнічаюць сістэмы бяспекі харчовых прадуктаў і менеджменту якасці. Вытворчая лабараторыя адпавядае ўсім крытэрыям нацыянальнай сістэмы акрэдытацыі Беларусі на адпаведнасць патрабавання СТБ ІСО/МЭК 17025. Тут праводзяцца ўсе неабходныя фізіка-хімічныя, мікрабіялагічныя і радыелагічныя выпрабаванні малака і гатовай прадукцыі.

Канкурэнтныя перавагі акцыянернага таварыства заключаюцца, у прыватнасці, у выкарыстанні высакаякаснай сыравіны – малака класа “Экстра” і вышэйшага гатунку. Тэхналогія дазваляе таксама прымяняць ў якасці сыравіны вяршкі, выкарыстоўваць сыроватку для вытворчасці, напрыклад, такіх сыроў як “Рыкота”. Аптымізацыя ўсёй вытворчай праграмы накіравана на адпаведнасць стандартам ISO і НАССР.

Спецыялісты прадпрыемства сумесна з італьянскімі партнёрамі пастаянна працуюць над новай рэцэптурай, расшыраюць і ўдасканальваюць асартымент прадукцыі. Напрыклад, новым прадуктам, які ўжо ёсць у гандлёвай сетцы, стаў мяккі сыр “Рыкаціна” 50-працэнтнай тлустасці. Побач з іншымі сырамі новы прадукт прапанаваны пакупнікам у зручным міні-фармаце: у адной упакоўцы знаходзяцца дзве бляшанкі па 100 грамаў. Вельмі смачны і карысны сыр “Рыкаціна” можна выкарыстоўваць для прыгатавання розных бутэрбродаў, праявіць фантазію ў сервіроўцы стала, выкарыстоўваць як асобную страву.

Тураўскі малочны – пераканаўчы прыклад выгадных інвестыцый у эканоміку краіны. Сучаснае прадпрыемства з вялікімі перспектывамі далейшага развіцця працуе ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі, паспяхова вырашае пытанні імпартазамяшчэння, пашырае знешнеэканамічнае супрацоўніцтва, павялічвае аб’ёмы экспарту прадукцыі. Яго калектыў уносіць дастойны ўклад ва ўмацаванне эканомікі свайго рэгіёна і ўсёй нашай краіны. Як адзначыла кіраўніцтва прадпрыемства, камбінат ужо ў мінулым годзе ўвайшоў у топ-25 прадпрыемстваў – лідараў эканомікі Беларусі па асноўных паказчыках дзейнасці. А годам раней атрымаў сярэбраную ўзнагароду ў бізнес-рэйтынгу “Лідар галіны”.

Пра высокі ўзровень эфектыўнасці вытворчасці гаворыць той факт, што выпрацоўка на аднаго работніка за мінулы год склала 1,28 мільярда рублёў. Пры ўсіх сённяшніх фінансава-эканамічных складанасцях, асабліва па ўзаемаразліках, прадпрыемства працуе дастаткова стабільна, выконвае прагнозныя паказчыкі. Камбінат актыўна супрацоўнічае з буйнымі вытворчымі калектывамі Беларусі, сярод які таварыствы “Беллакт-сталіца”, “Рэстарацыя” і іншыя, ажыццяўляе прамыя пастаўкі сваёй прадукцыі. Аб’ёмы яе рэалізацыі ўвесь час растуць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Цяпер сапраўдныя італьянскія сыры тураўскай вытворчасці ёсць у буйнейшых гандлёвых сетках.

І ў заключэнні трэба сказаць, што пры ўсіх аспектах і дасягненнях у вытворчасці, на прадпрыемстве заўсёды асаблівая ўвага ўдзяляецца павышэнню ўзроўню матэрыяльнага дабрабыту сваіх работнікаў, сацыяльным праграмам. Камбінат мае развітую інфраструктуру, свой фірменны магазін і кавярню Bonfesto. Запрошаным спецыялістам выдзяляецца службовае жыллё. У работнікаў годныя зарплаты, поўны сацыяльны пакет. А як жа інакш? У прадпрыемства з еўрапейскім узроўнем так і павінна быць.

Сяргей Вільчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.