На палетку акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Жыткавіцкага раёна віншавалі мясцовых хлебаробаў з працоўнымі дасягненнямі

Изображение 044У мінулую суботу толькі першыя промні жнівеньскага сонца дакрануліся да верхавін залацістай збажыны, як на палетку акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, што адразу раскінуўся за аграгарадком Верасніца, пачаўся даволі інтэнсіўны рух людзей і тэхнікі. Механізатары і вадзіцелі, нібы пад шнурок выстройвалі  ў лінейку свае аўтамабілі і камбайны.

Рыхтавалася ўсё быццам для вялікай урачыстасці. Што на палетку маецца адбыцца свята — нагадвалі і прысутныя тут артысты з музычнымі інструментамі. Нагодай для песень і віншаванняў сталі працоўныя дасягненні мясцовых хлебаробаў. Напярэдадні механізатар гаспадаркі Мікалай Струк  пераадолеў рубеж па намалоту ў тысячу тон.   Тры вадзіцелі гаспадаркі Ігар Замжыцкі, Аляксандр Канстанцінаў і Аляксандр Арцюховіч  перавезлі з поля на ток таксама больш за тысячу тон зерня кожны. У адрас гэтых  хлебаробаў, а таксама камбайнераў  Фёдара Мажакі, Івана Ракаўца, Сяргея Самцова і вадзіцеля Міхаіла Акуліча і гучалі шматлікія віншаванні.

Працоўны ўзлёт Мікалая Струка на гэтай і папярэдніх уборках каласавых з’яўляецца справай невыпадковай. Па-першае, механізатар працуе на самым сучасным збожжаўборачным камбайне. І мець нізкія намалоты для чалавека, які прысвяціў амаль усё сваё жыццё сялянскай справе, проста сорамна. Ды і ўраджайнасць на грамадскіх палетках акцыянернага таварыства дазваляе дабівацца высокай выпрацоўкі. Вось гэтыя перавагі і выкарыстоўвае Мікалай Віктаравіч у сваёй працы падчас жніва.

Убіраць збажыну Струку падабалася заўсёды. Яму прыемна па ранішняй жнівеньскай прахалодзе прыходзіць у гараж, каб перад выездам яшчэ раз агледзець  свой “стэпавы карабель”, ад якога ідзе насычаны водар абмалочанай збажыны ўперамешку з пахам  масла і дызельнага паліва. Свая  непаўторнасць ёсць і ў тым, калі вераніца магутных машын, асвятляючы фарамі ўсё наваколле, на змярканні рухаецца па збожжавым палетку. А як моцна ад радасці б’ецца сэрца, калі ў кузаў пад’ехаўшай аўтамашыны моцна стукае пругкі струмень толькі што намалочанага зерня. Мікалай Віктаравіч, — чалавек не шматслоўны, сваё майстэрства даказвае справай. Дзякуючы стараннасці і прафесіяналізму гэта ў яго выходзіць проста выдатна. Вось такому чалавеку на адбыўшымся мерапрыемстве з вялікім задавальненнем паціскаў руку  і ўручаў падарунак старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі.

— Канечне, прыемна, што і на палетках нашага раёна з’явіўся камбайнер-тысячнік, — зазначыў Аляксандр Віктаравіч. — Спадзяюся, што Мікалай Струк да канца жніва значна павялічыць свой асабісты вытворчы рахунак намалочанага зерня. Мне не раз даводзілася бываць на палетках акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, і я бачу, што арганізацыя работы на хлебнай ніве тут знаходзіцца на высокім узроўні, таму і вынікаў дабіваюцца мясцовыя камбайнеры, вадзіцелі нядрэнных.

Изображение 039Горды за сваіх працаўнікоў быў і дырэктар гаспадаркі Андрэй Кузьменка. Ён запэўніў кіраўніка раёна, што земляробы сельгаспрадпрыемства  сёлета ўнясуць свой важкі ўклад у агульнараённы каравай не горшы за мінулагодні. Для гэтага ёсць усе падставы: ураджайнасць складае 57 цэнтнераў з гектара, абмалочана ж толькі крыху больш паловы плошчаў. Валавы збор зерня  перавысіў ужо больш за дзесяць тысяч тон.

Не скупіліся на добрыя словы падзякі і віншаванняў у адрас перадавікоў жніва і іншыя госці: першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Гулюта  і Уладзімір Цімашчэня, кіраўнік раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Наталля Макарэвіч і іншыя. Яны ўручылі кожнаму хлебаробу падарункі і падзячныя лісты. Вельмі пасавала святу і выступленнне самадзейных артыстаў з Верасніцкай установы культуры, якія падарылі механізатарам музычныя нумары. Па добрай традыцыі і гаспадары, і госці  напрыканцы мерапрыемства сумесна  паласаваліся салодкімі прысмакамі з хлебным квасам.

…Сонца ўзнімалася ўсё вышэй і вышэй, нібы прызывала хлебаробаў: пара і за справу брацца. Гэта добра зразумелі ўсе, таму дружна запрацавалі рухавікі камбайнаў і аўтамашын, і іх гул на цэлы дзень стаў музычным рытмам збожжавага палетка. Усім пасля аказанай пашаны працавалася з прыўзнятым настроем, таму што свята для працаўнікоў акцыянернага таварыства стала новым імпульсам і зарадам для яшчэ больш плённых спраў, якіх наперадзе нямала.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.