Помнік бязвінна загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў прайшоўшую суботу ўрачыста адкрылі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна

Памятник-1У той дзень Пагост нагадваў растрывожаны пчаліны вулей. Па нумарах на аўтамашынах можна было вывучаць геаграфію нашай краіны. Менавіта з розных яе куткоў прыехалі выхадцы з населенага пункта, каб аддаць даніну пашаны тым, каму не выпала выжыць у страшным пекле вайны. Таму і не дзіўна, што мясцовая царква не змагла ўмясціць усіх жадаючых мужчын і кабет, дзяцей, якія прыйшлі на памінальны малебен. Пасля яго заканчэння ўсе вернікі хросным ходам накіраваліся ў цэнтр населенага пункта. Тут, ля клуба, і ўстанавілі помнік, ля якога і адбыўся жалобны мітынг.

Месца, дзе размясціўся памятны знак, для кожнага пагастчаніна  вельмі святое. 22 чэрвеня пачалася вайна. А 22 жніўня вёска Пагост панесла значныя страты сваіх жыхароў. Карнікі прыплылі на кацярах і адразу пачалі чыніць расправу над людзьмі. Яшчэ жывыя сведкі таго страшнага дня. Пажылыя мужчыны і жанчыны са слязамі на вачах распавядалі пра падзеі жудасныя для мірных жыхароў населенага пункта. Так, яны тады былі дзецьмі, але нават больш чым праз семдзясят гадоў не забыліся, як  маці іх сабой прыкрывалі ад куль нелюдзяў. Памятаюць, як сагналі гітлераўцы шаснаццаць чалавек у яслі і падпалілі іх разам з жывымі людзьмі. Чатырнаццаць з іх загінулі ў агні, і толькі двум удалося выратавацца. Менавіта на месцы гэтай жудаснай трагедыі і ўстанавілі сваім бязвінна загінуўшым землякам нашчадкі помнік. Усяго за час вайны ў Пагосце ахвярамі гітлераўскіх зверстваў стала больш сямі дзясяткаў жыхароў.

Гэтую высакародную ідэю падаў выхадзец з Пагоста Канстанцін Голад. Менавіта ён разам са сваімі сябрамі ў Расіі закупіў усе элементы для помніка.  Усебаковую падтрымку на ўстаноўку памятнага знака ён атрымаў ад кіраўніцтва раёна, непасрэдна старшыні райвыканкама Аляксандра Мікалуцкага, яго намеснікаў. І праца закіпела. Шмат дапамог у яе арганізацыі старшыня Азяранскага сельвыканкама Міхаіл Аліферавец, які звязваўся з кіраўнікамі прадпрыемстваў, каб даставіць для будоўлі неабходныя матэрыялы.  Усе работы выканалі за лічаныя дні самі жыхары Пагоста. Ігар Кузьміч, Аляксандр Кузьміч, Васіль Саскевіч, Валерый Касцянка, Сяргей Скрыгалоўскі, Віктар Ільеня, Іван Пяшэвіч, Сяргей Карась і многія іншыя. Разам яны залілі пастамент, устанавілі пліты, разбілі ля памятнага знака клумбы, высадзілі на іх кветкі. Атрымалася вельмі добра, што надавала асаблівы каларыт урачыстасці.

Выступіць на мітынгу выказалі жаданне шмат мясцовых жыхароў.  Яны адзінадушна гаварылі, што ўстаноўка ў вёсцы помніка загінуўшым землякам, гэта даніна памяці іх пакутам. І гэта патрэбна больш нашчадкам, каб яны не забываліся на свае карані. Цяпер, як зазначыў старшыня Азяранскага сельвыканкама Міхаіл Аліферавец, патрэбна ўсім прыкласці высілкі, каб на магільныя пліты занесці прозвішчы ўсіх пагастчан, якія загінулі ў віхуры той страшнай вайны.

— Ніводнае прозвішча не павінна быць забытым, — зазначыў Міхаіл Валянцінавіч. — Для гэтага ў нас ёсць цэлы год, каб устанавіць усе імёны, і ў 75-ю гадавіну давесці пачатую справу да лагічнага завяршэння, ускласці ля падножжа манумента пліты з прозвішчамі.

Ініцыятыву жыхароў Пагоста ўхваліў і першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай П’яўко. Ён адзначыў, што менавіта такімі ўчынкамі вымяраецца грамадзянская свядомасць і патрыятызм, любоў да свайго роднага краю.

Памятник-2…Спадае з абеліска белае покрыва. Яго знімаюць прадстаўнікі ўлады, выбітныя пагастчане, сведкі тых страшных ваенных падзей. Пад гукі малітвы святары асвяшчаюць манумент. І адразу ж ля яго з’яўляюцца жывыя кветкі, якія ўскладаюць жыхары і госці. Гожа дапаўнялі ўрачыстасць сваімі выступленнямі самадзейныя артысты мясцовага клуба, Дварэцкага дома культуры, Азяранскага маладзёжнага цэнтра культуры. Песні і вершы патрыятычнай тэматыкі  краналі душы і сэрцы ўдзельнікаў мітынгу. І кожны жыхар пакідаў святую мясціну з адной думкай, што памятаць пра мінулае патрэбна, каб жыць далей.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.