Земляробы КСУПа “Бялёў” Жыткаўшчыны даволі паспяхова справіліся з абмалотам каласавых

Изображение 008У гэтай высакароднай справе своечасовую і важкую дапамогу мясцовым хлебаробам аказалі калегі з іншых сельгаспрадпрыемстваў.

На перадавіка сёлетняга жніва Аляксандра Гаўрылава  ў дзень нашага  наведвання гаспадаркі без  жалю нельга было глядзець.  Механізатар са шкадаваннем і расчараваннем хадзіў ля свайго камбайна, які не вытрымаў напружання ўборкі і зламаўся.

— Канечне, хацелася яшчэ больш палепшыць свой вытворчы рахунак па намалоту, але, на жаль, не выйшла, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. — Напэўна, без мяне закончаць хлопцы.

Пасля гэтых слоў камбайнер з надзеяй паглядзеў на дырэктара Уладзіміра Ачапоўскага, які ўвесь час некуды тэлефанаваў з мабільнага, шукаючы патрэбную запчастку.

— Нічога, выправім сітуацыю, — упэўнена паабяцаў кіраўнік механізатару. — Яшчэ на дапамогу іншым суседзям убіраць збажыну паедзеш.

Гэтая ўпэўненасць кіраўніка перадалася і маладому хлебаробу. Аляксандр, крыху супакоіўшыся, расказаў, што сёлета намалаціў амаль сямсот тон зерня. Па гэтым паказчыку нават пабіў сваё мінулагодняе дасягненне на жніве. Працуе на камбайне другі год. Свой КЗС хваліць, машына вельмі добрая, пяць сезонаў адпрацавала бездакорна. Маладосць не стала перашкодай для механізатара набіраць максімальную колькасць тон. Бо ён вельмі адказна і старанна ставіцца да справы, якую яму даручаюць, таму і выконвае яе вельмі добра. Менавіта гэтыя якасці, якімі валодае не толькі Гаўрылаў, але і іншыя працаўнікі гаспадаркі, дазволілі ім вырасціць і ўбраць добрую збажыну.

Так, сёлетні хлеб нялёгка даўся бялёўскім працаўнікам. Вясной прыйшлося перасяваць многія гектары загіблых каласавых. Але гэтыя высілкі сябе апраўдалі. Напрыклад, авёс ў гаспадарцы на некаторых палетках даў па пяцьдзясят пяць цэнтнераў зерня з гектара. Ды і само жніво складвалася надзвычай няпроста. Прычына таму — слабасць камбайнавага парку. Усяго дзве ўласныя машыны ўдалося выкарыстаць на поўную сілу на абмалоце збажыны.

— Каб не суседзі, нават не ведаю, наколькі б яшчэ расцягнуліся тэрміны жніва, — зазначае Уладзімір Ачапоўскі. — Без страт бы не абышлося, а так управіліся аднымі з першых у раёне.

Сапраўды, камбайнеры з іншых гаспадарак проста выратавалі сітуацыю ў КСУПе. Напачатку на дапамогу механізатарам сельгаспрадпрыемства прыбыў на сваім “стэпавым караблі” Яўген Собалеў з  ААТ “Жыткавічыхімсервіс”.  Яго прадпрыемства першае закончыла жніво, і ў гэтым заслуга Собалева, бо менавіта ён справіўся сам з усім 147-гектарным клінам каласавых, выдаўшы амаль чатырыста тон хлеба. Прыкладна ж столькі ён намалаціў і на бялёўскіх збожжавых палетках. Значна весялей пайшлі справы на ніве сельгаспрадпрыемства “Бялёў”, калі на ёй пачалі працаваць камбайнеры КСУПа “Коленскае”. Дырэктар гэтай гаспадаркі накіраваў да суседзяў цэлы механізаваны атрад з шасці камбайнаў і МАЗа, а таксама пажарнай аўтацыстэрні. У яго складзе такія вопытныя працаўнікі як Сяргей  Шапавалаў, Мікалай  Дамарад, Юрый Сакула,  Мікалай Хільман, Дзмітрый Туравец, Анатоль Некрашэвіч, Сяргей Кароткі. Эксплуатацыйна-арганізацыйную частку структурнага падраздзялення забяспечваў Мікалай Шапавалаў, а супрацьпажарную Андрэй Чарнушэвіч.  Дзённы намалот дзякуючы такой тэхнічнай падтрымцы і людской стараннасці з Кольна павялічыўся ў некалькі разоў. Толькі коленскія камбайнеры  за дзень выдавалі амаль па дзвесце тон зерня. Несумненна, гэта стварыла пэўныя цяжкасці для работнікаў збожжатока. Усё ж, як ні кажы, а магутнасці яго не разлічаны на такія аб’ёмы.  Але тут плячо падтрымкі дарослым падставілі старшакласнікі Бялёўскай школы. Да паўсотні дзяўчынак і хлопчыкаў  прымалі непасрэдны ўдзел у дапрацоўцы збажыны. Яны падтрымлівалі на таку парадак, загружалі напольныя сушылкі, пералапачвалі зерне ў буртах, выконвалі іншыя работы, на якія школьнікаў накіроўваў загадчык структурнага падраздзялення Павел Галавач.

Изображение 003— Дзеці не падвялі ні разу, — расказвае начальнік збожжатока. — Яны настолькі аддана шчыруюць, што проста душа радуецца — растуць сапраўдныя гаспадары роднай зямлі. Менавіта дзякуючы стараннасці  старшакласнікаў сельгаспрадпрыемства паспяхова падрыхтавала партыі зерня для продажу дзяржаве.

Гэта сведчыць аб адным, што сёлета бялёўскія земляробы, нягледзячы на цяжкасці, з багатым ураджаем, які сабралі практычна поўнасцю. Валавы збор пры сярэдняй ураджайнасці 33,8 цэнтнера з гектара дасягнуты ў памеры амаль дзве тысячы тон. Хаця напружання на палетках не паменшала. Актыўна вядзецца закладка кармоў, прасаванне і ўборка саломы, падрыхтоўка глебы да будучай сяўбы азімых культур. Як сказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Ачапоўскі, адправяцца яго камбайнавыя экіпажы і на дапамогу тым гаспадаркам, дзе яшчэ не поўнасцю абмалацілі збажыну. Нездарма ж існуе ў вяскоўцаў прынцып: справіўся сам, — дапамажы і суседу.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.