Новымі прадуктамі папоўніўся асартыментны пералік сыроў Тураўскага малочнага камбіната

321[1]Нягледзячы на ўсе складанасці і цяжкасці, якія зараз перажываюць практычна ўсе прадпрыемствы малочнай галіны, Тураўскі малочны камбінат першае паўгоддзе 2015 года завяршыў з чыстым прыбыткам. Новымі прадуктамі папоўніўся асартыментны пералік сыроў.

Так, акрамя класічнай рыкаціны, тут распачалі вытворчасць “Малочнага шакаладу” і “Тофі-карамелю”, а таксама рыкоты з такімі напаўняльнікамі як груша, мёд, яблыка, карыца, дыня. А пашырэнне асартыменту дазволіла павялічыць вытворчасць рыкоты больш чым у 2 разы.

У планах акцыянернага таварыства – далейшае нарошчванне вытворчых магутнасцей. У прыватнасці, да канца года тут плануюць выйсці на перапрацоўку 250 тон малака ў суткі, а ў 2016-2017 гадах павялічыць яе да 400 тон. На прадпрыемстве створана рабочая група з высокакваліфікаваных спецыялістаў, прыцягнуты замежныя кансультанты з мэтай пашырэння і дааснашчэння вытворчасці. У гэтым накірунку тут актыўна працуюць: вядуць перамовы па закупцы тэхналагічнага абсталявання, заключаюць кантракты, шукаюць новых пастаўшчыкоў малака.

Толькі сялянская гаспадарка Міхаіла Шруба дае заводу ў суткі 10 тон высокаякаснага малака. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра” рыхтуецца да ўводу ў эксплуатацыю новая малочнатаварная ферма, якая дазволіць значна павялічыць вытворчасць малака.

Усяго ў жніўні было перапрацавана 5700 тон малака. Удзельная вага гатунку «экстра» склала 62,6 працэнта. Нарошчванне аб’ёмаў закупу стала магчымым як за кошт сезоннага росту прапаноў з боку асноўных пастаўшчыкоў прадукцыі, так і за кошт прыцягнення новага партнёра з Рагачоўскага раёна — ААТ «Ціхінічы». У выніку выпуск гатовай прадукцыі за месяц перавысіў 641 тону.

Як паведаміла начальнік службы развіцця і маркетынгу ААТ «Тураўскі малочны камбінат» Наталля Чэрнік, удзельная вага экспарту ў аб’ёме рэалізаванай прадукцыі ў жніўні склала 80,5 працэнта. Да таго ж у мінулым месяцы быў дасягнуты значны вынік у сферы пашырэння рынкаў збыту — адгружана першая партыя прадукцыі ў Кыргызстан.

Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.