Пачынаць трэба з сябе, — у гэтым перакананы ляснічы Мілевіцкага лясніцтва ДЛГУ «Жыткавіцкі лясгас» Юрый Талянін

Изображение 152Праца яго адзначана нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі  “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”.

Сваю высокую ўзнагароду ён раздзяляе з усім калектывам, якім кіруе ўжо 9 гадоў. А ўсяго выпускнік Полацкага галіновага тэхнікума на розных пасадах аддаў лесу без малога чвэрць стагоддзя. “Адзін у лесе, як і ў полі, не воін”, —справядліва лічыць Юрый Васільевіч. — Калі ёсць моцны касцяк, тады і вынікі адпаведныя будуць”.

Мілевіцкае лясніцтва, дзе налічваецца 25 работнікаў, заўсёды было адным з самых лепшых ў лясгасе падраздзяленняў. Здаецца, усе маюць аднолькавыя ўмовы, і дрэвы растуць тыя ж, і людзі працуюць, але вынікі дзейнасці ва ўсіх розныя. Не іначай кіраўнік валодае нейкім сакрэтам умелай арганізацыі калектыву, раз тут заўсёды паспяхова спраўляюцца з вытворчымі задачамі.

Лес патрабуе не меншага клопату, чым любая іншая культура, проста старонняму чалавеку гэта не заўсёды бачна. Затое лесаводы пра тое ведаюць дакладна, бо догляд за насаджэннямі – іхняя паўсядзённая работа. У пару высадзіць маленькія 10-сантыметровыя сеянцы, паклапаціцца пра падрастаючыя дрэўцы, жыццё якім далі калегі-папярэднікі, абараніць лес ад шкоднікаў і агню, каб праз паўстагоддзе, а то і больш, будучаму пакаленню дачакацца спелага ўраджаю – і так з дня ў дзень.

Плошча Мілевіцкага лясніцтва складае больш за восем с паловай тысяч гектараў. Яно нездарма лічыцца доследным, бо на яго тэрыторыі вядзецца работа па апрабацыі перспектыўных культур, гэта свайго рода навуковая пляцоўка. На ўчастках вырошчваюць ліственіцу еўрапейскую, дуб чарэшчаты, чорную вольху, ліпу. А яшчэ лясніцтва забяспечвае сваіх калег выдатным пасадачным матэрыялам, у гадавальніку штогод атрымліваюць па 850 тысяч якасных сеянцаў сасны. Цесную сувязь падтрымліваюць лесаводы са школьным лясніцтвам, далучаючы вучняў да высокароднай справы. Дзеці дапамагаюць дарослым у лесапасадцы, зборы жалудоў і шышак, навядзенні парадку ў кварталах і абапал дарог.

Кіраўнік падраздзялення Юрый Талянін упэўнены ў дзейснай сіле ўласнага прыкладу: патрабавальны да сябе, ён і з падначаленых пытае строга, але за свой калектыў пры гэтым стаіць гарой. У дзяцінстве яго звалі Гагарыным, таму што нарадзіўся ў красавіку 1961 года, калі першаму зямляніну пакарылася касмічная прастора. У гонар знакамітага цёзкі рычовец Талянін атрымаў і сваё імя. І няхай не марыў ён, як большасць равеснікаў, пра палёты ў стратасферу, сваёй вышыні дасягнуў на зямлі – выдатнай працай і людской павагай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.