Студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Палешукі” з Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя напрыканцы жніўня накіраваўся ў Расійскую Федэрацыю

студотрядЯшчэ адзін працоўны дэсант з навучальнай установы паедзе ў суседнюю краіну ў верасні.

У першым атрадзе трыццаць юнакоў. Яго ўзначаліў лепшы камандзір  вобласці Віктар Кочка. Пакуль хлопцы загружалі свае рэчы ў аўтобус, развітваліся з бацькамі і сябрамі, Віктар Канстанцінавіч падрабязна расказаў, чым яны будуць займацца ў Расіі:

— Ужо не першы год нашы ліцэісты ездзяць на ўборку ўраджаю ў гаспадаркі Падмаскоўя. Сёлета ўвогуле мы нават прымалі там удзел у пасяўной, таму, так бы мовіць, едзем збіраць тое, што ўласнаручна пасадзілі. Па гэтай прычыне настрой вельмі добры, усіх хлопцаў  адразу нацэльваю на плённую і старанную працу, усё ж  гэта цудоўная магчымасць для іх зарабіць грошы на свае ўласныя патрэбы.

Студатрад ліцэістаў, па словах яго камандзіра, мае і яшчэ адно важнае прызначэнне. Для  юнакоў, асабліва тых, што стаяць на розных прафілактычных уліках, фарміраванне выконвае своеасаблівую функцыю па перавыхаванні.  У атрадзе на час работ Віктар Кочка ўстанаўлівае жалезную дысцыпліну, падтрымлівае прынцып калектывізму: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

— Цяперашні склад студатрада ў асноўным сфарміраваны са старшакурснікаў, — расказвае Віктар Канстанцінавіч. — Усе яны неаднойчы ўжо былі на сельгасработах у Расіі. Для хлопцаў гэта яшчэ адзін шанц праверыць  сябе на прафесійную прыгоднасць, наколькі свядома яны абралі спецыяльнасці ў нашай навучальнай установе. У сваёй большасці цяперашнія нашы навучэнцы —- будучыя працаўнікі гаспадарак.  А вось для першакурснікаў, іх у студатрадзе сёлета няшмат, паездка з’яўляецца добрай  падставай для наладжвання сяброўскіх сувязей з тымі хлопцамі, з якімі давядзецца вучыцца.

Канечне,  месяц, што правядуць байцы-ліцэісты ў Падмаскоўі, для іх будзе насычаны не толькі стараннай працай, але яшчэ і карысным правядзеннем вольнага часу. Для іх будуць арганізоўвацца экскурсіі па найбольш знакавых мясцінах расійскага рэгіёна. Як адзначылі самі ліцэісты, яны ўпэўнены, што  сваёй працай яны толькі ўзнімуць прэстыж сваёй навучальнай установы і вернуцца дадому з падзякамі ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў, дзе будуць шчыраваць.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.