Ансамбль “Дубравіца” наведаўся ў аграгарадок Рычоў

дубравицаЧарговае знакавае мерапрыемства па захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны нашых продкаў правялі ўдзельнікі народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” , што працуе пры раённым цэнтры фальклору. На гэты раз яны наведаліся ў аграгарадок Рычоў. А падставай для такой паездкі стаў 65-гадовы юбілей са дня стварэння мясцовага народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца”.
— У нас ёсць добрая традыцыя, — распачала свята вядучая ўрачыстасці Надзея Некрашэвіч, — не забываць, а гаварыць словы ўдзячнасці тым, хто захоўвае, прымнажае, прапагандуе народную песню, абрады і рамёствы старэйшых пакаленняў. І самадзейны калектыў з Рычова ў гэтай важнай справе праяўляе вялікую актыўнасць і належную стараннасць.
Таму і зразумела, што аднавяскоўцы, якія прыйшлі ва ўстанову культуры на ўрачыстасць, выхад ансамбля на сцэну віталі надзвычай гарачымі апладысментамі. У спалучэнні з песняй, якую выконвалі артысткі, такі прыём выклікаў у прысутных і імяніннікаў непаўторныя пачуцці гонару за свой край, за тое, што ў ім ёсць здольныя і творчыя людзі, якія многа робяць дзеля яго росквіту. Шэсцьдзясят пяць гадоў на сцэне для творчага калектыву гэта даволі значны часавы адрэзак. За гэты перыяд спявачкі з “Дубравіцы” выканалі шмат розных песень. Сваім майстэрствам яны з’яўляліся своеасаблівым дыяментам на многіх канцэртах, конкурсах і фестывалях як у раёне, так і вобласці. Неаднаразова станавіліся дыпламантамі і лаўрэатамі такіх мерапрыемстваў. Хочацца адзначыць, што ансамбль “Дубравіца” ў сваіх выступленнях не абмяжоўваецца толькі выкананнем песень, адметнай іх рысай з’яўлялася і з’яўляецца тэатралізацыя. Асабліва, калі спяваюцца каляндарна-абрадавыя песні да такіх святаў як Каляды, Масленніца, Яблычны Спас і іншых.
Кажуць, што песні з’яўляецца душой народа. Менавіта ў іх закладзены яго памкненні, пачуцці, якія потым ператвараюцца ў добрыя справы на карысць роднай зямлі. І гэта на працягу многіх гадоў даносяць сваім выканальніцкім майстэрствам рычоўскія спявачкі. На цяперашні час у складзе народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца” 13 жанчын. Заўсёды з іскрынкай у вачах яны спяшаюцца на свае рэпетыцыі, адкладваючы нават самыя пільныя хатнія справы. І ў гэтым іх сэнс жыцця. Асабліва для жанчын, якія прыйшлі ў калектыў са дня яго заснавання. У ліку ветэранаў ансамбля Марыя Лазіцкая і Ганна Буряк. Але, нягледзячы на ўзрост, іх галасы і зараз вызначаюцца і меладычнасцю. Гэта яны прадэманстравалі са сцэны, выканаўшы песню. Памяць артыстак свята захоўвае ўсе найважнейшыя вехі ў творчай дзейнасці калектыву: калі ўпершыню па прызыву настаўніка Рычоўскай сярэдняй школы Васіля Лукашэвіча прыйшлі на рэпетыцыю ансамбля, як шліфавалі сваё выканальніцкае майстэрства, каб папоўніць рэпертуар, запісвалі ад старажылаў песні, што бытавалі ў вёсцы. Асабліва старалася ў гэтай нялёгкай працы Ганна Буряк. Таленавітая спявачка ў 1999 годзе ўзначаліла “Дубравіцу” Менавіта пад яе кіраўніцтвам у 2005 годзе калектыву было прысвоена ганаровае званне “народны”. Ганна Мікалаеўна не толькі вучыць спяваць выканаўцаў без музычнага суправаджэння, але і з’яўляецца аўтарам многіх тэатралізаваных кампазіцый ансамбля. Хаця нельга адмаўляць, што “Дубравіцы” заўсёды вельмі шанцавала на выдатных музыкаў-інструменталістаў. У розныя часы самадзейным артысткам акампаніравалі Міхаіл Краснік, Анатоль Кавалевіч. Ад іх эстафету пераняў Мікалай Бічка. Мікалай Сцяпанавіч не толькі віртуозна валодае баянам, але яшчэ і хораша спявае, таму не раз падчас канцэрта ён дэманструе сваё вакальніцкае майстэрства.
Канечне ж, словы ўдзячнасці на святкаванні юбілею былі і выказаны тым удзельніцам фальклорнага гурта “Дубравіца”, каму па стану здароўя прыйшлося пакінуць любімую справу. У ліку такіх Кацярына Петрушкевіч, Ганна Рыдзецкая, Ганна Матарас. А вось Ларысе Марціноўскай на мерапрыемстве прыйшлося атрымаць, так бы мовіць, двайную порцыю віншаванняў: з нагоды юбілею свайго любімага калектыву, і ўласнага дня нараджэння. Святочнасць атмасферы ў Рычоўскай установе культуры падтрымлівалася ў той урачысты вечар не толькі песнямі і музыкай, а і падарункамі, якія для юбіляраў падрыхтавалі кандыдат фізіка-матэматычных навук, старшы навуковы супрацоўнік інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Мікалай Саскевіч, а таксама кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама. І канечне ж, народны ансамбль “Вечарніца”, які падараваў калегам па творчым цэху і ўсім жыхарам аграгарадка цудоўны канцэрт. Менавіта на такой мажорнай ноце скончылася ўрачыстасць з нагоды 65-годдзя народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца”. І гэта невыпадкова, бо ўсім было відавочна, што калектыў яшчэ не вычарпаў свой творчы патэнцыял, дзякуючы таленавітасці ўдзельнікаў яшчэ не раз будуць гучаць словы вядучых: “Сустракайце! На сцэне народны калектыў “Дубравіца”!” І задорна, звонка пальецца песня роднага краю ў выкананні артыстак, каб зноў землякі атрымалі асалоду ад яе чароўнай прыгажосці. Бо не любіць яе немагчыма.
Сяргей Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.