Прыпяць “атакуе” Перароў…

переров1Вёска Перароў – адзін з самых прыгожых, маляўнічых і “рыбацкіх” населеных пунктаў нашай зялёна-блакітнай Жыткаўшчыны. Як паведамілі нам у мясцовым сельсавеце, зараз тут жыве 324 чалавекі. Але ў летні перыяд адпачынку гэтая лічба значна ўзрастае: прыязджаюць да мясцовых жыхароў родзічы, знаёмыя, наведваюцца дачнікі, каб парыбачыць, адпачыць на ўлонні даволі маляўнічай прыроды. Маніць усіх да сябе, прыцягвае нябачным магнітам Прыпяць-прыгажуня з яе старыцамі і затокамі, у якіх вольна пачуваюць сябе акуні і шчупакі, судакі і самы.
Але вось парадокс: калі для адных Прыпяць — гэта амаль што райскі адпачынак у любую пару года, то для другіх жыхароў Перарова яна становіцца ўсё большым кашмарам як днём, так і ноччу, калі часта вельмі дрэнна спіцца. І ў першую чаргу гэта датычыць перароўцаў, якія жывуць на вуліцах Пралетарскай — звыш 10 сем’яў. З непакоем і страхам глядзяць яны на правы круты бераг Прыпяці, які з кожным годам усё шчыльней набліжаецца да іх агародаў і дамоў…
Прыпяць тут падбіраецца да вёскі як хітры разбойнік – патроху і ўпотай. Яна выбрала для свайго падкопу менавіта гэты, высокі бераг, які то нябачна, здрадліва падмывае, то ў час веснавой паводкі абрушвае ўніз цэлымі пластамі-глыбамі зямлі. Стаяць на краёчку берага вельмі небяспечна, бо ў любое імгненне можна разам з зямлёю шухнуць уніз. Як расказваюць месцічы, некалі тут, на беразе ракі, быў стадыён, стаяў дом бакеншчыка, раслі высачэзныя прыгажуні-вербы, а зараз нічога гэтага няма — іх збаёдавала стыхія, нібы нябачная, пачварная карова языком злізала…
— Мы жывём на вуліцы Пралетарскай 17 гадоў, — расказвае работніца паштовага аддзялення Алена Швед. — У час засялення ў агародзе налічвалася 45 сотак зямлі, а зараз засталося 25, астатнія рака забрала. І хаця гэты год надзвычай сухі, тым не менш бераг па-ранейшаму абвальваецца. Як сцвярджае наш сусед, сёлета ён наблізіўся да нас яшчэ на паўтара метра. Мы і подпісы збіралі, звярталіся ў розныя інстанцыі, толькі па сённяшні дзень ніхто не можа дапамагчы ў супрацьстаянні гэтай пагрозе.
У сярэднім, як палічылі мясцовыя жыхары, Прыпяць набліжаецца за год да крайніх хат Перарова на два метры. Іван Сакалоўскі, які адпачываў у альтанцы непадалёку ад ракі, сказаў, што месца адпачынку даводзіцца пераносіць у бок дома, інакш падмые. Вандруючы ўздоўж берага, мы звярнулі ўвагу і на наступны малюнак: ад новага, дыхтоўнага дома асфальтаваная дарожка не дабягае да берага метраў на дзесяць… Усё правільна, навошта гаспадару рызыкаваць і дарэмна траціць матэрыял?
Было б няпраўдаю сказаць, што вяскоўцам, якія жывуць быццам на парахавой бочцы, ніхто не спрабаваў дапамагчы. Як успамінае старшыня сельсавета Ганна Вашкова, гадоў дзесяць назад у вёску прыязджала вялікая камісія, каб абараніць людзей ад вады дамбай. Работнікі сельсавета абышлі ўсе падворкі, але гаспадары падпісаліся супраць гэтай пабудовы. Па-першае, двух-трохметровая дамба пралегла б уздоўж берага і цалкам адрагадзіла б людзей ад ракі.. А для мясцовых рыбакоў і паляўнічых, што выраслі на Прыпяці, гэта сапраўдная бяда. Па-другое, многія сумняваліся: ці надоўга хопіць такога ўмацавання?
Самастойна ўмацоўваць бераг насупраць свайго селішча – занятак не танны. Адна з жанчын сказала: “З мужам мы падлічылі, што для выратавання нашай сядзібы трэба 50-100 машын шчэбню. Адзін грузавік каштуе прыкладна 400 долараў. Дзе ўзяць такія грошы?”
Гаспадары аднаго з падворкаў абаранілі сваю частку берага гравіем і пакрышкамі. Звязалі іх між сабой, а ўнутры засыпалі каменнямі. А трымалася своеасаблівая сцяна, якая, як сказалі, абараняла ўсяго два гады…
Мясцовыя жыхары гавораць, што дзесьці ў 2012-м ці 2013-м годзе ў вёску прыязджалі спецыялісты з Пінска, нешта вымяралі, раіліся, а затым паехалі і — цішыня. Як высвятлілася, тыя прыезджыя былі з “Палессегіправодгаса”. Менавіта гэтая арганізацыя па заказу “Белводгаса” і распрацоўвала метады і спосабы абароны населенага пункта ад воднай стыхіі. Варыянтаў было два. Адзін з іх — выпраміць рэчышча ракі і накіраваць Прыпяць улева ад вёскі. Другі — зрабіць уздоўж берага металічныя шпунты. Як зрабілі выснову тады работнікі “Белводгаса”, прасцей і танней было выпраміць раку. Толькі кіраўніцтва Прыпяцкага нацыянальнага парка, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска Перароў, гэтую ініцыятыву не падтрымала. Спыніліся на шпунтах. Тады, у 2011 годзе, гэта абышлося б у 6-7 мільярадаў рублёў. Але адбыліся пэўныя змены ў эканоміцы, сума рэзка ўзрасла, работа спынілася. На сённяшні дзень кошт такой абароны складае дзесьці 20 мільярдаў рублёў. А такіх грошай для гэтага ў бюджэце няма.
…Некалі, будуючыся тут, гаспадар казаў з гонарам: хачу, каб з маёй хаты бачна была Прыпяць. Зараз для жыхароў вуліцы Пралетарскай вёскі Перароў тое ранейшае гарачае жаданне становіцца прароцкім кашмарам. Што будзе далей? Пакуль усе яны ва ўладзе непрадбачнага лёсу…
Сяргей Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.