Прайшоў чарговы рэйд па Жыткавіцкаму раёну

Падчас чарговага рэйду ў поле зроку спецыялістаў мабільнай групы райвыканкама трапілі будаўнічыя і дарожна-будаўнічыя арганізацыі. Як засведчылі вынікі праверак, наведаліся туды адказныя работнікі раённых службаў своечасова, бо да парадку з тэхнікай бяспекі і аховай працы, а таксама з санітарыяй у арганізацыях маецца яшчэ нямала нявырашаных пытанняў. Менавіта падчас маніторынга і было ўказана на шматлікія недахопы ў вышэйзгаданых сферах дзейнасці.
Найперш спецыялісты мабільнай групы райвыканкама пабывалі на вытворчай базе Жыткавіцкай ПМК -76 ААТ “Гомельсаўгасбуд”. Яшчэ не пераступілі і прахадной вытворчых аб’ектаў, як адразу ж выказалі нараканні на стан прылягаючай тэрыторыі. Няцяжка здагадацца чаго, на ёй не падтрымліваецца належны парадак. Сярод іншых патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага закана-даўства, што неналежна выконваюцца ў арганізацыі, работнікам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адзначаны наступныя: кантэйнерная пляцоўка для збору цвёрдых адходаў не агароджана з трох бакоў, пры ўмывальніках адстунічаюць мыючыя сродкі і індывідуальныя ручнікі або электрасушылкі, гразна ў бытавых памяшканнях, там жа не адрамантаваны кран умывальніка. Не прадугледжана будаўніцтва наружнай каналізацыі на прамысловай пляцоўцы (зона для мыйкі транспарта) для падачы вады на вытворчыя патрэбы і для адводу вадзяных сцёкаў. Праверка паказала, што не вельмі турбуюцца ў будаўнічай арганізацыі адказныя работнікі і пра камплектацыю аптэчак першай медыцынскай дапамогі. У гардэробнай такая неабходная і важная рэч адсутнічала зусім, а ў такарным цэху ў аптэчцы знаходзіліся лекі з выйшаўшым тэрмінам карыстання. Аналагічнае парушэнне выяўлена і ў аўтобусе АВ 7870 -3.
Не парадавалі будаўнікі мабільную групу ўзорным парадкам і ў плане выканання заканадаўства, якое тычыцца аховы працы. Вось усяго толькі некаторыя прыклады нядбайнасці і недапрацовак. Адсутнічае агароджа заціскнога патрона на такарным станку, на нажніцах крывашыпных няма зазямлення, дарэчы, яны ўведзены ў эксплуатацыю без праверкі іх на адпаведнасць правілам па ахове працы, без агароджы зоны рэза. Пералік парушэнняў, што выяўлены пры эксплуатацыі гэтага станка можна працягнуць яшчэ, але хаця гэтае абсталяванне і стала своеасаблівым рэкардсменам у плане невыканання правілаў па стварэнні бяспечных умоў працы работнікаў, варта сказаць, што і месца працы спецыяліста, які абслугоўвае станок, закідана адходамі металу, смеццем, інструментам. Разам з тым і ля іншага тэхналагічнага абсталявання спецыялістам-будаўнікам варта паклапаціцца, каб не ўзнікла якой-небудзь пазаштатнай сітуацыі. Для прыкладу, парушана ізаляцыя зварачнага кабеля, на рэдуктары, што ўстаноўлены на балоне з прапанам, няспраўны манометр, не заземлены корпус трансфарматара зварачнага апарата, дапускаецца прыём ежы работнікамі ў цэху па апрацоўцы металу побач з незамацаванай электрычнай разеткай, у якую ўключаецца электрачайнік.
Не менш пільную ўвагу правяраючыя ўдзялялі і аглядальнай канаве. Гэтае збудаванне не мае накіроўваючых рэбраў для папярэ-джвання падзенння транспартных сродкаў пры іх руху, яно не абсталявана стацыянарнымі ўпорамі для колаў, мае ўсяго толькі адну лесвіцу, ды і то на час работы мабільнай групы спуск у канаву і пад’ём з яе былі перакрыты пастаўленай там аўтамашынай. Прычым, аўтамабіль не надзейна зафіксавалі ад перамяшчэння ўздоўж восі: супрацьадкатны ўпор устанавілі з аднаго боку кола. Забыліся ў ПМК-76 выдаць рабочаму, што разбіваў у той дзень заляжалы цэмент індывідуальны распіратар. Увогуле на вытворчай базе выяўлена парушэнняў, якія тычацца толькі заканадаўства па ахове працы, больш чым дваццаць.
Магчыма, нехта палічыць, што ўсё гэта дробязь, на якую і ўвагі звяртаць няварта. Толькі са статыстыкай не паспрачаешся. За гэтую вось, так бы мовіць, дробязь рабочыя на вытворчасці даволі часта расплачваюцца сваім здароўем, а то нават і жыццём. Для прыкладу, з пачатку бягучага года на вытворчасці ў Жыткавіцкім раёне траўміравана шэсць чалавек. Гэта ўдвая больш чым было летась. Вось такія сумныя лічбы выходзяць па прычыне простага нядбайства і многіх недапрацовак адказных асоб на месцах.
Грашаць з захаваннем правілаў па стварэнні бяспечных умоў працы, як паказаў рэйд мабільнай групы райвыканкама, не толькі на мясцовых прадпрыемствах і ў арганізацыях, але і нашы госці. Як вядома, зараз актыўна вядуцца работы па добраўпарадкаванні вуліц райцэнтра дарожна-будаўнічымі арганізацыямі з розных гарадоў вобласці. Такіх мабільнай групай было праверана чатыры. І вось яны не суцяшальныя вынікі маніторынгу: не праводзіцца прадрэйсавы медыцынскі агляд вадзіцеляў аўтамабіляў і дарожных машын. Многія транспартныя сродкі не ўкамплектаваны аптэчкамі для аказання першай медыцынскай дапамогі. Маюцца выпадкі, калі тэхніка працуе без адзнакі аб праходжанні тэхнічнага агляду.
Што тут можна сказаць, кіраўнікі і спецыялісты арганізацый спа-дзяюцца на адвечны прынцып: “а вось пранясе”. Канечне, хочацца ўсім, каб усё абышлося добра. Толькі колькасць парушэнняў, што выяўлены мабільнай групай райвыканкама на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна ставяць гэты прынцып пад вялікае сумненне. Варта задумацца над такімі лічбамі: падчас наведвання мабільнай групай 70 прадпрыемстваў там за дзесяць месяцаў выяўлена амаль тысяча разнастайных парушэнняў. І хаця гэта крыху меней чым за такі ж час летась, але не настолькі каб заспакойвацца і сядзець склаўшы рукі. Выхад тут адзін: пастаянна і мэтанакіравана клапаціцца пра бяспечныя ўмовы працы, а таксама ствараць належны быт і абавязкова дбаць аб парадку на вытворчасці.
Сяргей Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.