“Шчаслівай службы, прызыўнікі!”

призывникиДобрая традыцыя склалася на Жыткаўшчыне, калі на прыканцы прызыўных кампаній, вясной і восенню, для навабранцаў ладзіцца агульнараённае свята. Днямі менавіта яно стала, так бы мовіць, заключным акордам мерапрыемстваў, што праходзілі юнакі ў ваенным камісарыяце. І ў чарговы раз Дзень прызыўніка прайшоў надзвычай урачыста і хвалююча, выклікаючы і ў будучых воінаў, і ў тых, хто прыйшоў на свята мноства станоўчых эмоцый.
МАЛЫ зал гарадскога Цэнтра культуры прыгожа прыбраны. У цэнтры яго на сцэне вывешаны вялікі плакат з пажаданнем : “Шчаслівай службы, прызыўнікі!” Больш за шэсць дзясяткаў хлопцаў упэўнена, нібы па камандзе, займалі вольныя месцы. Не прымусілі сябе чакаць і запрошаныя госці, якіх таксама прыйшло на ўрачыстасць нямала. Таму асноўная яе дзея распачалася, як і планавалася, а адзінаццатай гадзіне. Пранікнёны ўступ вядучай мерапрыемства адразу настроіў усю залу, што праводзіцца тут падзея надзвычай важная. У жыцці навабранцаў наступае новы этап, які яны павінны прайсці годна. Нездарма старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч у сваёй прамове-наказе да юнакоў адразу зазначыў:
– З даўніх часоў служба ў арміі лічылася справай ганаровай, а ратная праца – свяшчэннай. І вось настаў час, каб такія неабходныя навыкі па абароне Бацькаўшчыны асвоілі вы. Будзьце мужнымі, праўдзівымі, не губляйце духу таварыскасці, любіце сваю Радзіму, як гэтаму вучылі вас у сям’і, школе, ветэраны. Здароўя вам, хлопцы, станавіцеся добрымі салдатамі.
Настроіў на вайсковую службу навабранцаў і канцэртны нумар. Песня “Ідзе салдат па горадзе” усім вельмі спадабалася. Не менш прачулымі сталі і наказы будучым вайскоўцам ад прадстаўнікоў арганізацый. Так, некаторым юнакам да прызыву давялося папрацаваць. І на ўрачыстасць з нагоды ўручэння ім павестак прыйшлі спецыялісты з іх калектываў, каб выказаць удзячнасць за работу, уручыць памятныя падарункі, выказаць найлепшыя пажаданні. Выступоўцы ад працоўных калектываў, а гэта з акцыянерных таварыстваў “Тураўшчына” “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод”, “Людзяневічы”, Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас” і КСУПа “Чырвоны Бор”, канечне ж, далі навабранцам толькі станоўчыя водгукі, пажадалі, каб яны вярнуліся на вытворчасць пасля службы.
Напэўна, найбольш шчымлівым і эмацыянальным момантам свята стала выступленне маці прызыўніка Раісы Бушыла. Іначай і быць не магло, бо менавіта кожны юнак цяпер усвядоміў наколькі дарагім і важным з’яўляецца матуля ў іх жыцці. Яна радавалася іх першым перамогам, перажывала за няўдачы, і цяпер, калі сыны стануць салдатамі, маці будзе чакаць іх вяртання, перажываць, як складзецца іх вайсковая служба. Таму як запавет для прызыўнікоў прагучаў наказ, каб яны часцей успаміналі пра сваіх родных, пісалі ім пісьмы.
– Дарагія юнакі, для вас наступіў новы жыццёвы этап, пасля якога вы станеце сапраўднымі мужчынамі, – зазначыла Раіса Віктараўна. – Прайдзіце яго годна. Здароўя вам, цярпення, сілы, каб пераадолець цяжкасці армейскай навукі. Мы, маці, чакаем вас. У добры шлях!
Сімвалам вялікай мацярынскай любові стала песня, якая прагучала для прысутных у зале. Увогуле такіх сімвалічных канцэртных нумароў на мерапрыемстве было выканана нямала. На важным патрыятычным моманце для юнакоў спыніўся і ваенны камісар Жыткавіцкага ваеннага камісарыята Сяргей Петруненка. Ён зазначыў, што прызыўнікі павінны ганарыцца тым, што ім выпала ісці на службу ў знакавы год для нашай краіны. Сёлета яна шырока адзначыла сямідзесятую гадавіну Вялікай Перамогі, а здабылі яе на франтах вайны дзяды і прадзеды цяперашніх хлопцаў, якія хутка стануць самі воінамі. Бессмяротны подзвіг нашых прашчураў і павінен стаць прыкладам мужнасці і самаадданасці сваёй Радзіме падчас службы ў войску.
– Нашы землякі, жыткаўчане, заўсёды годна выконвалі пачэсны мужчынскі абавязак, – звярнуўся да хлопцаў Сяргей Мікалаевіч. – Да дому яны вярталіся толькі з падзякамі ад камандавання злучэнняў. Гэтага ж жадаю і вам. А яшчэ, хто хоча звязаць свой лёс з арміяй, раю падумаць аб гэтым у часці і прыняць правільнае рашэнне.
Сяргей Петруненка і Алег Брэеў уручылі ўсім юнакам павесткі. Адпраўкі ў вайсковыя злучэнні не за гарамі. Асвойваць армейскую навуку жыткаўчанам прыйдзецца ў розных родах войскаў, а прайшоўшы Дзень прызыўніка засведчыў, што яны да гэтага гатовыя.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.