У Жыткавіцкім раёне распачаліся адпраўкі навабранцаў у армейскія рады

призывПапаўняюцца армейскія рады
Зараз свой працоўны дзень спецыялісты раённага ваеннага камісарыята распачынаюць бадай першымі ў раёне. Гэта сведчанне таго, што распачаліся адпраўкі навабранцаў у вайсковыя злучэнні.
Сямнаццатага лістапада. Чатыры гадзіны раніцы. Цемра на вуліцы пануе непраглядная. Ля ваенкамата ўжо сабраўся ладны натоўп людзей. Гэта бацькі, сябры і радня прызыўнікоў. Усе яны прыбылі каб развітацца з будучымі салдатамі. Як ні кажы, хаця юнакі будуць служыць і не так далёка ад сваёй малой радзімы, але ж год-паўтара ім давядзецца значна меней бачыцца з роднымі людзьмі, а ўсё жыццё на перыяд асвойвання вайсковай навукі будзе падпарадкавана строгай армейскай дысцыпліне.
Першая каманда жыткаўчан з дзесяці чалавек, што накіравалася ў часць, будзе служыць у элітным падраздзяленні, як цяпер яго называюць мабільныя сілы, а раней – паветранна-дэсантныя войскі. А гэта значыць толькі адно, што не перавяліся сапраўдныя асілкі на нашай зямлі, бо, каб служыць у такіх злучэннях, трэба і моцнае здароўе мець, і маральна-дзелавыя якасці павінны быць на высокім узроўні. Таму падчас правядзення прызыўных мерапрыемстваў кандыдаты ў дэсантнікі прайшлі не жартоўны адбор. У ліку тых, хто зараз папоўніць рады «блакітных бярэтаў» і браты Якубоўскія. Пра такіх хлопцаў у народзе кажуць – касая сажань у плячах. Несумненна, Валерый і Мікалай вельмі ганарацца, што ім выпала праходзіць службу ў элітным родзе войска. Пакуль іншыя юнакі праходзілі неабходныя арганізацыйныя мерапрыемствы пад кіраўніцтвам начальніка групы прызыву на вайсковую службу Жыткавіцкага райваенкамата Алега Брэева, удалося крыху пагутарыць з братамі Якубоўскімі. Самі яны родам з аграгарадка Азяраны. Да прызыву ў армію юнакі закончылі каледж, атрымалі спецыяльнасць тэхнікаў-механікаў. Паспелі папрацаваць і на вытворчасці ў КСУПе “Коленскае” механізатарамі.
– Цяпер прыйшла пара паспрабаваць армейскага хлеба, – гаворыць Валерый Якубоўскі. – Настрой цудоўны, жаданне паслужыць ёсць. Канечне, крыху хвалюемся, як там усё складзецца, але будзем спадзявацца, што станем добрымі салдатамі. Тым больш што служыць у адной часці будзем з братам, таму заўсёды можна знайсці падтрымку ў роднага чалавека.
– Калі ўсё атрымаецца добра, – далучаецца да размовы Мікалай, – магчыма, і застанемся служыць па кантракту. Такі варыянт прадумвалі. За паўтара года важна асвоіць выдатна вайсковую спецыяльнасць, галоўнае, каб здароўе было.
Як і ўсіх прызыўнікоў, Якубоўскіх прыехалі праводзіць у армейскае жыццё маці, сястра, каханыя дзяўчыны, сябры і родзічы. На развітальнай вечарыне будучым салдатам далі шмат наказаў. Жаночая палова радні нават усплакнула. Асабліва непакоіцца за сыноў маці Любоў Васільеўна. Яна і ля ваенкамата не можа стрымаць пачуццяў і эмоцый.
– Хлопцы да вайсковага жыцця гатовы. Як і кожная маці, жадаю ім дабра і здароўя, а таксама спадзявання на хуткую сустрэчу, – кажа жанчына. – На прысягу абавязкова да іх паедзем у часць. Няхай служаць, пільна стаяць на варце спакою нашай радзімы і, зразумела, сваіх родных. Будзем чакаць з нецярпеннем іх вяртання.
Мяркуючы па тым настроі, што панаваў ля райваенкамата, кожны прызыўнік адчуваў маральную падтрымку ад блізкіх ім людзей. Нават і тады, калі навабранцы па камандзе Алега Брэева зайшлі ў ваенны камісарыят. З вуліцы даносіліся песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі, пра армейскае жыццё. Алег Валер’евіч падрабязна праінструкціраваў хлопцаў, як паводзіць і што рабіць на абласным зборным пункце, куды адразу накіроўваюцца хлопцы. Таксама начальнік групы прызыву даў нямала карысных парад навабранцам, пажадаў ім шчаслівай службы, пасля чаго аддаў каманду ісці на пасадку ў аўтобус. І ў гэты час на ўсю моц загучала традыцыйная для такога моманту мелодыя “Развітанне славянкі”. І зноў жа па традыцыі ў натоўп ляціць з акна аўтобуса хусцінка, як сімвал на добрую службу і хуткую сустрэчу.
Адпраўкі нашых землякоў у войска будуць праходзіць увесь гэты тыдзень, і закончацца ў канцы бягучага месяца. Важна тое, што ў армейскія рады з нашага рэгіёна ўліваецца падрыхтаванае да службы папаўненне.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.