Песенная традыцыя ў Тураве

Сярод бязмежнага багацця тураўскай зямлі па-праву можна вылучыць і песенную традыцыю. Яе карані ў глыбокай мінуўшчыне. Да таго ж гэтая старажытная зямля шчодра нараджае людзей, якія ўмеюць хораша спяваць і танцаваць, а таксама тых, хто можа аб’яднаць гэтыя таленты ў адзінае цэлае. Напэўна, і гэтая акалічнасць аказвае ўплыў на ўнікальнасць Турава. Не шмат знойдзецца ў нашай краіне паселішчаў, дзе б плённа тварылі адначасова некалькі мастацкіх самадзейных калектываў. Сёлета ў трох з іх юбілеі са дня стварэння: Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Тураўскі хор” адзначае сямідзесяцігоддзе, народны вакальны ансамбль “Ярок” – саракагоддзе і народны ансамбль народнай песні ветэранаў працы “Залаты ўзрост” — пятнаццацігоддзе. З такой нагоды ў тураўскім ГДК прайшло вялікае свята, якое пакінула значны след у культурным жыцці гэтага самабытнага краю. Мерапрыемства нагадвала прыгожую песенна-музычную тураўскую сімфонію, якую падарылі гледачам самадзейныя спевакі і танцоры. Шмат гучала на вечарыне віншаванняў і пажаданняў юбілярам. Да іх далучыўся і Тураўскі гарадскі Савет дэпутатаў, а таксама мясцовы савет ветэранаў. Прадстаўнікі ўлады і грамадскасці не толькі падзякавалі артыстам за ўжо дасягнутыя творчыя здабыткі на творчай ніве, але і выказалі надзею, што яны будуць толькі прымнажацца, бо патэнцыял у калектываў надзвычай вялікі.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAЛьюцца песні над Прыпяццю
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Тураўскі хор” лічыцца адным са старэйшых творчых калектываў Гомельшчыны. Ён па-праву заслужыў любоў і прызнанне гледачоў не толькі ў сябе на радзіме, але і далёка за яе межамі. Выдатнымі самабытнымі песнямі, непаўторнай манерай выканання тураўскія артысты радавалі слухачоў Масквы і іншых гарадоў былога Савецкага саюза.
Створаны гэты па сапраўднаму народны калектыў быў адразу пасля заканчэння вайны. Пасля перажытай людзьмі вялікай бяды жыццё лягчыйшым не стала. Паўсюдна голад і разруха, цяжкая праца – вось што такое пасляваенны час. Таму вельмі цанілася і была запатрабаваная песня, якая, нібы сонечныя промні асвятляла і сагравала чалавечыя душы ад перажытага гора, надавала моцы і веры ў лепшае будучае. Менавіта ў гэты час у Тураў прыехаў пасля дэмабілізацыі музыкант-аматар Сцяпан Радзіёнаў. Па яго ініцыятыве з групы калгаснікаў і быў створаны хор. Сцяпан Аляксеевіч стаў яго першым кіраўніком. Пасля знясільваючай працы калгаснікі вечарамі спяшаліся на рэпетыцыі, або пешшу ці конна дабіраліся ў навакольныя вёскі, каб парадаваць сваёй творчасцю іх жыхароў.
Значна большае якаснае развіццё творчага калектыву адбылося ў 1948 годзе, калі яго ўзначаліў малады баяніст-прафесіянал, вялікі аматар харавых спеваў Мікалай Бяспалаў. Менавіта пры ім намнога пашырыўся рэпертуар хору, у ім з’явіліся песні вядомых кампазітараў і музычныя апрацоўкі самога кіраўніка. Пры Бяспалавым тураўскі хор пачынае набываць вядомасць у Беларусі і за яе межамі, дзякуючы выступленням на шматлікіх конкурсах, фестывалях і святочных канцэртах, дзе ўзнагароджваецца шматлікімі дыпломамі і ўзнагародамі. Знакавым для тураўскіх артыстаў стаў 1962 год: пастановай урада краіны калектыву было прысвоена ганаровае званне “народны хор”, а яго кіраўніку – званне “заслужаны дзеяч культуры БССР”. У гэтым жа годзе хор выступіў у Калоннай зале Дома Саюзаў на ўрадавым канцэрце.
Усё сваё жыццё прысвяціў рабоце ў галіне культуры Сяргей Белка, які ўзначаліў Тураўскі хор у 1964 годзе. Гэты кіраўнік у калектыве пакінуў пра сябе добрую памяць не толькі тым, што тураўскія спевакі значна прыбавілі ў сваім выканальніцкім майстэрстве, сталі яшчэ больш вядомымі і тытулованымі на прасторах вялікай краіны, але і напісаным творам “Песня аб Тураве”, якую хор з задавальненнем выконвае і зараз.
Паспяхова працягвалі справу сваіх папярэднікаў і Іван Шруб , і Іван Якушэвіч. З 1996 года Тураўскім народным хорам кіруе таленавіты музыка, прафесіянал харавых спеваў, улюблёны ў гэтую справу чалавек Васіль Птушко. Васіль Адамавіч стварае музыку, піша да яе тэксты, робіць апрацоўкі народных песень, чым узбагачае рэпертуар калектыву. Некалькі яго твораў “Ода Тураву” і “Песня аб роднай старонцы” з’яўляюцца візітоўкай хору. Пры Васілю Птушко Тураўскі народны хор прымае ўдзел у 1-м Усебеларускім фестывалі народнай творчасці “Беларусь – мая песня” і за сваю творчасць атрымлівае Дыплом лаўрэата. Праз год хор узнагароджваецца Дыпломам “За творчае развіццё песеннай спадчыны, высокае выканальніцкае майстэрства і папулярызацыю харавых спеваў” на абласным фестывалі харавога мастацтва імя Т.К.Лапацінай. У 2002 годзе на гэтым жа мерапрыемстве Тураўскаму хору ўручаюць Дыплом і Гран-пры. У 2005 годзе калектыў становіцца лаўрэатам 2-га Усебеларускага фестываля народнай творчасці “Беларусь – мая песня”. У гэтым жа годзе Тураўскаму народнаму хору прысвойваецца ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Зразумела, былі перамогі і ў іншых творчых конкурсах, а таксама выступленні на розных мерапрыемствах. Але галоўны сакрэт творчага поспеху калектыву не ў гэтым, а ў тым, што за гады свайго існавання тураўскія аматары харавых спеваў як і раней цёпла і прыхільна прымаюцца шматлікімі гледачамі.
KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERAБруіцца песні крыніца
Гісторыя стварэння народнага вакальнага ансамбля “Ярок” непарыўна звязана са славутым Тураўскім хорам. Іван Архіпавіч Шруб, які ў сямідзесятыя гады кіраваў гэтым знакамітым калектывам, захацеў унесці ў выступленні пэўную жанравую разнастайнасць. Таму і арганізаваў у 1975 годзе вакальны калектыў, першыя ўдзельніцы якога выконвалі беларускія народныя песні. Бруіліся яны са сцэны, нібы чыстая крыніца, дорачы людзям радасць, наталяючы іх духоўныя запыты, быццам сцюдзённая вада смагу ў спякотны дзень. Магчыма гэтая паэтычнасць і лягла ў аснову першай назвы ансамбля “Крыніца”.
З 1979 года калектыў узначаліла Кацярына Домніч. Якая і прыклала ўсе свае намаганні і талент, каб “Крыніца” стала вядомай. І ёй гэта ўдалося. Сапраўдны поспех да самадзейных артыстаў прыйшоў пасля выканання песні “Цячэ вада ў ярок”, музычную апрацоўку якой зрабіла сама Кацярына Пятроўна. А запісалі тэкст у жыхароў вёскі Любавічы. Праз гэтую песню ансамбль быў пераіменаваны ў “Ярок”. Калектыў хутка заўважылі ў вобласці і рэспубліцы. Першае яго выступленне на мільённую аўдыторыю пачалося на рэспубліканскім тэлебачанні ў 1979 годзе. Праз год быў запіс на абласным тэлебачанні, дзе і выканалі артысткі свой хіт “Цячэ вада ў ярок”, які і стаў візітоўкай калектыву. Песню заспявала ўся краіна, а “Ярок” сталі запрашаць на канцэрты ва ўсе куткі Беларусі. Слухачоў падкупляла беражлівасць і далікатнасць, з якой артысткі адносіліся да народнай песні, а таксама іх высокае выканальніцкае майстэрства. Яна пастаянна шліфавалася на сцэнах розных гарадоў і вёсак, а ў 1983 годзе артысткі з “Ярка” разам з народным ансамблем танца “Прыпяць” выступаюць у Чэхаславакіі ў час правядзення дзён дружбы гарадоў-пабрацімаў Гомеля і Будаёвіцы. Дарэчы, гэта не апошнія гастролі ў краіны далёкага замежжа народнага вакальнага гурта “Ярок”. У 1995, 1999, 2003 гадах ансамблі “Ярок” і “Прыпяць” радуюць сваёй творчасцю жыхароў Германіі. Водгукі ад гэтых канцэртаў у мясцовых жыхароў засталіся самыя станоўчыя.
За сорак гадоў сваёй творчай дзейнасці народны вакальны ансамбль “Ярок” упісаў нямала яркіх старонак у сваю біяграфію. У 1991 годзе калектыву прысвойваецца ганаровае званне “народны”. У 1996 калектыў бярэ ўдзел у Міжнародным конкурсе гарманістаў “Дружба-96” братоў Завалокіных і атрымлівае дыплом за высокае выканальніцкае майстэрства. У 1998 і 2005 гадах самадзейныя атрысткі з Турава выступаюць у першым і другім Усебеларускім фестывалях народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”, на якім узнагароджваюцца дыпломамі лаўрэатаў. У 2007 годзе на абласным аглядзе-конкурсе вакальных ансамбляў са званнем “народны” “Ярок” атрымлівае дыплом другой ступені.
З 2003 года калектывам кіруе малады спецыяліст – харавік Таццяна Папок. Пры ёй у ансамбля быў даволі насычаны гастрольны графік, выступалі з канцэртамі не толькі ў розных паселішчах краіны, але і на важных дзяржаўных мерапрыемствах: у 2007 годзе на рэспубліканскім свяце “Дажынкі” ў Рэчыцы, у 2003 і 2008 гадах – Днях беларускага пісьменства ў Полацку і Барысаве, у 2008 — на свяце мёду ў Магілёве. У кастрычніку 2013 года “Ярок” прымае ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе вакальных ансамбляў і ансамбляў народнай песні са званнем “народны” і ўзнагароджваецца дыпломам першай ступені, тым самым пацвердзіў, што носіць ганаровае званне “народны” недарэмна.
Цяперашнім кіраўніком “Ярка” з’яўляецца Павел Берніковіч. Гэта высокапрафесійны музыка, які нераўнадушны да народнай песеннай творчасці. Несумненна, што з такім творчым чалавекам як Павел Леанідавіч у калектыва будзе яшчэ нямала цудоўных канцэртных нумароў, новых выступленняў, за якія гледачы аддзячаць гарачымі апладысментамі.
туров залаты ўзростЗ песняй весялей
Добра вядомая жыхарам старажытнага Турава і не толькі творчасць народнага ансмабля народнай песні ветэранаў працы “Залаты ўзрост”. Як ні кажы, а на сцэне гэты калектыў ужо пятнаццаць гадоў. Падлічыць колькі за гэты час было прапета песень, дадзена канцэртаў вельмі складана. Але ўдзельніц калектыву аб’ядноўвае тое, што з песняй ім значна весялей крочыць па жыцці, і сваёй радасцю яны з вялікай асалодай дзеляцца з іншымі.
Народны ансамбль народнай песні ветэранаў працы “Залаты ўзрост” быў створаны ў 2000 годзе Наталляй Волкавай, якая і стала яго мастацкім кіраўніком. Каб заявіць аб сабе на поўны голас самадзейныя артысткі цярпліва хадзілі на рэпетыцыі, старанна выконвалі патрабаванні свайго кіраўніка, ездзілі на канцэрты. Гэта прынесла плён. Ужо ў 2004 годзе “Залаты ўзрост” за ўдзел у абласным туры сёмага рэспубліканскага фестывалю ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” быў узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені, а салістка Яўгенія Квяткоўская атрымала ганаровую грамату ад арганізатараў мерапрыемства за патрыятычнае выхаванне моладзі. Трыумфальнае шэсце калектыву на творчай ніве працягвалася і ў наступныя гады. У 2007 годзе ансамблю народнай песні ветэранаў працы “Залаты ўзрост” прысвойваецца ганаровае званне “народны”. Праз год — новы поспех на абласным фестывалі “Не старэюць душой ветэраны” , які адзначаны дыпломам другой ступені. Дарэчы, з гэтага мерапрыемства тураўскія самадзейныя артысткі яшчэ не аднойчы прывозілі ўзнагароды рознай вартасці. Канечне, выступленні на такім высокім узроўні важныя для кожнага калектыву, але “Залаты ўзрост” больш вабяць сцэны не такога вялікага маштабу. Значна камфортней яны сябе пачуваюць, калі дораць свае песні простым людзям, якія ўспрымаюць кожны нумар з непадробнай шчырасцю і цеплынёй.
Кожны чалавек выбірае для сябе, якім чынам будаваць сваё жыццё ў старасці. Хаця, варта адзначыць, яна вызначаецца не толькі пэўным узростам, але яшчэ станам душы. У спявачак з ансамбля “Залаты ўзрост” яна вечна маладая, таму і пражытыя гады для іх не бяда, а проста чарговы этап на жыццёвай дарозе, які яны пераадольваюць з песняй.
Сяргей МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.