Шмат уражанняў атрымалі спецыялісты-аграрыі з іншых рэгіёнаў вобласці падчас наведвання Жыткавіцкага раёна

семинары1Шмат станоўчых уражанняў атрымалі спецыялісты-аграрыі з іншых рэгіёнаў вобласці падчас наведвання нашага раёна. Арганізавана гэтае мерапрыемства ў рамках абласной праграмы павышэння кваліфікацыі тэхнолагаў сельгасвытворчасці, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў на замяшчэнне ў будучым пасад кіраўнікоў структурных падраздзяленняў АПК. Зыходзячы з гэтага, слухачам курсаў гаспадары прапанавалі пазнаёміцца з самым шырокім спектрам форм і падыходаў гаспадарання , што прымяняюцца ў аграпрамысловым комплексе Жыткавіцкага раёна. Па розных накірунках дзейнасці з будучымі кіраўнікамі падзяліліся не толькі лідары сельгаспрадпрыемстваў, але і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, якія прынялі даволі актыўны ўдзел у семінары.
Менавіта Мікалай Мікалаевіч і Ніна Мікалаеўна пазнаёмілі слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі з тым, як развіваецца наш раён, якім патэнцыялам ён валодае не толькі ў вытворчай і аграрнай галінах, але і сацыяльна-бытавой сферы. Поспехаў, як адзначалі кіраўнікі рэгіёна, даволі шмат. Жыткаўшчына паспяхова развіваецца па ўсіх напрамках жыццядзейнасці, і ў тым немалая заслуга працоўных калектываў, якія ўзначальваюць вопытныя і прадпрымальныя, высокапрафесійныя кадры.
семинарыУ той час калі ўдзельнікі мерапрыемства дабіраліся да аграгарадка Бялёў, цэнтральнай сядзібы аднайменнага камунальнага сельгаспрадпрыемства, старшыня Марохараўскага сельвыканкама Генадзь Лесько падрабязна знаёміў усіх з тым, як вясковая ўлада і кіраўніцтва гаспадаркі сумесна працуюць па ўводу раней не скарыстоўваемых зямель ў сельгасабарот.
– Практычна ўсе ўчасткі, дзе раней былі знесены старыя хаты і іншыя будынкі, цяпер разараны і выкарыстоўваюцца КСУПам для вырошчвання розных культур, – адзначыў Генадзь Пятровіч. – Для гаспадаркі, якая мае вострую патрэбу ў сельгасугоддзях для корманарыхтоўкі, павелічэнне плошчаў у выніку такой работы аказалася вельмі дарэчы. Станоўча гэта адбіваецца не толькі на вытворчых здабытках, але і агульным добраўпарадкаванні нашых тэрыторый.
– У сувязі з тым што плошчы сельгасугоддзяў у КСУПах невялікія, і асноўная іх частка занята пад зерневымі, кукурузай, рапсам даводзіцца штогод назапашваць кармы ў іншых гаспадарках раёна, – развіў узнятую тэму дырэктар Уладзімір Ачапоўскі, – а гэта, канечне ж, адмоўна адбіваецца на сабекошце жывёлагадоўчай прадукцыі. Таму і стараемся засяваць кожны пустуючы ўчастак, каб рабіць як мага большую колькасць кармавых запасаў для грамадскай жывёлы на месцы.
семинары2Дарэчы, у сельгаспрадпрыемстве ў разліку на адну ўмоўную галаву маецца найбольшая колькасць кармавых адзінак па раёну. У КСУПе “Бялёў”, як пераканаліся ўсе ўдзельнікі семінара, навучыліся разлічваць на ўласныя сілы не толькі падчас кормаздабываючай кампаніі, але і ў рабоце па рэканструкцыі ферм. Яскравым прыкладам таму служыць бялёўская МТФ, куды і завіталі госці. Многія гады гэты вытворчы аб’ект пуставаў, але гаспадарчым спосабам на ім правялі рэканструкцыю, і цяпер структурнае падраздзяленне з’яўляецца ў гаспадарцы асноўным вытворцам малака.
– Адрамантавалі старыя памяшканні, што дазволіла перавесці жывёлу на бяспрывязнае ўтрыманне, збудавалі даільны малочны блок, устанавілі там новае абсталяванне, узвялі цялятнік, адным словам, зрабілі ўсё, каб працаваць па сучасных тэхналогіях, – расказваў пра арганізацыю работы на ферме кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Ачапоўскі. – Зноў жа ўдалося сэканоміць даволі значныя сумы ў параўнанні з тым, калі б будавалі ўсё па-новаму.
Несумненна, што прыехаўшых спецыялістаў цікавілі вытворчыя здабыткі, якіх дабіваюцца працаўнікі на ферме. Яны даволі нядрэнныя. Ад каровы спачатку года ў гаспадарцы надаілі больш за чатыры з паловай тоны малака, а сярэднясутачных прываг атрымалі 742 грамы, што больш чым за такі час летась, адпаведна на 232 кілаграмы і 107 грамаў.
Далейшае знаёмства спецыялістаў-аграрыяў са станам вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі адбылося на малочнатаварным комплексе “Казаргаць-2”, які належыць адкрытаму акцыянернаму таварыству “Тураўшчына”. Структурнае падраздзяленне ўведзена ў эксплуатацыю зусім нядаўна, але ўжо, як зазначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Кузьменка, заявіла аб сабе вытворчымі здабыткамі на ўсю моц. Па канцы года тут плануюць выйсці па надою ад каровы на ўзровень восем тон малака.
– Узводзіць сучасныя комплексы, праводзіць мадэрнізацыю старых ферм дапамагаюць крэдытныя рэсурсы “Белаграпрамбанка”, які з’яўляецца ўласнікам таварыства, – расказаў Андрэй Уладзіміравіч. – І гэта адкладвае свой адбітак на дзейнасць, бо пазыку патрэбна вяртаць ды яшчэ з працэнтамі, таму даводзіцца на такіх аб’ектах не толькі атрымліваць максімальную аддачу, але яшчэ пралічваць і эканамічную састаўную вытворчасці.
Менавіта Андрэй Кузьменка і параіў будучым кіраўнікам больш унікаць у эканоміку, набываць для гэтага патрэбныя веды. Канечне, усім было прыемна пахадзіць па тэрыторыі малочнатаварнага комплексу, зазірнуць у памяшканні, паглядзець, як там наладжаны вытворчыя працэсы. Зразумела, што не ў кожнай гаспадарцы маюцца такія аб’екты. У ААТ “Тураўшчына” іх, можна сказаць, цэлых тры. І засяроджваюць тут высілкі не толькі на колькасных параметрах прадукцыі, але і яе якасці. Дарэчы, на апошнім аспекце ўзнікла паміж гасцямі і Андрэем Кузьменка цэлая дыскусія, падчас якой кожны бок імкнуўся даказаць сваю правату.
Размова пра эфектыўнае гаспадаранне і яго ўплыў на эканоміку адбылася таксама і ў сялянскай гаспадарцы Міхаіла Шруба. Спачатку на малочнатаварнай ферме. Каб працаваць тут па сучасных тэхналогіях, на ёй правялі вялікую рэканструкцыі і мадэрнізацыю. Прычым усё зрабілі за ўласныя сродкі. Ва ўсе гэтыя працэсы кіраўнік унікаў асабіста, многаму вучыўся ў сваіх калег-аграрыяў не толькі нашай краіны, але і замежжа. Таму, хаця пагалоўем укамплектавалі ферму і не самым лепшым, цялушак закупілі ў прыватных гаспадароў, але строгае захоўванне ўсіх тэхналагічных патрабаванняў дазваляе мясцовым жывёлаводам мець высокую аддачу. Зараз у разліку на адну карову сялянская гаспадарка прадае больш за шаснаццаць кілаграмаў малака. Годны вынік, які падмацоўваецца і высокім заробкам працаўнікоў. Прыклад высокай тэхналагічнасці забяспечваецца і ў свінаводстве, а таксама раслінаводстве. Высокія ўраджаі ўсіх культур дазволяць не толькі іх прадаваць патэнцыяльным спажыўцам, але і мець моцную кармавую базу для жывёлагадоўлі. Для гэтага значныя плошчы зямлі выкарыстоўваюцца па некалькі разоў на год: напрыклад, пасля ўборкі палёў з каласавымі іх засяваюць пажніўнымі культурамі і гэтак далей. Вынік такога інтэнсіўнага выкарыстання зямлі – поўныя траншэі сенажу і сіласу, павеці з рулонамі сена. Як расказаў Якаў Шруб, у гаспадарцы пастаянна працуюць над удасканаленнем тэхналагічных працэсаў, для чаго набываюцца самыя сучасныя абсталяванне і машыны, але важна і тое, каб у калектыве панавалі належная дысцыпліна, кожны работнік і спецыяліст з поўнай самааддачай адносіўся да выканання працоўных абавязкаў. І ў стварэнні такога мікраклімату выключная роля кіраўніка, бо ад таго, якая каманда будзе ў яго падначаленні, так і справы пойдуць.
Як усе пераканаліся падчас наведвання сховішча агародніны, у сялянскай гаспадарцы ўмеюць не толькі выдатна вырабляць прадукцыю, але і яшчэ выгадна ёю гандляваць. Прынцып у гэтай дзейнасці тут адзін: рабіць лепш чым іншыя вытворцы, улічваць найперш інтарэсы спажыўца. Таму штодзённа ў сховішчы вядзецца перадгандлёвая падрыхтоўка прадукцыі, якая адбіраецца, даводзіцца да таварнага выгляду, фасуецца для продажу як у гандлёвых кропках, так і оптам. Менавіта высокая якасць усяго, што пастаўляе на рынак сялянская гаспадарка Міхаіла Шруба, дазваляе вытрымліваць самую жорсткую канкурэнцыю.
Нямала цікавай інфармацыі ўдзельнікам семінара было даведзена і на Тураўскім малочным камбінаце. Яго дырэктар Вера Луцко падрабязна расказала пра этапы станаўлення прадпрыемства, якім чынам яны дабіваюцца цяперашніх поспехаў і што чакае прадпрыемства ў будучым. Развіццё вытворчасці сыроў тураўскія перапрацоўшчыкі звязваюць з павелічэннем вырабу гэтай прадукцыі, пашырэнне яе асартыменту. На яе маецца вялікі попыт, ужо на цяперашні час больш за дзевяноста працэнтаў накіроўваецца на экспарт. Вера Луцко прадэманстравала ўзоры сыроў, якія сыходзяць з канвеера камбіната, падрабязна азнаёміла з тэхналагічнымі асаблівасцямі вытворчасці. Закончылася ж наведванне перапрацоўчага прадпрыемства дэгустацыяй прадукцыі, якая ўсім прыйшлася даспадобы.
Пакідалі Тураўшчыну госці позна вечарам. Тлумачыцца гэта насычанасцю праграмы мерапрыемства, якую прапанавалі жыткаўчане. Акрамя таго што слухачы курсаў пазнаёміліся дасканала з сельгасвытворчасцю раёна, задаволілі іх цікавасць і ў тым, як ААТ “Тураўшчына” развівае аграэкатурыстычны напрамак сваёй дзейнасці. Гэтыя звесткі ўдзельнікі семінара атрымалі ў гасцінічным комплексе “Струмень”. Пасля экскурсіі па ім тут жа былі і падве-дзены вынікі мерапрыемства. На іх у адрас гаспадароў не было сказана ні аднаго адмоўнага водгуку. Для многіх убачанае стала проста прыемнай нечаканасцю. Таму словы ўдзячнасці гучалі несціхана.
– Канечне, быць кіраўніком нялёгкая справа, – зазначыла напрыканцы семінара старшыня райсавета Ніна Рамановіч. – Так, патрэбна многаму вучыцца, але галоўнае ні пры якіх умовах ніколі не апускаць рукі і не праяўляць абыякавасці да той справы, што даручана. Тады і поспехі будуць абавязкова.
Гожа ўпісалася ў асноўную праграму семінара і культурная. Гасцей пазнаёмілі са знакавымі мясцінамі старажытнай тураўскай зямлі, нашымі песеннымі традыцыямі ў выкананні народнага ансамбля “Весялуха”. Важна тое, як адзначалі госці, што паездка ў наш раён ім запомніцца надоўга, а лепшыя напрацоўкі калег з Жыткаўшчыны яны абавязкова прыменяць на практыцы ў сваіх рэгіёнах.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.