У клопатах аб сэрцы гаспадаркі, что на Жыткаўшчыне

осеменаторы2

Вобразна машынны двор кожнай гаспадаркі называюць сэрцам. У гэтыя дні ў акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” сур’ёзна заняліся яго лячэннем.

Справы па навядзенні парадку на тэрыторыі гаража распачалі яшчэ ўлетку.  Найперш разбурылі пахіленыя за шмат гадоў эксплуатацыі павеці, дзе захоўвалася тэхніка. Падрамантавалі і склады.  Ачысцілі тэрыторыю гаража і ад рознага непатрэбнага друзу. На жаль, як адзначыў галоўнны інжынер сельгаспрадпрыемства Алег Бялько (на здымку), па прычыне актыўных сельскагаспадарчых работ і адсутнасці фінансаў далей тады справа не пайшла, але кіраўніцтва гаспадаркі прыкладвала ўсе намаганні, каб прадоўжыць работы. Гэта ўдалося. І цяпер на машынным двары кіпіць праца. Найперш высілкі былі засяроджаны на будаўніцтве пункта тэхнічнага абслугоўвання. Цяпер без гэтага аб’екта на гаражы ні трактар да работы падрыхтаваць, ні аўтамабіль, ні камбайн, ні іншую складаную тэхніку. Зараз  на будынку ПТА наводзяцца апошнія штрыхі, каб зімой у ім працаваць на поўную сілу.

Яшчэ адной хваробай людзяневіцкага гаража з’яўля-лася не поўнасцю асфальтаваная тэрыторыя. Таму тэхніку прыходзілася захоўваць прама на зямлі. Цяпер і гэта праблема вырашыцца. Аб гэтым сведчылі гуры асфальту і тэхніка для яго ўкладкі.

— Закончым работы, і ўсе нашы машыны і агрэгаты будуць стаяць на асфальтаваных пляцоўках, — зазначае Алег Валянцінавіч. — Увогуле планы па добраўпарадкаванні машыннага двара ставім перад сабой значныя. Час такі, неабходна клапаціцца, каб тэхніка захоўвалася і абслугоўвалася ў прыстойных умовах. Каштуе яна сёння вельмі дорага. Ды і патрабаванні да стварэння належных і бяспечных умоў для механізатараў таксама ніхто не адмяняў.

Менавіта  гэтыя акалічнасці і вымусілі ў акцыянерным таварыстве  ўзяцца за паляпшэнне стану свайго машыннага двара. Тут хочуць узвесці арачнік для захоўвання тэхнікі. Яго плануюць перавезці з Грычынавіч, дзе ён стаіць без прымянення. Адным з найгалоўнейшых крокаў  рэканструкцыі гаража з’яўляецца наладка ацяплення рамонтных майстэрняў. Гэта будзе спрыяць паспяховаму ўзнаўленню тэхнікі ў зімовы сезон. Яе ж у акцыянерным таварыстве вельмі многа. Па падліках галоўнага інжынера, не менш як дзве сотні  машын і агрэгатаў рознага сельскагаспадарчага прызначэння. Шмат якія з іх ужо эксплуатуюцца даволі доўгі час і за імі патрэбны больш пільны догляд. Разам з тым  нельга не сказаць, што тэхнічны парк  пастаянна абнаўляецца. Стаўленне ж да новай тэхнікі павінна быць самым беражлівым.

Па словах галоўнага інжынера Алега Бялько, у ААТ “Людзяневічы” на цяперашні час працуе даволі малады механізатарскі калектыў. Ды і сам спецыяліст узначаліў яго зусім нядаўна. Але гэта не сказваецца адмоўна на працаздольнасці структурнага падраздзялення. Хутчэй наадварот, маладыя кадры імкнуцца праявіць сябе на палетках і сенакосных угоддзях, на фермах. А добрай выпрацоўкі там можна дабівацца толькі пры ўмове, што кожная машына, кожны агрэгат добра падрыхтаваны да работы. У гэтым пераканаліся ўсе падчас прайшоўшых сельгаскампаній. Хаця акцыянернае таварыства “Людзяневічы” – даволі буйная гаспадарка, але практычна з усімі работамі тут спраўляюцца самастойна.

Зараз уся незадзейнічаная на вытворчасці тэхніка граматна пастаўлена ў гаражы на зімовае захоўванне. Хутка пачнецца яе рамонт. Праходзіць ён будзе ўжо ў новых умовах, а значыць і з лепшай якасцю. У гэтым інжынерная служба сельгаспрадпрыемства ўпэўнена.

— Механізатары ў нас хаця і маладыя, але тэхнічна граматныя, — гаворыць Алег Бялько. Іх рукам самая складаная тэхніка падуладная, таму з аб’ёмамі рамонтных работ справімся паспяхова і ў вызначаныя тэрміны.

Увогуле апошнія наведванні вытворчых аб’ектаў адкрытага акцыянернага таварыства “Людзяневічы” здзіўляюць сваімі пераменамі да лепшага ў плане абнаўлення і добраўпарадкавання. І гэта найпершае сведчанне павышэння вытворчай культуры на прадпрыемстве. Прычым, як было відаць на машынным двары, работы ў вышэйзгаданым накірунку толькі набіраюць абароты, нягледзячы ні на якія цяжкасці і перашкоды. Нездарма кажуць, што вочы баяцца, а рукі робяць. Менавіта так і атрымліваецца ў людзяневіцкіх працаўнікоў.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.