У Жыткавічах прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016”

профсоюзНа высокім узроўні прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016”, які арганізаваны і праводзіцца Федэрацыяй прафсаюза Беларусі. Творчае саперніцтва, якое адбылося ў нашым рэгіёне на сцэне гарадскога цэнтра культуры, яскрава засведчыла, што на Жыткаўшчыне жывуць не толькі працавітыя, але і таленавітыя людзі.
Што раённае аб’яднанне прафсаюзаў праводзіць буйное мерапрыемства, ужо адчувалася ў фае ўстановы культуры. Менавіта тут размяшчаліся выставы вырабаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзел майстроў гэтых жанраў з’яўляецца галоўнай адметнасцю чарговага прафсаюзнага конкурсу, які праводзіцца ў краіне другі раз. І трэба адзначыць, што такая навізна знайшла даволі шырокі водгук у прадстаўнікоў працоўных калектываў. У раённым этапе мерапрыемства прынялі ўдзел не меней за паўтара дзясятка майстроў і мастакоў. Яны дэманстравалі свае карціны, напісаныя фарбамі або вышытыя ніткамі, разнастайныя вырабы з саломкі, іншых матэрыялаў. Усё было настолькі прыгожа і зроблена з густам, што рукі не толькі наведвальнікаў, але і членаў журы цягнуліся да экспанатаў, каб ацаніць іх непаўторнасць і арыгінальнасць.
— Відавочна, што людзі ўклалі ў свае творчыя работы не толькі ўсе ўменні і навыкі, але і душу, — зазначыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, — таму і атрымалася ўсё вельмі цудоўна, што нам, членам журы, вельмі складана назваць лепшых. Але гэта той выпадак, які толькі радуе, бо бачыш, які высокі ўзровень майстэрства, а таксама палёт фантазіі могуць дэманстраваць члены прафсаюзных пярвічак.
Адразу пасля наведвання выстаў удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў вялікай зале гарадскога цэнтра культуры. Тут усіх чакаў не меншы запал творчасці і таленавітасці. Іх дэманстравалі спевакі самадзейных ансамбляў працоўных калектываў. І пакуль яны рыхтаваліся да выступленняў, слова для адкрыцця свята было прадастаўлена старшыні Жыткавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзіміру Гулюце. Прафсаюзны лідар шчыра прывітаў усіх удзельнікаў конкурсу, пажадаў поспехаў кожнаму выканаўцу.
— Я спадзяюся, што выканальніцкае майстэрства спевакоў будзе надзвычай высокім, — зазначыў Уладзімір Мікалаевіч. — Кожны калектыў, які трапіў на гэтае мерапрыемства, прадэманстраваў свае здольнасці падчас першага этапу конкурсу. Думаю, што да чарговага выступлення яны рыхтаваліся яшчэ больш старанна, а таленавітасці людзям, якія выйдуць на сцэну, не займаць.
Спадзяванні старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў апраўдаліся. Першы ж калектыў, народны ансамбль “Вечарніца”, які прадстаўляў прафсаюзную арганізацыю культработнікаў, адразу сваім нумарам устанавіў высокую планку выканальніцкагна майстэрства, якая з кожным наступным нумарам толькі павышалася і павышалася. Артысты з трэцяй гарадской школы не толькі хораша спявалі, але яшчэ і танцавалі. Усім без выключэння спадабаўся акапэльны спеў выканаўцаў з Жыткавіцкага яслі-дзіцячага сада №5. Прыўзнялі настрой і самадзейныя артысты ансамбля “Цыганачкі”, а таксама выканальніцкай групы з аграгарадка “Людзяневічы”, якія прадстаўлялі прафсаюз работнікаў культуры. Увогуле кожны канцэртны нумар вітаўся гарачымі апладысментамі, бо сапраўды выступалі самыя лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў. І хаця яны прадстаўлялі толькі два прафсаюзы раёна: работнікаў культуры і работнікаў адукацыі і навукі, але гэтая акалічнасць ніколькі не сапсавала свята. Хутчэй наадварот надала творчаму саперніцтву на сцэне толькі большай вастрыні і непрадказальнасці. Кожны нумар вызначаўся сваёй неардынарнасцю, жанравай разнастайнасцю. Песні гожа спалучаліся з танцамі і тэатралізаванымі пастаноўкамі. Станоўчых эмоцый надавала на конкурсе і тое, што большасць яго выканаўцаў звярнуліся да народнай творчасці. Магчыма, і гэта дабавіла непаўторнага каларыту прафсаюзнаму мерапрыемству. Дарэчы, усе яго удзельнікі адзначаны сертыфікатамі раённага аб’яднання прафсаюзаў, а пераможцы ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Вышэйшыя ўзнагароды конкурсу яго пераможцам: і выканаўцам, і майстрам выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўручылі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта і старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Пётр Кальцоў. У ліку тых, каго шчыра віншавалі Уладзімір Мікалаевіч і Пётр Іванавіч майстрыхі і мастакі Алена Шаўчэнка з СШ №3 райцэнтра, Ірына Жыбурт з яслей-сада №1 горада і Вольга Марозава з гарадской гімназіі, а таксама спевакі самадзейных калектываў з яслі-дзіцячага сада №5 райцэнтра, Людзяневіцкай установы культуры і вакальная група ветэранаў педагагічнай працы «Залатая пара». Дыпломам за творчы падыход адзначаны і самадзейныя артысты з СШ №3 г. Жыткавічы.
Падсумоўваючы вынікі конкурсу Уладзімір Гулюта падзякаваў яго ўдзельнікам за падараны добры настрой, а таксама выказаў спадзяванне, што прадстаўнікі прадстаўнікі працоўных калектываў раёна годна выступяць і ў творчым змаганні на ўзроўні вобласці, а то нават і рэспублікі.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.