Будні вясковай улады

са зваротами щ сельсаветДапамагаць людзям – не значыць усё зрабіць за іх. Так яны ніколі не навучацца вырашаць уласныя праблемы. Менавіта гэты прынцып ужо некалькі гадоў ляжыць у аснове работы Мілевіцкага сельвыканкама з насельніцтвам і прыносіць нядрэнны плён. Па словах старшыні сельскага Савета Тамары Маркевіч, з іх адміністрацыйнай тэрыторыі за апошнія пяць гадоў ад жыхароў не паступіла ні аднаго зварота ў вышэйстаячыя органы.
Трывалы кантакт з насельніцтвам вясковая ўлада наладжвае рознымі шляхамі. Асабіста для Тамары Аляксандраўны найлепшым сродкам з’яўляецца простая размова з чалавекам, які да яе звяртаецца. Такіх гутарак у старшыні і ў прадстаўнікоў Савета бывае памногу.
— Пры асабістым кантакце лепш і прасцей пераканаць чалавека па тым або іншым пытанні, чым даводзіць сваю правату праз афіцыйны адказ, — разважае Тамара Маркевіч. — У людзей заўсёды былі і будуць праблемы, з якімі яны прыходзяць у сельсавет. Таму стараемся зрабіць усё так, каб чалавек пайшоў без крыўды на нас.
Як лічыць Тамара Аляксандраўна, не трэба абяцаць таго, чаго выканаць не можаш, але, калі просьбу задаволіў, то ўжо слова трымай цвёрда, не падводзь.
— Няхай твой адказ некага і не парадаваў, пайшоў у разрэз з інтарэсамі чалавека, разам з тым ён будзе законным і справядлівым, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — Напрыклад, зараз даволі часта вяскоўцы звяртаюцца па пытанні арганізацыі работы вулічнага асвятлення. Многіх яно турбуе, у тым ліку і мяне. Толькі што можна паправіць, калі фінансаў бракуе на аплату за спажытую электраэнергію, на рамонт ліхтароў, на замену лямпачак. Таму і даводзіцца эканоміць, тлумачыць насельніцтву, калі з’явяцца ў Савеце грошы, сітуацыя паправіцца і з асвятленнем вуліц. Жыхары ўнікаюць у сутнасць праблемы і пагаджаюцца крыху пачакаць.
Хаця маецца і нямала зваротаў, на якія ў Мілевіцкім Савеце адразу адказваюць катэгарычным “не”. Такі выпадак адбыўся напярэдадні новага года ў Залюцічах. Дзве жанчыны выйшлі на старшыню сельвыканкама з просьбай, каб яна дазволіла правесці ў мясцовым клубе навагодняе свята. Здаецца, няма ў гэтым нічога дзіўнага, што людзі хочуць усе разам павясяліцца, каб не адна акалічнасць у гэтай гісторыі — установа культуры закрылася ў вёсцы з восені. Яе ўласнікі нават святло адключылі, каб не надарылася бяды.
— Як жа вы без святла святкаваць будзеце? — запыталася Маркевіч у жанчын.
— У нас ёсць мужчыны, яны і падключаць электрычнасць, — нераздумваючы адказалі тыя.
Наіўнасць, з якой гэта сказалі кабеты, проста шакіравала кіраўніка сельвыканкама:
— А як жа тэхніка бяспекі? Хто будзе сачыць за парадкам на вашым агеньчыку? І хто адкажа, калі надарыцца пазаштатная сітуацыя?
Вядома, што дазволу правесці мерапрыемства ў клубе атрымана не было. І не толькі таму, што ўстанову закрылі, а па прычыне захавання бяспекі людзей.
— Канечне, прыкра, што ў нашых населеных пунктах памяншаецца колькасць устаноў сацыяльнага прызначэння, і людзям няма куды падацца. Вельмі за гэта перажываю, — з сумам адзначае Тамара Аляксандраўна. — На жаль, такая рэчаіснасць нашых дзён. Але і падвяргаць жыцці людзей небяспецы таксама недапушчальна. Тым больш што звярнуліся ў сельсавет не мясцовыя жыхары, а іх дзеці, што прыехалі да бацькоў з вялікіх гарадоў.
Так, праца з людзьмі не абыходзіцца без такіх пазаштатных сітуацый. Але ў кіраўніка вясковай улады застаецца больш прыемных успамінаў ад такой дзейнасці. Вялікая колькасць добрых спраў зроблена на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі работнікамі сельсавета сумесна з жыхарамі. Перад тым, як ператварыць тую ці іншую ініцыятыву ў жыццё многа разоў даводзілася пераконваць вяскоўцаў, тлумачыць ім патрэбнасць і карысць, якая будзе ад вырашэння ўзнятага пытання. І найперш гэта тычыцца дзейнасці па добраўпарадкаванні. Чысціня і парадак на вуліцах, на грамадзянскіх могілках, ля ўстаноў сацыяльнага прызначэння, на сядзібах вяскоўцаў — усё гэта вынік той працы, што пастаянна праводзіцца прадстаўнікамі мясцовай улады з людзьмі. Зараз станоўча вырашаецца пытанне па ўстаноўцы новай агароджы на грамадзянскіх могілках у вёсцы Ёвічы. У невялікім населеным пункце, дзе ўсяго паўсотні падворкаў, зрабілі ўсё, каб у высакароднай справе прынялі ўдзел не толькі мясцовыя гаспадары, але і іх дзеці, што даўно пакінулі бацькоўскія дамы, а ячшэ нават і ўнукі. Кожны за гонар палічыў зрабіць узнос, каб набыць неабходныя матэрыялы для агароджы. Ды і ўстаноўкай заняліся людзі самастойна. Прадстаўнікі ж улады прымаюць захады, каб на могілках спілаваць старыя дрэвы.
Асабістыя сустрэчы старшыні сельсавета і яе падначаленых з насельніцтвам адбываюцца па-рознаму. У будынку сельвыканкама ладзяцца прыёмы грамадзян, працуюць інфармацыйныя групы, збіраюцца агульныя сходы жыхароў у вёсках. Дапамагаюць гэтай справе і спецыяльныя стэнды, што маюцца ў грамадскіх месцах. Неабходная інфармацыя даводзіцца да насельніцтва і праз давераных асоб, дэпутатаў. А гэтыя людзі ў сваіх населеных пунктах аўтарытэтныя і паважаныя. Але ў большасці выпадкаў мясцовая ўлада пра праблемы і запыты людзей даведваецца, так бы мовіць, у рабочым парадку. Напрыклад, прыязджаюць спецыялісты сельсавета ў населены пункт па нейкай пільнай справе, а яго жыхары ўжо спяшаюцца да прадстаўнікоў улады, каб падзяліцца набалелым. І адмовы, нягледзячы на іншую працу, не маюць. Вось так і мацуе Мілевіцкі сельвыканкам свой аўтарытэт у вяскоўцаў, якія з любым зваротам спяшаюцца ў свой Савет, бо ўпэўнены, там заўсёды прымуць справядлівае рашэнне.
Добраўпарадкаваннем прырастаць
Прыярытэтным напрамкам у сваёй дзейнасці на бягучы год выканкам Ленінскага сельсавета вызначыў далейшае добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Па словах кіраўніка адміністрацыйнай адзінкі Васіля Нямчэні, ёсць усе падставы, што з намечанымі планамі вясковай уладзе справіцца па сілах, канечне, не без дапамогі насельніцтва.
Адной з важнейшых спраў, што ў Ленінскім сельсавеце запланавалі зрабіць у гэтым годзе па добраўпарадкаванні, з’яўляецца заканчэнне абнаўлення агароджы на грамадзянскіх могілках у вёсцы Вялікія Сцяблевічы.
— Работы тут пачаліся летась, — расказвае старшыня сельвыканкама Васіль Нямчэня. — Сёлета з усім аб’ёмам іх справімся, але спыняцца не будзем. Пачнем працаваць з насельніцтвам, каб прадоўжыць добраўпарадкаванне могілак у Грычынавічах. Як ні кажы, а ўсё праводзім на людскія ахвяраванні. Яшчэ патрэбна палепшыць выгляд месцаў пахавання і ў іншых вёсках. Таму і ідзе ўлада з прапановай да людзей, падключае да гэтай справы дэпутатаў і давераных асоб.
Сапраўды, так званаму самаабкладанню насельніцтва сельвыканкам надае вялікае значэнне. Гэтыя грошы можна выкарыстоўваць на мэты па навядзенні парадку не толькі на могілках, але і ў вёсках. За іх набываецца паліва і запасныя часткі для бензакасілак, іншыя неабходныя матэрыялы, каб палепшыць знешні выгляд населеных пунктаў. Летась жыхары Савета па самаабкладанні сабралі больш за пятнаццаць мільёнаў рублёў. Першыя ўзносы паступілі ўжо і ў гэтым годзе. Яны, як расказаў Васіль Нямчэня, нязначныя. Для пенсіянераў устаноўлена сума на год трыццаць тысяч рублёў, для працуючых — пяцьдзясят. Як паказвае практыка, вяскоўцы ахвотна складваюцца, бо бачаць, што іхнія кроўныя рублі ідуць на добрыя справы.
Плануюць у Ленінскім сельсавеце сёлета канчаткова разабрацца і з пустуючымі дамамі, каб ля іх таксама быў парадак. Ужо ўстаноўлены ўсе ўладальнікі такіх сядзіб, цяпер кіраўніцтва сельвыканкама будзе дамагацца, каб нашчадкі прынялі па сваёй маёмасці рашэнне: або ўзаконьвалі яе і прыступалі да добраўпарадкавання, або пісалі заяву ў Савет на знос. Дарэчы, такіх выпадкаў за апошні час нямала. За мінулы год, напрыклад, на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі знесена 23 пустуючыя будынкі, месцы, дзе яны знаходзіліся, прыведзены ў парадак, а зямля перададзена карыстальнікам.
— Канечне, зрабіць па добраўпарадкаванні патрабуецца яшчэ вельмі і вельмі многа, — гаворыць старшыня Ленінскага Савета Васіль Нямчэня. — Але разам з тым ёсць настрой і памкненні, а самае галоўнае разуменне ў людзей, што праводзіць такую дзейнасць неабходна, і актыўней змагацца з безгаспадарчасцю і беспарадкам.
Апошняя акалічнасць найбольш радуе кіраўніка сельвыканкама. Дзякуючы ёй у вёсках павялічваецца колькасць сядзіб узорнага парадку, жыхары актыўней прымаюць удзел у грамадска-карысных справах. І ў Савеце спадзяюцца, што ў бягучым годзе гэтая тэндэнцыя не толькі захаваецца, але і ўзмацніцца.
— Зразумела, што некага прыйдзецца і падварушыць, — зазначае старшыня сельвыканкама, — але ў нас дастаткова дзейсных сродкаў для гэтага. У ліку такіх і работа нашай назіральнай камісіі. У яе поле зроку трапляюць не толькі пытанні, якія тычацца добраўпарадкавання, але і ў цэлым забеспячэння вяскоўцам бяспечных умоў пражывання. І з гэтым мы справіліся летась даволі паспяхова. Пра што сведчыць і такі факт: за мінулы год на тэрыторыі сельсавета не зарэгістравана ў домаўладаннях ні аднаго пажару.
Відавочна, сельсавецкая назіральная камісія з’яўляецца яшчэ адным станоўчым прыкладам у працы вясковай улады, якую збіраюцца сёлета выкарыстоўваць для карысці людзей, як і падтрымліваць цесныя адносіны з арганізацыямі, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі. Усё падпарадкавана адной мэце: паляпшаць добраўпарадкаванне, прырастаць іншымі добрымі справамі.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.