Наш зямляк — Мікола Котаў збіраецца разам са сваім калектывам наведаць родную Жыткаўшчыну

котовВядомы ў нашай рэспубліцы харэограф, цяпер мастацкі кіраўнік тэатра фальклору “Матуліна хата” у Мінску Мікола Котаў збіраецца разам са сваім калектывам наведаць родную Жыткаўшчыну, а таксама суседні Столінскі раён і дзіцячы чарнобыльскі фонд у Буда-Кашалёве з канцэртнай праграмай. І дапаможа тэатру ў гэтым цудоўны чалавек – пісьменнік, бізнесмен Валерый Сарока.
— Свет не без добрых людзей, — кажа Мікалай Конанавіч, — і я ў гэта веру, хто б што ні гаварыў, спасылаючыся на час. Маўляў, зараз не да высокіх матэрый. Так, дбаць пра ўласны дабрабыт трэба кожнаму. Але жыць толькі гэтым — звар’яцець можна!
Больш за тры гады назад пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна горада Мінска, у мікрараёне Малінаўка, намаганнямі нашага земляка Міколы Котава і яго аднадумцаў быў створаны і працуе народны тэатр фальклору “Матуліна хата”. Цяпер ён вядомы не толькі ў сталіцы, але і ў далёкай глыбінцы. А з чаго ўсё пачыналася? Пераехаўшы жыць у беларускую сталіцу, вялікі энтузіяст культуры Мікола Котаў, былы кіраўнік далёка вядомага ансамбля танца “Прыпяць”, адразу заўважыў, што на лавачках ля шматпавярховак, дзе жывуць перасяленцы з чарнобыльскай зоны, збіраюцца, як калісьці ў вёсцы, старыя людзі. Не могуць яны ніяк прызвычаіцца да новага, гарадскога ладу жыцця, да яго нязвыклага рытму, гулу-грукату. Маючы шмат вольнага часу, не знаюць, за што рукі зачапіць, чым заняцца. Безумоўна, заслужаны адпачынак, кватэра з усімі выгодамі — гэта цудоўна. Толькі… Учарашнія вяскоўцы, у якіх часта хоча смяяцца і плакаць душа, надта сумуюць без любых сэрцу краявідаў, без роднага ганку, калодзежа і агарода. Таму і выбіраюцца са сваіх утульных кватэр “на сяло” — на лавачку ля пад’езда, каб паразмаўляць з землякамі, успомніць аб мілым, дарагім, страчаным незваротна з-за нечаканай страшнай навалы. І чуе Мікалай Конанавіч, што часам заво-дзяць знаёмую змалку песню сваёй старонкі.
— Часта гаварыў са сваімі палескімі землякамі, — расказвае Мікола Котаў, — думалі-гадалі, як падвесяліць тужлівы настрой людзей, сабраць спеўны гурт, каб пачулі яго не толькі ў межах гарадскога двара. І, галоўнае, каб адчулі адарваныя ад бацькоўскага кута вяскоўцы, што яны цікавыя і патрэбныя не толькі сваёй перасяленскай грамадзе. Насустрач нам прыйшлі добрыя людзі з тэрытарыяльнага цэнтра, выдзелілі прасторнае памяшканне.
Былыя палешукі прынеслі сюды маляўнічыя вышыванкі, ручнікі, абрусы, тканыя посцілкі і дарожкі ўласнага вырабу. Як быццам бы цэлую вясковую хату аздобілі і перанеслі ў горад. І зручна стала тут збірацца на вячоркі-пасядзелкі, спяваць і танцаваць, узнаўляць нашы беларускія, палескія абрады і святы, што ў памяці змалку і без якіх не было паўнакроўным жыццё глыбінкі, таго ж старажытнага Турава. Прыходзьце, калі ласка, у нашу хату ўсе, хто пажадае! Мы толькі рады будзем. І пачалі прыходзіць і далучацца да глыбіннай народнай культуры многія гараджане.
Дзякуй Богу, атрымалася ўсё, як задумвалі. Нават больш таго. Народны тэатр фальклору “Матуліна хата” стаў, быццам цудадзейны магніт, прыцягальным цэнтрам для многіх жыхароў Малінаўкі. Следам за здольнымі, усё яшчэ галасістымі старэйшымі жанчынамі пацягнуліся іх дочкі і ўнукі, моладзь. Прыязджаць сталі нават з іншых раёнаў сталіцы, каб спасцігнуць мудрасць сваіх продкаў, багаты паэтычны і вобразны свет народнага мастацтва. Ахвотна ўключыліся ў творчы працэс і адчулі, якім цікавым, багатым можа быць жыццё.
Што і казаць, першыя поспехі акрылілі самадзейных атрыстаў. Дзе б яны ні выступалі альбо запрашалі ў сваю “хату” — усюды ўсхваляваныя твары гледачоў і слухачоў, падзякі, просьбы як часцей ладзіць святы, без якіх чарсцвее душа. Аднойчы замахнуліся на далёкую, але вельмі жаданую вандроўку, падрыхтавалі спецыяльную праграму “Люблю наш край”. Але як гэта зрабіць? Яны ж працуюць як самадзейны калектыў, без фінансавай дапамогі. Толькі свет не без добрых людзей: на выручку прыйшоў пісьменнік і бізнесмен Валерый Сарока. Былы вясковец, Валерый Ларывонавіч не адцураўся сваіх каранёў і вытокаў, ён па-ранейшаму любіць сяло і яго людзей. Дзякуючы яго бескарыслівай дапамозе гурт Міколы Котава і апынуўся там, дзе іх чакалі. І трэба было бачыць, як у сельскіх клубах і дамах састарэлых радасцю і надзеяй свяціліся вочы людзей, якія ў свой час аддалі ўсе сілы і здароўе дзеля таго, каб жыла і квітнела наша зямля. Не раз змахваў слязу і сам пісьменнік, які быў разам з калектывам “Матулінай хаты”…
Наш зямляк Мікола Котаў увесь час знаходзіцца ў творчым пошуку. І апошні час разам з Сяргеем Страхам яны стварылі такія цудоўныя песні як “Дранікі-бульбянікі” і “Матуліна хата”. Пра гісторыю стварэння апошняй Мікалай Конанавіч расказвае: “Мне паслала гэту песню з таго свету маці з дазволу самога Госпада Бога. Адбылося гэта на Радаўніцу, калі пасля рытуалу на могілках я прачнуўся ў тры гадзіны ночы ў сваёй рэчыцкай радні, у Котавых. Словы самі клаліся на паперу. Я тады сказаў: “Дзякуй, мама, дзякуй, нябёсы!”
Словы Мікалая Котава паклаў на музыку Сяргей Страх, які разам з жонкай Валянцінай стварыў на Жыткаўшчыне шырока вядомы сямейны ансамбль “Абібокі”. Затым заслужаны артыст Беларусі, дырыжор аркестра імя Жыновіча Аляксандр Крамко зрабіў аранжыроўку. Прэм’ера песні “Матуліна хата” ў выкананні вядомага ансамбля Белтэлерадыё “Бяседа” адбылася на першым канале Беларускага радыё.
— З новым годам і калядамі, дарагія землякі! — віншуе ўсіх нас Мікалай Котаў. — Моцы вам, вашым сем’ям, родным і блізкім! Хай шчасціць вам ва ўсім, паўсюль і заўжды!
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.