За Духоўнае адраджэнне

Мяне, як педагога, вельмі ўзрушыла навіна, што сёлетні год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры. Гэта не толькі пачэсна, але і вельмі актуальна. Сумна, што нярэдка менавіта культура застаецца на пазадворках, а стаўленне некаторых людзей да айчыннага мастацтва ў ідэале павінна быць значна лепшым і больш свядома-асэнсаваным.

index.php_-640x360

З аднаго боку, у нас працуе проста безліч устаноў культуры – тэатры, кінатэатры,  музеі, бібліятэкі, філармоніі, выставачныя залы, палацы культуры ў гарадах, мястэчках, вёсачках і г.д. Праводзіцца мноства міжнародных і рэспубліканскіх  фестываляў і форумаў. Беларуская культура арыгінальная, яе ўнікальнасць створана  ўвабранымі ў сябе традыцыямі, перададзенымі нам ў спадчыну. Мы, канешне, пастаянна  ўзбагачаліся і  культурнымі здабыткамі нашых суседзяў з Усходу і Захаду, але здолелі стварыць   свой уласны індывідуальны творчы  падмурак.

Але, на жаль, з другога боку, многія з нас гадамі, а то і дзесяцігоддзямі абыходзяць установы культуры, лічачы гэта дробязна-факультатыўным. А нявыхаваны, некультурны чалавек пачынае спажываць алкаголь, наркотыкі, запаўняючы прыгажосць сваёй душы паскудствам, прыносячы сабе і сваёй сям’і гора і боль. Мне вельмі падабаецца прымаўка сваёй яркай сатырычнай накіраванасцю: “Пустоту своей души заполнить пивом поспеши”. Задумаемся!

 Скажу больш: многія ў жыццёвых вандроўках страцілі само пачуццё асобы культурнага чалавека: сталі абыякавымі,  вульгарнымі, няветлівымі, пасіўнымі, неміласэрнымі… І як горка і балюча, што некаторыя нашы музыканты, мастакі, пісьменнікі, іншыя дзеячы культуры вымушаны дажываць свой век забытымі, у адзіноцтве…

У сваім глыбокім стрыжні Культура з вялікай літары і ёсць сур’ёзны творчы сінтэз – жыццёвага і мастацкага. Упэўнены: культура і знешні лоск – абсалютна розныя рэчы. Культура – амаль заўсёды сінонім інтэлекту, высакароднасці. За апошнія гады  інтэлект нацыі нешта пахіснуўся. Для многіх кнігу – крыніцу ведаў, граматнасці  замяніў інтэрнэт. Я нічога не маю супраць онлайн (праўда, граматнасць там кульгае на абедзве нагі!), аднак чамусьці некаторыя суайчыннікі шукаюць там не нешта разумнае, а  толькі забаўляльную прадукцыю нізкапробнага ўзроўню. Проста амаль да непрытомнасці здзіўляешся, калі некаторыя на сваіх смартфонах пачынаюць у грамадскім транспарце гутарку з народам весці… Аднак культурнага, нягледзячы ні на што, значна больш у нашым жыцці!

Добра, што ў нас пастаянна адбываюцца творчыя акцыі, якія маюць вялікі грамадскі рэзананс – уручэнне прэмій Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных, дзяржаўных прэмій дзеячам культуры і мастацтва. Дасягненню значных творчых поспехаў  адоранай, таленавітай моладзі спрыяе дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта  па падтрымцы таленавітай моладзі.

У Беларусі створаны адзіны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, у якім налічваецца звыш 5 300 аб’ектаў.  Мы клапоцімся пра спадчыну і нашчадкаў. Красамоўнымі  прыкладамі з’яўляюцца завяршэнне рэстаўрацыі Аўгустоўскага канала, Камянецкай вежы, знакамітых палацаў у Гомелі і Крычаве, ратушы ў Шклове, Сафійскага сабора ў Полацку, былога калегіума езуітаў у Пінску. А, пачынаючы з 2000 года, наша Бацькаўшчына прадстаўлена нацыянальнымі аб’ектамі ў прэстыжным спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – Мірскім і Нясвіжскім замкамі. Сусветную вядомасць набыў абрад  “Калядныя цары” Капыльскага раёна.

Знакавымі падзеямі для культуры Беларусі  з’явіліся будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, рэстаўрацыя Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускага дзяржаўнага цырка, рэстаўрацыя Магілёўскага драматычнага тэатра, палаца Паскевічаў у Гомелі, палаца Пацёмкіна ў Крычаве. Па ініцыятыве Міністэрства культуры і актыўнай рабоце Вялікага тэатра атрымалі жыццё новыя оперна-сімфанічныя праекты – навагодні баль у Вялікім тэатры, оперныя вечары ў Нясвіжскім замку, цікавым праектам стала ноч музыкі ў Белдзяржфілармоніі, значна ўзбагацілася новымі формамі ноч музеяў, якая прыцягнула тысячы наведвальнікаў. Адначасова з наданнем новага выгляду традыцыйным міжнародным фестывалям – “Славянскі базар у Віцебску”, “Лістапад”, фестываль “Беларуская музычная восень з’явіліся і цікавыя новыя фестывалі Уладзіміра Співакова і этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

Лічу, што культура – гэта перш за ўсё высокая мера чалавечнасці ў самім чалавеку. Сапраўдная культура можа навучыць нас як жыць прыгожа, увішна, шчасліва, як наогул не трэба жыць на роднай зямлі.  Гэта тое, што застаецца ў душы чалавека нават тады, калі ўсё астатняе забыта ці спаганена. Культура – гэта святло душы і шчодрасць сэрца! Вышыня культуры вызначаецца і нашымі адносінамі да жанчыны, а ў нас з гэтым таксама праблем хапае. І як тут не ўспомніць красамоўныя словы Фрыдрыха Гебеля: “Культура пачынаецца з фігавага лісточка і заканчваецца, калі ён адкінуты” …

Ніколі нельга забываць таго, што крызіс культуры ў грамадстве з’яўляецца і крызісам нашых душ.  У гэтым годзе мы будзем адзначаць 125-годдзе з дня нараджэння майго любімага паэта Максіма Багдановіча, у гонар якога мы назвалі свайго сына. Славуты прарок нашай Бацькаўшчыны так звярнуўся да нас: “Як кожны народ  мае сваю нацыянальную душу, так ён мае і свой асаблівы  склад (стыль) творчасці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Ёсць ён і ў нас, беларусаў, і мы павінны звярнуцца да яго, каб укласці што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашую паэзію свежыя сокі, каб стаць бліжэй да душы роднага народа, лепш паталіць яе духоўную смагу і ўзяцца за вялікую працу: развіццё беларускай народнай культуры”.

Наша культура  шматпланавая і неардынарная, яна аптымістычная, дае кожнаму з нас жаданне жыць і ствараць. Культура –  жывы арганізм, які патрабуе ўсё новых і новых захадаў, як па вырашэнні існуючых праблем, так і новых падыходаў да развіцця духоўнай сферы. Неабходна працаваць і над забеспячэннем сучаснымі тэхнічнымі і тэхналагічнымі сродкамі (візуалізацыя, інтэр-музеі, дыстанцыйныя экспазіцыі, электроныя бібліятэкі і г.д). Упэўнены: навукова-тэхнічны прагрэс можа і павінен актыўна працаваць разам з культурай.

У ХХІ стагоддзі мы павінны не толькі імкнуцца стаць сапраўды адукаванымі і  культурнымі людзьмі, але і стаць імі!

К. КАРНЯЛЮК,

педагог.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.