Дэталёвы аналіз сваёй леташняй дзейнасці кіраўніцтва і працаўнікі арганізацыі зрабілі сумесна на нядаўна прайшоўшым справаздачным сходзе

Наколькі плённым выдаўся мінулы год для калектыва Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм? Дэталёвы аналіз сваёй леташняй дзейнасці кіраўніцтва і працаўнікі арганізацыі зрабілі сумесна на нядаўна прайшоўшым справаздачным сходзе.
Як вынікала з выступлення кіраўніка прадпрыемства Віктара Палуянава, хаця і хапала цяжкасцей, але іх паспяхова пераадольвалі, таму і атрымалі нядрэнныя вытворчыя паказчыкі. Усе высілкі спецыялістаў, рабочых былі скіраваны на выкананне вытворчай гадавой праграмы. Згодна з ёю летась было запланавана выканаць розных работ на 26 мільярдаў 882 мільёны рублёў, па факту атрымалі 26 мільярдаў 886 мільёнаў рублёў. Больш трынаццаці мільярдаў з гэтай сумы жыткавіцкія меліяратары напрацавалі на правядзенні рамонтных і тэхнічна-доглядных работ на меліярацыйных аб’ектах. Яшчэ амаль сем з паловай мільярдаў паступіла ў скарбонку прадпрыемства ад правядзення рэканструкцый, а астатнія грошы ад іншых відаў дзейнасці, што ажыццяўлялася нават за межамі раёна.
Пра паспяховыя справы меліяратараў сведчаць і наступныя паказчыкі. За год яны ачысцілі ад кустоў і расліннасці 95 кіламетраў каналаў, амаль сто пяцьдзясят — ад забалочвання, адрамантавалі 56 тэхнічных збудаванняў, абкасілі 1219 кіламетраў каналаў, дамбаў і дарог. Дзякуючы нястомнай працы спецыялістаў і рабочых прадпрыемства сельгасарганізацыі раёна атрымалі ў сваё карыстанне амаль сямсот гектараў раней пакінутых і нескарыстоўваемых зямель. Як станоўчы момант у рабоце прадпрыемства яго кіраўнік Віктар Палуянаў назваў і тое, што за мінулы год удалося значна скараціць крэдыторскую запазычанасць, якая ўтварылася па прычыне тэхнічнага пераўзбраення арганізацыі. Набытыя новыя экскаватары, бульдозеры, іншыя машыны значна павысілі прадукцыйнасць працы, а таксама якасць выконваемых работ.
— Канечне, — не замоўчваў праблемы Віктар Васільевіч, — з фінансамі ў нас становішча было б намнога лепшым, калі б з намі своечасова разлічваліся за выкананыя аб’ёмы работ і аказаныя паслугі. Але і так дабіліся нямала. Напрыклад, па году рэнтабельнасць склала 13 працэнтаў, атрымалі чыстага прыбытку амаль паўмільярда рублёў.
Нямала папрацаваў калектыў Жыткавіцкага ПМС і над скарачэннем выдаткаў на вытворчасці. У прыватнасці, каэфіцыент па энергазберажэнні за год склаў мінус 7. На агульным паказчыку станоўча адбілася і дзейнасць па пошуку кіраўніцтвам дадатковых аб’ёмаў работ. Таму жыткавіцкія меліяратары даволі часта працавалі ў Рэчыцкім, Лельчыцкім, Лоеўскім і іншых раёнах.
Новую вытворчую праграму калектыў прадпрыемства прыняў з улікам цяперашніх рэалій. І найперш, зніжэнне на бягучы год аб’ёмаў работ да 22 мільярдаў 860 мільёнаў рублёў. Праблемным пакуль па эканамічных прычынах застаецца і пытанне з пропускам паводкі, і іншыя. Хаця, як запэўнілі на сходзе і кіраўнік, і спецыялісты прадпрыемства, каб калектыў стабільна працаваў і сёлета, будзе весціся пошук новых аб’ёмаў, актывізуецца праца па скарачэнні затрат і павышэнні прадукцыйнасці. Рэзервы для гэтага маюцца і даволі значныя.
— Мы гатовы працаваць, і не толькі ў нашым раёне, — падвёў вынік вытворчай і фінансавай дзейнасці дырэктар Віктар Палуянаў. — Калектыў падабраўся ў нас добры, дзеяздольны. За кожнага свайго падначаленага магу паручыцца і з упэўненасцю сказаць, што рабочыя і спецыялісты пастараюцца справіцца і з сёлетнімі планамі.
Кіраўнікі не кожнай арганізацыі з такой упэўненасцю адважацца выказаць давер усім сваім падначаленым без выключэння. І тыя гэта апраўдваюць высокай выпрацоўкай. За мінулы год лепшых вытворчых паказчыкаў дабіліся машыністы экскаватараў Вадзім Асіпенка, Мікалай Купрацэвіч, Георгій Чэркас, Генадзь Найдзін, Мікалай Камісар, машыністы бульдозераў і пагрузчыка Віктар Пяшэвіч, Мікалай Расада і Сяргей Чыгер.
Высока ацанілі старанні жыткавіцкіх меліяратараў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко і непасрэдны абласны кіраўнік Васіль Бруневіч, якія прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Акрамя слоў падзякі Мікалай Мікалаевіч ўзнагародзіў дырэктара прадпрыемства Віктара Палуянава і вадзіцеля Леаніда Пракаповіча ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Дзелавая размова на справаздачным сходзе працаўнікоў ПМС ішла не толькі пра вынікі мінулага года і планы на бягучы, але і пра дзейнасць, накіраваную на стварэнне бяспечных умоў на вытворчасці. Зрабіць гэта немагчыма без высокай патрабавальнасці, належнай працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. А гэтыя якасці з’яўляюцца не толькі гарантамі здароўя людзей на рабоце, але і важнымі састаўнымі выканання галоўных планаў і задач.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.