“У нас адзін шлях, каб трапіць у Еўропу, зрабіць Еўропу ў сябе”, — з такім перакананнем вось ужо больш за дваццаць гадоў паспяхова гаспадарыць на зямлі Міхаіл Шруб

шруб2“У нас адзін шлях, каб трапіць у Еўропу, зрабіць Еўропу ў сябе”, — з такім перакананнем вось ужо больш за дваццаць гадоў паспяхова гаспадарыць на нашай палескай зямлі ўраджэнец вёскі Хільчыцы Міхаіл Шруб. Пра вытворчыя дасягненні яго сялянскай гаспадаркі ведаюць не толькі ў многіх рэгіёнах Беларусі, але і далёка за іх межамі, на рынках якіх вось ужо многа гадоў карыстаецца попытам прадукцыя пад брэндам СФГ “М.Р. Шруба”.

Вучыцца ніколі не позна
За гады сваёй працы Міхаіл Рыгоравіч наведаў з дзелавымі паездкамі не адну краіну свету. Вось і напярэдадні нашай сустрэчы толькі вярнуўся з Германіі. Падчас кожнай такой паездкі беларускі фермер заўсёды цікавіцца найсучаснейшымі дасягненнямі, што прымяняюцца ў свеце для паспяховага вядзення сельскагаспадарчага бізнэсу. Па словах Шруба, наведванне спецыялізаваных выстаў, мясцовых гаспадарак значна папаўняе багаж ведаў і навыкаў, дапамагае быць у курсе агульных тэндэнцый, па якіх развіваецца галіна, і наладжваць работу на больш высокім узроўні ўжо ў сваёй гаспадарцы. Як гэта атрымліваецца ў Міхаіла Рыгоравіча, сведчаць многія яго справы. Напрыклад, яшчэ напачатку сваёй дзейнасці ён са знаёмым фермерам з Галандыі наведалі выставу сельскагаспадарчай тэхнікі. Падышлі да энерганасычанага трактара “Фэнд”. Азнаёміўшыся з тэхнічнымі характарыстыкамі машыны, у Шруба аж вочы загарэліся: адразу захацелася набыць яе. Праўда цана трактара, вобразна кажучы, добра-такі кусалася. Не па кішэні ён аказаўся беларусу. Зразумела, такая акалічнасць вельмі засмуціла. “Гэта не галоўнае, што зараз не можаш купіць такі трактар, але важней іншае, ты цяпер ведаеш да чаго патрэбна імкнуцца і ў якім накірунку рухацца”, — заспакойваў Міхаіла Шруба калега. І словы гэтыя аказаліся прарочымі. Праз год на палетках фермерскай гаспадаркі ўжо ва ўсю працаваў новы магутны “Фэнд” з усім наборам агрэгатаў, што адразу станоўча адбілася на культуры земляробства, а ў канчатковым выніку і на эфектыўнасці вытворчасці ў раслінаводстве.
шруб1Цяпер такіх высокапрадукцыйных трактараў у Шруба не меней за паўдзясятак. На машынным двары маецца многа іншых сельскагаспадарчых машын, якія даюць магчымасць мясцовым спецыялістам і механізатарам выконваць на высокім узроўні самыя складаныя тэхналагічныя аграпрыёмы, прычым, са значным павышэннем прадуктыўнасці працы, павелічэннем аддачы кожнага гектара і найменшымі затратамі. І рух у гэтым накірунку ў гаспадарчай дзейнасці фермера няспынны. У гэтым і ёсць уся сутнасць Шруба-гаспадара, які добра адчувае рэаліі часу. А яны цяпер такія: спынішся ў развіцці, страціш тое, што маеш, канкурэнты не дрэмлюць. Таму і імкнецца кіраўнік сялянскай гаспадаркі трымацца на галаву вышэй за іншых. Напэўна гэта і прыносіць сельгаспрадпрыемству штогод станоўчыя вынікі. Напрыклад, летась па папярэдніх падліках тут атрымана больш за сто мільярдаў рублёў грашовай выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. І гэта ўсяго на 3,5 працэнтах агульнараённых сельгасугоддзяў зарабілі 157 чалавек, менавіта такая колькасць спецыялістаў працуе ў М.Р. Шруба. Сярэдні заробак рабочых за гэты перыяд склаў больш за восем мільёнаў рублёў. Для параўнання, усе гаспадаркі рэгіёна за адзінаццаць месяцаў прайшоўшага года выручылі амаль 389 мільярдаў рублёў.

шрубАд поля да спажыўца
Мінулы год не вельмі спрыяў аграрыям з-за пагодных умоў у раслінаводстве. Катаклізмы прыроды паўплывалі і на вынікі работы галіны сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба. Калі параўноўваць са здабыткамі папярэдняга года, то да яго ўзроўню сабралі толькі 63,6 працэнта прадукцыі. І ўсё ж па многіх пазіцыях, нягледзячы на гэтую акалічнасць, Шруб, так бы мовіць, наперадзе ўсіх у раёне. Напрыклад, ураджайнасць зерневых — 61,5 цэнтнера. У агульнараённым зборы бульбы (5,3 тысячы тон) доля сялянскай гаспадаркі 64 працэнты, а з 10,5 тысячы тон агародніны 5,1 тысяча тон. Толькі вырасціць прадукцыю з’яўляецца паловай справы для сялянскай гаспадаркі. Тут зроблена ўсё, каб яе захаваць, давесці да таварнага выгляду і паставіць на прылавак спажыўцам. Для гэтага ў сельгаспрадпрыемстве ўзведзены некалькі сховішчаў. Апошнія штрыхі перад продажам агародніны, бульбы наносяцца на комплексе па іх захаванні і перадпродажнай падрыхтоўцы. Гэта найсучаснейшы вытворчы аб’ект, які аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем. Менавіта яно рэгулюе клімат у сховішчы, а на сартыравальных лініях буракі, морква, бульба, цыбуля праходзяць неабходныя мыйку, ачыстку каліброўку, фасоўку. Усе аперацыі выконваюцца з ювілірнай дакладнасцю. Вялікае значэнне пры гэтым надаецца знешняму выгляду тавара. Як зазначыў Міхаіл Рыгоравіч Шруб, спажывец спачатку ацэньвае яго знешні выгляд, і толькі пасля смакавыя якасці. Улічваюцца і фінансавыя магчымасці чалавека. Таму агародніна раскладваецца ў тару ад кілаграма і намнога болей. Штодзённа тавар развозіцца па гандлёвых кропках розных гарадоў, з якімі наладжаны даўнія партнёрскія сувязі. Лепшая рэклама фермерскай прадукцыі, якая пастаўляецца на прылаўкі, яе высокая якасць. І гэта не менш важная састаўная паспяховай працы сялянскай гаспадаркі. Дарэчы, у бліжэйшых планах Міхаіла Шруба адкрыць на комплексе цэх па засолцы і заквасцы агародніны. Зноў жа, усё будзе адпавядаць самым перадавым стандартам.

Прырастаць надоямі і прывагамі
Знакавай падзеяй у жывёлагадоўлі сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба летась стала аднаўленне вытворчасці малака. Зразумела, што да гэтага грунтоўна рыхтаваліся. На малочнатаварным комплексе, разлічаным на ўтрыманне тысячы кароў, правялі рэканструкцыю фермскіх памяшканняў, пабудавалі даільна-малочны блок, які аснасцілі найноўшым абсталяваннем. Цялушак вырасцілі з тых цялят, што закупілі ў насельніцтва. Назапасілі і дастатковую колькасць кармоў. І справа, як кажуць, пайшла. За прайшоўшы год у гаспадарцы ў разліку на адну карову надаілі па 5200 кілаграмаў малака. Перапрацоўшчыкам прадалі 3160 тон прадукцыі, пры таварнасці 97 працэнтаў. Асноўным тут партнёрам стала акцыянернае таварыства “Савушкін прадукт”. Сярод вытворчых дасягненняў жывёлаводаў сялянскай гаспадаркі нельга не адзначыць і таго, што малако на перапрацоўку імі рэалізоўвалася летась толькі гатункам “экстра”.
Вялікія планы па развіццю малочнай галіны стаяць і на гэты год. Напрыклад, продаж прадукцыі плануецца давесці да пяці тысяч тон. І да гэтай мэты працаўнікі фермы ідуць даволі ўпэўнена. На цяперашні час штодзённа пастаўляецца на перапрацоўку ў фізічнай вазе 10,5 тоны малака, у заліковай гэты паказчык складае больш за трынаццаць тон. Зрабіць адразу вялікі скачок у вытворчасці малочнай прадукцыі на МТК сялянскай гаспадаркі плануюць у тым ліку і за кошт паляпшэння прадуктыўнасці дойнага статка, дзякуючы добра адладжанай рабоце па яго ўзнаўленню. Шлях правераны, удала апрабаваны на свінагадоўлі. За час дзейнасці ў гаспадарцы свінакомплексу гадавая рэалізацыя з яго мяса вырасла з тысячы тон да тысячы трохсот сарака. І гэта пры ранейшых вытворчых магутнасцях структурнага падраздзялення. Рост прадукцыі адбыўся з-за таго, што завезлі з-за мяжы элітнае матачнае пагалоўе, і давялі колькасць апаросаў ад кожнай свінаматкі да 2,4 у год. А вось высокаўдойных кароў вырошчваць у гаспадарцы узяліся самі. Для чаго выкарыстоўваюць быкоў канадскай селекцыі. Таму павышаць прадуктыўнасць і павялічваць надоі мяркуюць адначасова. Кіраўнік гаспадаркі спадзяецца, што праз чатыры-пяць гадоў надой ад адной каровы павысіцца да васьмі тон.

Чацвёрты вектар
Пра гэты від дзейнасці сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба жыхарам раёна вядома найбольш. І яе развіццё ў многім фарміруе імідж прадпрыемства. Многія з жыхароў райцэнтра наведваюць гандлёвыя кропкі фермера, адпачываюць у яго ўтульным кафэ “Будзьма”. Усіх пакупнікоў здзіўляюць тут культура абслугоўвання, шырокі асартымент тавараў, большасць з якіх уласнай вытворчасці. Развівае Міхаіл Шруб і агратурыстычны напрамак. Гэта таксама гаворыць аб тым, што не хлебам адзіным жыве гэты чалавек, ён неабыякавы да таго месца, дзе пражывае, і хоча, каб аб малой радзіме ішла добрая слава. Таму многае зроблена фермерам не толькі па добраўпарадкаванні сваіх вытворчых аб’ектаў, але і той зямлі, што забяспечвае яго дабрабыт, дазваляе самарэалізавацца ў абранай нялёгкай справе. Прыгожая наберажная ў Тураве, грамадская лазня там жа, прыстойныя бытавыя ўмовы на фермах і ў гаражы, салідны сацыяльны пакет для працаўнікоў гаспадаркі — усё гэта яскрава пацвярджае вышэйзгаданае. І такімі ўчынкамі Міхаіл Шруб таксама будуе ў палескай старонцы квітнеючую Еўропу.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.