Вынікі, якімі ганарацца на Жыткаўшчыне

дояркиУ калектыве малочнатаварнага комплексу “Пасека”, які належыць камунальнаму сельгаспрадпрыемству “Коленскае”, працуюць нямала маладых жывёлаводаў, што паказваюць узоры прафесійнага майстэрства, дбайных і старанных адносін да даручанай справы. У ліку такіх  Наталля Савельева і Марына Сакула. Плёну вытворчай дзейнасці гэтых дзяўчат могуць пазайздросціць і аператары па вырошчванні маладнячку з даволі салідным стажам работы. Для прыкладу, па выніках работы за  мінулы год гадаванцы, якіх даглядалі Марына Сяргееўна і Наталля     Леанідаўна разам са сваімі калегамі Людмілай Шляга і Алесяй доярки4Арцемьевай, штосуткі прыбаўлялі ў вазе па 793 грамы. За студзень бягучага года гэты паказчык працаўніцы здолелі давесці да 876 грамаў.

За якую работу не бяруцца дзяўчаты, у іх аж гарыць усё ў руках. Хаця клопатаў і абавязкаў у цялятніц зашмат. Як ні кажы, а больш за дзвесце галоў маладнячку даглядаюць. І кожнае цяля патрэбна накарміць і напаіць, пачысціць у клетках. Па атрыманых прывагах добра відаць, што са сваімі абавязкамі спраўляюцца паспяхова.  Нядрэнных вытворчых паказчыкаў дабіваюцца і цялятніцы Лілія Міхава і Аксана Цярэшчанка.

— Менавіта дзякуючы прафесіяналізму нашых жывёлаводаў, у сукупнасці з добрай кармавой базай на вырошчванні маладняку мы маем сярэднясутачныя прывагі не меней за сямсот грамаў, — расказвае начальнік малочнатаварнага комплексу Таццяна Калініна. — Усяго ў нашым падраздзяленні ўтрымліваецца на цяперашні час 850 галоў цялят розных узростаў, таму нагрузка на аператараў даволі немалая.

Добрыя паказчыкі ў мясцовых жывёлаводаў не толькі па вырошчванні маладняку, але і ў вытворчасці малака. За мінулы год на комплексе ад адной каровы надаілі ў сярэднім па 5190 кілаграмаў малака. У параўнанні з папярэднім прыбаўка склала амаль 150 кілаграмаў.

доярки3— Тон у вытворчасці малака ў нас задаюць вопытныя і спрактыкаваныя працаўнікі, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна Калініна. — Найперш, хочацца адзначыць працу Івана Андыка, Алены Саскевіч і Надзеі Рагалевіч, якія намнога пераўзышлі сярэднегадавы  паказчык па надою ад каровы.

Падчас наведвання комплексу ўдалося сустрэцца з гэтымі перадавікамі, пагутарыць аб іх працы. У сваіх меркаваннях яны былі адзінадушнымі.

— Каб мець выдатныя паказчыкі патрэбна любіць сваю работу, з душой адносіцца да жывёлы, тады і аддачу атрымаеш ад яе адпаведную, — расказвае пра сакрэт свайго поспеху Надзея Рагалевіч

Гэтае перакананне ў яе склалася за 28 гадоў працы ў жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства. Кожную карову з замацаванай за ёй групы жанчына ведае па клічцы, інтуітыўна адчувае настрой жывёлы, фізіялагічны яе стан. А гэта пяцьдзясят галоў. Калі патрэбна дапамога, адразу звяртаецца да ветэрынара. Адной з састаўных у выніковай дзейнасці Надзеі Анатольеўны з’яўляецца і тое, што пры раздачы канцэнтратаў яна цвёрда прытрымліваецца дыферэнцыраванага падыходу. Таму каровы, сутачная малакааддача якіх больш за трыццаць кілаграмаў у суткі, атрымліваюць спажыўнага корму намнога болей, чым тыя, што знаходзяцца ў запуску. Вопыт і старанне жанчыны і прыносяць карысць. За мінулы год надой ад каровы па яе групе склаў 5427 кілаграмаў.

На важным участку вытворчасці малака заняты Іван Андык і Алена Саскевіч. Яны заняты раздоем цялушак. Леташняе іх дасягненне 6010 кілаграмаў ад адной галавы.

— Канечне, праца ў нас нялёгкая. Прывучыць цялушку да апарату якіх высілкаў вымагае. Таму наша сіла ў цесным супрацоўніцтве. Ды і тое, што Іван Іванавіч у гэтай справе  спецыяліст вельмі спрактыкаваны, заўсёды дапаможа, таксама адбіваецца на выніках нашай дзейнасці, – расказвае Алена Мікалаеўна Саскевіч. – Мы ж добра разумеем, чым якасней правядзем раздой, тым большая прадуктыўнасць каровы будзе ў будучым.

Вось такія адданыя абранай справе людзі працуюць на малочнатаварным комплексе “Пасека”. Таму і паказчыкі тут радуюць. На цяперашні час надойваюць ад каровы амаль па чатырнаццаць кілаграмаў малака. У сукупнасці гэта восем тон штодзённа, з якіх сем пастаўляецца на перапрацоўку. Прычым усё малако, якое адгружаецца на камбінат, залічваецца гатункам “экстра”. Зразумела, каб мець такія станоўчыя вынікі, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства нямала папрацавала над рэканструкцыяй комплексу, дзякуючы чаму зараз большасць вытворчых працэсаў механізаваныя. А яшчэ, як зазначыла начальнік структурнага падраздзялення Таццяна Калініна, у апошнія гады няма праблем з кармамі, таму і дабіваюцца працаўнікі з кожным годам усё больш важкіх прываг і надояў.

Сяргей БЕЛКА.

Фота Аляксандра КІЦУРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.