Вясновыя клопаты

сельхоз1З кожным сакавіцкім днём усё даўжэй на небе затрымліваецца сонейка, усё больш цяпла яно дасылае на зямлю. Для земляробаў гэта найпершы знак, што хутка патрэбна выводзіць тэхніку на палеткі. З адказнасцю да гэтага моманту ставяцца і ў КСУПе “Чырвоны Бор”, дзе на бягучую вясну запланаваны вялікі аб’ём палявых работ. У гаспадарцы прымаюцца вычарпальныя захады, каб правесці іх паспяхова. Самае галоўнае, што гатовы да будучай працы не толькі матэрыяльна, але і псіхалагічна.
Галоўнаму аграному сельгаспрадпрыемства Васілю Макарэвічу не трэба тлумачыць сэнс народнага выслоўя пра веснавы дзень, які год корміць. Як ні кажы, а ў спецыяліста за плячыма некалькі дзясяткаў вынікова праведзеных палявых кампаній вясной. Ён добра разумее, што прамарудзіш на старце, потым вельмі цяжка наганяць упушчаны час, каб укласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Таму Васіля Пятровіча у гэтыя дні вельмі цяжка застаць у адным месцы, ён то на палетках знаходзіцца, то ў складах, то на машынным двары. Яму ўсюды трэба паспець і праверыць асноўныя вытворчыя працэсы, каб у поле мясцовыя земляробы выйшлі максімальна падрыхтаванымі. У першыя сакавіцкія дні клопатаў у агранома хапае. Падчас наведвання гаспадаркі Макарэвіч быў на машынным двары. Прывяла яго сюды пільная патрэба: пачалі падкормку мінеральнымі тукамі траў, але крыху падламаўся РУМ. Вось агранома і цікавіла, наколькі хутка механізатар Анатоль Макарэвіч (на здымку 1) са сваімі памочнікамі справяцца з паломкай, каб працягнуць пачатую работу.
сельхоз2— Не хвалюйцеся, Пятровіч, — звярнуўся да спецыяліста Анатоль Рыгоравіч, — зараз усё ў парадку будзе. Вызначайце ўчастак работы.
Засяродзіў на гэтым увагу механізатар невыпадкова. Як потым патлумачыў аграном, глеба яшчэ моцна пераўвільготнена, таму даводзіцца працаваць выбарачна і толькі на травах.
— Паглядзіш на палетак, здаецца і высокі, і сухі, а тэхніка грузне, — расказвае Васіль Пятровіч. — Каналы поўныя вады, вось чакаю спецыялістаў з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, каб разам з імі адкрыць шлюзы, каб хутчэй падсыхала глеба.
— Сапраўды вады на палях яшчэ шмат. Быў дзень, што РУМ так “засеў”, ледзь у тры трактары выцягнулі, — падключыўся да размовы і Анатоль Макарэвіч. — Але ж без справы не сядзім, паціху ўцягваемся ў работу.
Адным з самых ажыўленых на цяперашні час участкаў будучага пасяўнога канвеера з’яўляецца вывазка арганікі. Гэты працэс не спыняўся ўсю зіму. На палеткі за гэты час мясцовыя механізатары даставілі 22 тысячы тон арганічных угнаенняў. сельхоз3І зараз яны не марудзяць на трасах урадлівасці. Штодня на палеткі вывозіцца па дзвесце і болей тон гною. Зладжана ў дзень наведвання гаспадаркі працавалі на важным вытворчым участку механізатары Яўген Ханеня, Міхаіл Акунец (на здымку 3) і іншыя.
Галоўны аграном жыве клопатамі не толькі пра сяўбу яравую, але яшчэ і турбуецца пра стан азімых пасеваў і гэта зразумець няцяжка. Менавіта з азімых каласавых фарміруецца найбольшы аб’ём гаспадарчага каравая. Таму вельмі баліць сэрца ў Васіля Макарэвіча, калі падчас абследавання пасеваў вызначае ўчасткі з іх гібеллю.
— Зерневыя ў цэлым нядрэнна перазімавалі, чаго не скажаш пра рапс, — адзначыў спецыяліст. — Гэтая культура ў нас загінула на працэнтах дзевяноста плошчаў. Таму будзем старацца даць мінеральнае харчаванне пасевам азімых каласавых, каб яны хутчэй пайшлі ў рост. Для гэтага маем і ўгнаенні, і машыны для іх унясення, якія гатовыя ўключыць у работу. Рапс перасеем кукурузай.
сельхоз4Вось такая стратэгія ў агранома наконт азімага кліну. Што тычыцца яравой сяўбы, то зерневымі ў гаспадарцы намераны засеяць трыста гектараў, тысячу — кукурузай, і пяцьсот — аднагадовымі культурамі на корм жывёле.
— Практычна ўсё, што ад нас залежыць мы зрабілі: адрамантавалі тэхніку, зрабілі невялікі запас мінеральных угнаенняў, на жаль, існуе праблема з фосфарам. Ачысцілі насенне, цяпер вядзем яго пратручванне, — расказвае Васіль Макарэвіч пра ход падрыхтоўчых работ. — Гэтая адказная справа ляжыць на плячах майго маладога памочніка Алены Царык (на здымку 2), таксама агранома па спецыяльнасці.
Макарэвіч сваім калегам вельмі задаволены. Хаця ў дзяўчыны толькі другая пасяўная, але да сваіх абавязкаў яна ставіцца вельмі адказна. У КСУП прыйшла па размеркаванні пасля заканчэння Палескага сельскагаспадарчага коледжу. Алена не хавае радасці, што ёй выпала рабіць першыя крокі ў прафесію пад кіраўніцтвам такога вопытнага і спрактыкаванага спецыяліста як Васіль Пятровіч.
— Больш упэўненай сябе адчуваеш на працы, калі дакладна ведаеш, што ёсць каму падказаць, як лепей арганізаваць справу, — гаворыць Алена Царык. — Увогуле мікраклімат у нашым сельгаспрадпрыемстве добры, спецыялісты і механізатары з паразуменнем і адказна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў. У такой абстаноўцы вопыту набіраешся намнога хутчэй і работа спорыцца лепей.
Нельга не адзначыць, што для кіраўніцтва КСУПа “Чырвоны Бор” стварыць умовы для прафесійнага росту маладых спецыялістаў застаецца задачай назвычайнай важнасці. У гаспадарцы разумеюць вельмі добра, што ад кадравага патэнцыялу залежаць многія поспехі на грамадскіх фермах і палетках. І ў апошні час іх становіцца ўсё больш. Ды і бягучай вясной, у гаспадарцы ўпэўнены, усё пройдзе, як трэба.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.